«Закон — не абавязковы для кожнага. Закон — пудзіла для народа».
А шкада, што паўстанне не будзе пэцкаць рукі! Шкада! Кожны з такіх павінен чакаць адплаты — толькі гэта іх і можа стрымаць: веданне, што нават пасля смерці іхнія косткі з магілы выкінуць.
Сорак год назад пачаў кар'еру з таго, што загадаў адхвастаць аднаго гарадскога галаву. Нават цар не ўхваліў. А потым пачалося вугорскае паўстанне.
…Так, яго прызначылі ў Маскву якраз у сорак восьмым — памяць не падводзіць. Як божы пярун на нявінныя гурткі асвечаных і ў меру вальнадумных цялятак.
— Распусціліся. Франдуюць. Трэба падцягнуць… Ведаю, буду за Закрэўскім, як за каменным мурам.
Так сказаў цар. І меў рацыю. За адзінаццаць год не было бадай ніводнага абывацеля (з тых, хто не належаў да эліты), які выйшаў бы ад графа без распяканцыі з памінавеннем бацькоў і асабліва роднай матухны.
Выкліча, морыць ледзь не цэлы дзень у прыёмнай, а потым накінецца адразу, не слухаючы ніякіх апраўданняў, лічачы, што абвінавачванне ўжо даведзена, і, ніколі бадай не выслухаўшы, — прысуд. Высакародных — цераз вуліцу, у Цвярскі ўчастковы дом, а там і далей, у Волагду ці Каргапаль.
Кроў, прынамсі, пяцідзесяці чалавек на руках. То якія такія «вышэйшыя меркаванні», якая «высакароднасць мэты» можа абяліць такога, можа перашкодзіць назваць яго сапраўдным імем «злачынцы супраць чалавека» і «забойцы»?!
«Чаго мая нага хоча». І людзі так баяцца вось такога, што адзін, невінаваты, ад удару памёр, калі выклікалі. А ён дачцэ даў пісьмовы дазвол другі раз выйсці замуж, не разводзячыся з першым мужам. Ледзь не ўцягнуў Расею ў канфлікт з Грэцыяй: палічыў грэчаскага консула ў поўнай форме за шталмейстара і цыркача Сулье, які хадзіў у расшытым золатам турэцкім мундзіры і напярэдадні прасіў у Закрэўскага аб дазволе на выступленні. А палічыўшы, крыкнуў консулу (бо спяшаўся на вялікі пажар, аматарам якіх быў):
— Пляши, сукин сын, скачи, прыгай! Разрешаю, так твою и разэтак!
Дорага ж каштавалі гэтай няшчаснай Маскве гады яго адміністрацыйнага захаплення. Расперазаўся, сатрап. Наконт рэформы толькі й сказаў: «У Пецярбургу глупствы задумалі».
— Ваш рамізнік едзе, — сказаў купец.
Са снегавой сеткі набліжаўся экіпаж. На шчасце, не калібер, а першагатунковыя сані з запонай і верхам. І фурман сыты і гожы сабою — не «ванька» ў дрэнным армяку. Каптан — навенечкі, збруя — з бляшкамі, пара коней — сытыя.
— Ну вось, — сказаў стары. — Цяпер і мая чарга.
— Вы адкуль жа?
— Рагожскі… З Малай Андроньеўскай.
Алеся нібы нешта штурхнула. Рагожскія палясціны, але не каля самой заставы, адкуль гоняць кайданнікаў. Бліжэй, калі ўжо так, не да Рагожскай, а да Пакроўскай заставы… Як зручна было б… Воўк ніколі не рабуе ля свайго логава. А тут і Камер — Калежскі вал, мяжа горада.
— Па старому сагласію жывяцё? — спытаў ён.
— Дрэўлепрэпраслаўленыя, — трохі цішэй сказаў стары. — Па рагожскіх могілках.
— І, напэўна, не новаблаславенныя.
Стары апусціў быў галаву і раптам цвёрда, хоць і спадылба, глянуў на Алеся.
— Свяшчэнства ад ніканіян не прыемлем.
Калі да гэтага Алесь і сумняваўся, то цяпер усім сумненням прыйшоў канец. Асцярожнасць — асцярожнасцю, а гэта быў такі ўдалы выпадак, што трэба было рызыкаваць. Таму што нікуды не варты той ігрок, які не ўмее без роздуму схапіць за шкірку выпадковасць. На Рагожскай не было прышлага элемента, туды ніколі не пускалі чужых. Гэты тугі і горды свет выштурхваў з сябе ўсіх не сваіх, як ртуць выштурхвае жалеза: «Не лезь, не тачыся, у нас свой нораў, свой побыт, свае звычаі».
І ў гэтай гордай незалежнасці гэтыя мужыкі, гэтыя купцы, то бок таксама ўчарашнія мужыкі, чымсьці нагадвалі найбольш старазаветную частку Алесевага кола. Няхай сабе закарэласць, няхай дзікая коснасць — гэтыя людзі былі пакрыўджаныя, а значыць, былі ў чымсьці — браты.
Не скарыстаешся — другога выпадку можа не быць.
— Што ж ты стаіш, Кірдун, — сказаў Алесь. — Уладкуй там кофр ягонага сцяпенства.
Кірдун зірнуў на яго здзіўлена, але, прывучаны, нічога не сказаў. Ён ведаў, Алесь надумае лепей за яго.
— Што ж гэта вы, бацюхна, — сказаў купец. — Мяне?
— Чаго ж вы будзеце тут мокнуць. І так палову гадзіны стаялі.
Ён ужо сядзеў пад верхам. Купец, спяшаючыся, каб хаця часам не раздумалі, палез на суседняе месца.
Рамізнік павярнуў да іх твар, нахабны, сінявокі і мардасты, як рэшата.
— Куды, ваша высакароддзе?
— Наватроіцкі тракцір, на Іллінцы… Адтуль вось яго сцяпенства на Малую Андоньеўскую — ты, Халімон, ягоныя рэчы даставіш на ганак — а ты, фурман, потым вернешся да мяне.
У барадзе фурмана была дрэнна прыхаваная пагарда.
— Няўмесна вам з гэтым «сцяпенствам» ехаць, — развязна сказаў ён.
— Справа не твая, гужаед, — абарваў яго Алесь.
Ён ніколі не гаварыў так з людзьмі, але тут гэта было патрэбна. А раз гэта было патрэбна — ён мог. Згуляў жа Мсціслаў купчыка. Яму, Алесю, было лягчэй. У яго была ўласнасць, мала таго, прывычка ўладарыць.
— Як зваць? — спытаў ён у фурмана.
— Макарам, — трохі прыгаломшана сказаў той.
— Так і думаў. То скоч, Макар, калі ласка, ды папраў запону на нагах у «ягонага сцяпенства».
Макар палез з козлаў. Купец амаль спалохана глядзеў, як распраўляецца ягоны сусед.
— Вось так, Макар, — сказаў Алесь. — Дзякуй. І запомні: гэта таксама твая работа. І зусім ужо не твая работа меркаваць, з кім я еду, куды еду і які я еду.
Трэба было збіць фанабэрыю, і зрабіць гэта можна было толькі мясцовым барствам найгоршага тону. Раз і назаўсёды.
— У цябе зараз няма гаспадара, Макар? Ну, на тыдзень, на месяц? Дзе твой?
— Дзень, як у Піцер з'ехаў, — зусім ужо іншым тонам сказаў Макар.
«Пашанцавала», — падумаў Алесь, а ўголас сказаў:
— Што ж ты за суткі новага не знайшоў? Вы ж, збольшага, нарасхват. П'яніца?