Выбрать главу

— І «ожгу» не крычы, — сказаў Кірдун. — За гэта атрымаеш яшчэ чацвяртную, сто будзе.

— Як бы рука не сарвалася.

— Сарвецца — не атрымаеш.

— Ты яму хто?

— Табе не ўсё адно?

— Усё адно, — згадзілася быдла. — Добра. Пастараюся.

Непрыкметна агледзелі астрог. Не, уцячы адсюль было нельга. Прынамсі, за такі кароткі тэрмін, які мелі яны. Дый мясцовасць нязручная. Па гэты бок заставы, за кардэргардыямі, у якіх жылі саладаты і «мацальшчыкі»*, цягнуліся да самага астрога гароды, цяпер яшчэ пустыя і сям-там нават паплямаваныя апошнім снегам.

* Мацальшчыкі торкалі прутамі ў вазы з сенам, каб праверыць, ці не вязуць у Маскву «неадкупнога» віна.

Затое ўсе ўзрадаваліся, знайшоўшы «нелегальны» праезд цераз вал, бліжэй да Мар'інай рошчы. Калі б перастрэлі на дарозе — тут лёгка можна было б праслізнуць у Маскву, каб адседзецца.

Трэба было цяпер падумаць аб прыстанку ля Рагожскай заставы, дзе можна было б пражыць апошнія дні перад этапам. Спыталі ў Чыўіна, сказалі, што хочуць выехаць на нейкі тыдзень без слуг, а іх пасяліць у кагосьці на Рагожскай, бо адным ім займаць месца ў тракціры і гасцініцы нязручна. Стары атрымоўваў ад Алеся шмат і таму, не пытаючыся асабліва, пачаў думаць.

— Ды вось, чаго лепей. Ля палявога двара, дзе звярыная траўля Івана Багатырова. Знойдзе ён для людзей пакойчык — не адмовіць мне.

Паехалі да Багатырова. Зямля падсыхала ўжо. Нябачныя жаўрукі звінелі ў свежым небе. Прыемна было ехаць у адкрытай брычцы, заплюшчыўшы вочы і падстаўляючы праменням твар.

— Што за чалавек гэты Багатыроў? — спытаў Алесь.

— Рукамясло ў яго дзіўнае, князь. Сырэйнае завядзенне. Шкуры здзіраюць. З быкоў заразных, з быкоў хворых ці задуменных. Там у яго хаты, пуні, салатопкі. Здымае ён шкуры і з коней і з мядзведзяў, ваўкоў, іншых розных. Але тут справа не ў гэтым. Галоўнае — «траўля».

— А гэта што?

— А гэта круг сажняў на трыццаць, ды вакол яго крэслы, адны вышэй другіх. Цкуюць там ваўкоў, мядзведзяў ці быкоў.

— Быкоў нашто?

— А так бывае, што бугай на бойні атрымае молатам у лоб, але сцегавец, бервяно на слупах, выдзярэ і ўцячэ. То вось тады цкуюць. А сабакі розныя. На ваўка — ваўкарэзы. На мядзведзя — медэлянскія. Ёсць такія, што адзін на адзін мядзведзя бяруць. Сем пудоў вагі, аршын два вяршкі росту, сем чвэрцяў даўжыні да хваста. А калі не бярэ, то ў дапамогу — мардаша. Такія сабакі ў Івана… А на быкоў добрыя псы ў таганца, у Сіліна Паўла Сямёнавіча. Вось і цкуюць. Публікі часам збіраецца тысячы тры — любяць гэта масквічы.

— Паляванне лепей, — сказаў Алесь. — Ды я цяпер амаль і не палюю.

— Каму як, — сказаў Чыўін. — Каму паляванне, каму цкаванне да брыдкасці. Аднойчы да Багатырова афіцэры марскія прыехалі. Гэта пасля Свістопаля было, і разбэшчаныя яны тады былі — да немагчымага. Як жа — гір-роі. З бітым задам. Ну, а мядзведзя цкуюць вядома як. У крузе два бервяны крыж-накрыж, закапаныя ў зямлю. На скрыжаванні кальцо, а за яго — канат даўжынёй аршын у пяць-шэсць. А на канаце — мядзведзь. А ў крузе сам Багатыроў, а ля яго хлопцы з Новай Вёскі, што яго слухаюцца, ды ўсе з падважнікамі ў руках: часам на мядзведзя, а часам і на публіку. І пачалі афіцэры шкандаліць, бо п'яныя і ўзбуджаныя: «Багатырова цкаваць! Бараду яму выдраць!» Сунімалі іх па-добраму — нічога. Станавога яны прагналі. Палкоўніка Калашнікава, паважанага чалавека, і таго не паслухалі. Тады ідзе да іх Дзмітры Вялікі з Новай Вёскі, першы на Маскву кулачнік. Маракі яму крычаць: «Прэч!» А той ім: «Гэта і нам, мужыкам, дараваць нельга, а не тое што высакародным». Тут адзін з маракоў Дмітрыя Вялікага — за бараду. Той аж збялеў. «Не, — кажа, — бары! Па-нашаму не так». Ды ў ахапак таго, ды ў круг, да мядзведзя. Публіка тады — да Дзмітрыя. Ды новавяскоўцы з падважнікамі — у абарону. Як пачалі іх біць. Тыя — уроссып, на поле, на шашу. А за імі багатыроўцы, ды падважнікамі, падважнікамі. Збілі да апошняга. На полі — як Батый прайшоў. Смяхоцце! І нічога, ніякага суда. Выпілі толькі потым бітыя з тымі, хто біў. Смяяліся шмат… Новавяскоўцы гэтыя такія разбойнікі: на кожным двары шыбеніцу стаў — не памылішся.

Тройка спускалася ў невялічкі яр.

— Унь там, злева, за заставай яна ляжыць. Новая Вёска, а па-культурнаму Новая Андронаўка. Дарожка тут — у-у. Народ смелы, ні д'ябла не баіцца.

Даволі далёка бачныя былі саламяныя стрэхі. За імі — будынкі манастыра, запушчаныя, з абдзёртымі дрэвамі.

— Усясвяцкі, жаночы, — сказаў Чыўін. — Новаблаславёнага сагласія. Прыемле свяшчэнства ад ніканіянскай царквы.

— Можа, «дзявочы»? — спытаў Алесь.

— Жаночы, — націснуў на слове Чыўін. — Самае б… месца.

Адразу за манастыром свежай плямай хвоі зелянеў на шэрым аненгофскі гай.

— Мужыкі яго ў адну ноч дарослымі дрэвамі пасадзілі, — сказаў Чыўін. — Для імператрыцы Анны. А цяпер там між дрэў сцерво валяецца ды рознае смецце. А унь там — палявы двор, рэчка Сінічка, а за ёю поле, а за ім Ізмайлаўскі звярынец, аж да самага Ласінага завода.

Алесь і сам бачыў дзівосны лес. Прыкінуў — да Ласінага завода сама меней вёрст трыццаць. І тут жа шаша. І надзвычай зручнае месца для засады і ўцёкаў…

«Тут і зробім», — падумаў ён, а ўголас спытаў:

— Жылыя дамы ля звярынца ёсць?

— Толькі лабараторыя, палявы гэты двор, ды дача графа Шантрана*, ды цераз шашу ад двара, багатыроўскае паселішча.

* Графа дэ Шамбаран.

«Тут», — канчаткова вырашыў Загорскі.

Багатыроўская «траўля» ўжо ўстала на даляглядзе (шэрыя хаты, двары, высокія платы, коміны салатопняў), калі адбылося нешта нечаканае.