Выбрать главу

— Не, — сказаў Багатыроў. — Цяпер ужо не я ягоны гаспадар. Пёс ужо два гады крыўдуе на ўсіх тут. Калі ён пачаў драхлець — я яго, барын, не выпусціў на чарговае цкаванне Ён тры дні не еў. Потым пачаў браць з рук Паўлухі: зразумеў, што дзіця невінаватае-с. Але ён цяпер нікога не слухаецца. То бо слухаецца, калі скажуць: «Хадзі сюды» або «Не руш», але ў сур'ёзным не слухае. Пакрыўдзіўся-с.

Я пусціў яго аднойчы вось так, на быка, — не йдзе.

Лебедзь адвараціў ад яго пацёртую, нібы молем трачаную, морду і пацягнуўся да Алеся.

— Бачыце-с? Не ўздумайце з Галубым. Не дазволю-с.

— Мне яшчэ з вамі трэба пагаварыць наконт вашых людзей, — угневаўся раптам Алесь. — Ды толькі я не хачу пры дзіцяці.

Багатыроў звузіў вочы. Прыпухлыя павекі леглі на іх. І раптам замест «гаспадара» сярэдняй рукі, апранутага як небагаты купец, глянуў на Алеся «сакалінец», чалавек, які з ахвотаю дзёр бы шкуру не з быдла, а з кагосьці іншага, выскачыўшы з-пад моста.

Рука пацягнулася да нашыйніка сабакі. Алесь спакойна, каб не спалохаць дзіця, паклаў сваю руку на запясце Багатырова, сціснуў.

Хвіліну ішла непрыкметная барацьба. Потым твар жывадзёра наліўся крывёю.

— Не думаў, — ціха сказаў ён. — Ну, дык што?

— Сёння вашы людзі…

— Пусціце-с маю руку.

Алесь пусціў.

— Думалася мне, у вас костка танчэйшая-с.

— Яны таксама думалі, — сказаў Алесь.

— Хто?

— Сноп, Міхайла, Шчалканаў. Дваіх не ведаю.

— Дзе яны?

— Пэўна, ляжаць у яры.

— Як, зусім?

— Не думаю. Я не ўжываў ніякай зброі.

Багатыроў уздыхнуў.

— То што вы хочаце-с?

— Перш за ўсё адашліце адсюль хлопчыка. Не цягайце яго па гэтай брыдзе. Яму тут не месца. І жыць ён будзе, спадзяюся, у іншыя часы.

Жывадзёр маўчаў. Ён, відаць, вагаўся між гневам і ўсведамленнем слушнасці словаў невядомага.

Чым бы гэта ўсё скончылася — Бог ведае. Але ў гэты момант ваўтузню і хрыпенне ў крузе заглушылі крыкі несамавітага жаху.

…Бык — на яго спусцілі яшчэ чатырох сабак,і тыя абляпілі ўсю яго галаву, прыціснулі яе да зямлі — раптам ускінуўся. Ён не хацеў біцца. Ён хацеў аднаго — свабоды. Тыя не разумелі гэтага — тым горш.

Бугай з цяжкасцю ўзняў галаву. Цела ягонае дрыжала. Ён зрабіў крок, другі, а потым кінуўся насустрач гэтай свабодзе ўсё хутчэй і хутчэй.

Ён ляцеў на дзверы, што вядуць у круг. Ляцеў, цягнучы за сабою, па пыле, сабак. Ляцеў, як таран, прыбавіўшы да сваёй вагі яшчэ трыццаць пяць пудоў, што віселі на ягоным карку, вушах, баках. І ўсёй гэтай вагою ён ударыў у палавінкі брамы.

Брама абурылася. Два сабакі, скінутыя ўдарам аб шулы, адваліліся, енчылі на зямлі. Чорны таран кінуўся куды глядзяць вочы. Сабакі калаціліся на ім,а ён то скакаў з усіх чатырох ног у паветры, то зноў бег.

Быдла, якое толькі што выла, раўло і стагнала ад захаплення, трэсла кулакамі ў паветры і юрліва вадзіла вачыма па лужынах крыві, — кінулася хто куды. Тапталі адзін аднаго, мітусіліся, бегалі, між іх лётаў, трасучы галавою, гнеўны, як Пярун, і рыклівы, як Пярун, бык.

Ямшчыкі і фурманы, кінуўшы седакоў, пачалі нахвостваць коней па дарозе на Маскву, а за імі каціўся шэры натоўп, крычучы ад жаху.

Самыя жорсткія, як заўсёды, выявіліся самымі баязлівымі. Скора поле, дзе — на шчасце — не засталося ніводнага забітага (бык быў не тым заняты), апусцела. Валяліся толькі перакуленыя крэслы і лавы ды стаялі нашы прыезджыя, Багатыроў з сынам і яшчэ два-тры чалавекі.

А па полі, як грамавы молат, імчаў бык, аблеплены сабакамі. Ён скідаў іх, а яны зноў кідаліся на яго. Урэшце два з іх, енчачы, адступіліся. На вушах звера, па-ранейшаму, віселі толькі Бушуй і Галубы, падымаючыся і апускаючыся ад бурхлівых, бы з кавальскага меха, уздыхаў быка.

І тады бык павольна, відаць, з апошняй сілы, пайшоў да шашы. Ён мінуў сухі ўзгорак і, правальваючыся ў вільготную, яшчэ халаднаватую гразь ворыва, цягнучы за сабой сабак, пайшоў, як і раней, насустрач свабодзе.

Брук шашы льсняна блішчаў перад ім. Яго, быка, прывялі сюды па гэтым бруку грубыя прасалы, трымалі некалькі дзён на паляўшчыне, а потым прывялі сюды. Недзе там, у канцы гэтага бруку, засталіся падталыя з сонечнага боку стагі саломы, лінная поўсць на слупах агароджы, працяглы вясенні рык кароў.

Вачыма, затуманенымі стомай, ён цьмяна бачыў, што па шашы рухаецца шэрая маса, а над ёю нешта блішчыць. І ён думаў, яму хацелася так думаць, што гэта ідзе яму насустрач родная, пахнучая малаком чарада і рогі блішчаць на веснім сонцы. І таму ён ішоў проста напярэймы гэтай чарадзе.

Чарада была чарадой, але не чарадой жывёлы. Ва ўсякім разе, не чарадой той жывёлы, якую хацеў сустрэць бык.

— Салдаты, — раптам нема закрычаў Багатыроў. — Салдаты на шашы.

— Ды што такога? — спытаў Чыўін.

— Застрэляць. Застрэляць быка і сабак. Чорт з імі, з быкамі! Бушуюшка! Гал-лубушка!

— Чорт з імі, з сабакамі, — сказаў раптам нечы голас. — Вось бык — гэты заслужыў… заслужыў свабоду.

Алесь глянуў туды і ўбачыў сівога старога ў палкоўніцкім мундзіры і ў шынялі, накінутым паўзверх яго. Стары чымсьці нагадваў яму дзядзьку Яроцкага.

— Крычыце ім, крычыце ім, пан Калашнікаў. — На вачах Багатырова была вільгаць. — Крыкніце ім, каб не стралялі!

— Далёка, — сказаў палкоўнік.

Бык ішоў, правальваючыся ў гразь. Згінаўся ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо не нагамі, а бакамі цягнуліся па гразі псы.

Але ён ішоў. Над ягонай галавою звінелі ў сляпучым ззянні жаўрукі, і ён ішоў насустрач ім, з апошняй сілы цягнучы на карку свой крыж.

— Мяснікі! Хлопцы! Стрэльбы! Страляйце ў яго! — крычаў Багатыроў.

— Татка, не трэ…!!!

А бык ішоў. Жаўрукі звінелі ў ззянні, і ён ішоў да іх. Ішоў да добрай шэрай чарады, што рухалася па дарозе. Да добрай шэрай чарады, што стала прыветна махаць бліскучымі рагамі, убачыўшы яго.

Зараз ён далучыцца да іх, пойдзе з імі. Далёка-далёка, дзе цёплае сена і дзе няма сабак.