— Якой загадаеце?
— Маёй… Самай таннай… З чырвонай галавою… А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць — гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць.
І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся:
— Ну…
Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п'янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася.
— Начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он, — сказаў Алесь.
— Гм, — Бабкін уважліва глядзеў на яго. — Ну добра, выпіце, пакуль тое, пасядзіце.
Палавы ўжо стаяў у дзвярах. Усе аж здзівіліся. Нібы абрус-самабранка ляжаў у яго за дзярыма. З'явіўся чортам з табакеркі і ўжо ставіў на стол стосы бліноў, паліваў іх маслам, ляпаў на голыя дошкі (абрус таргануў мезенцам і кінуў у кут) талеркі і нажы.
Знік на хвіліну і паставіў на стол чатыры халодныя бутэлькі.
— За гэта — люблю, — сказаў Бабкін. — А валасы ўсё адно павыдзеру. Ты гэта по-омні.
Алесь даў палавому рубель — толькі каб хутчэй знік. Яго муціла, ён баяўся, што можа званітаваць проста ў кут.
— Тут наконт гэтага проста, — сказаў Бабкін. — Блюй, галубчык, прыбяруць. Таму і сядзім, што проста. Жанчын няма — хочаш — лайся, хочаш — крычы. І не трэба нам, «трагладытам», нічога, акрамя каб не чапалі нас. Ні неба, ні святла, ні паветра, ні шчасця.
— Не разумею, як вы можаце тут піць, — сказаў Алесь.
— І ты выпі. Вось убачыш — адразу дапаможа… Ну, за справу…
Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра.
— Прыцярпеўся, — сказаў Бабкін. — Ды гэта што? Ты адсюль выберашся ды, пэўна, у лазеньку паедзеш, парай бубнаўскі смурод выганяць. А што рабіць тым, якія тут гадамі… усё жыццё… акрамя ночы?
— Быць не можа, — сказаў Алесь.
Дзікі крык аддаўся недзе, лямант, скавытанне.
— Вось, — сказаў Бабкін. — Гэты тут умудрыўся вялікае багацце, нязмерную маёмасць прасадзіць… У палавога спытайце… Па імю бацьку ўсіх такіх кліча. Елізараў, напрыклад, Флегонт Савіч, тут дваццаць год сядзіць… У краме — прыказчыкі. А ён кожны дзень тут выпівае сорак чарак віна і гарэлкі.
— Брахня, — сказаў Макар.
— Малады ты ошшо, — павучальна сказаў Бабкін. — Гэты яшчэ мала. Ёсць такія, што за тыя ж гады кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят чарак п'юць. Во гэта дык майстры… Я падлічыў… Дваццаць адна тысяча дзевяцьсот чарак у год… Чатырыста трыццаць восем тысяч чарак за дваццаць год… Дзвесце дзевятнаццаць вёдраў… Пяць з паловаю саракавядзёрных бочак… А вы кажаце, брахня… Гэта, брат, сіла нязмерная… Трагладзіты. Людзі апраметнай.
Еў бліны, скручваючы іх пакуначкам і двума-трыма рухамі сківіц адпраўляючы ў рот. Скончыў з імі.
— Дык, кажаце, флейты?… А купіла хопіць?
— Колькі іх у вас? — рэзка спытаў Алесь.
— Знойдзем.
— Карты на стол… Колькі?
Бабкін глядзеў на яго ўважліва і пільна. Потым, відаць, зразумеў: гэты не прадасць.
— Дзве тысячы, — ціха і вельмі важка сказаў ён.
У Алеся пацямнела ў вачах. На хвіліну паплыў кудысьці, стаў аддаляцца і знікаць пякельны голас бубнаўскай дзіркі. Потым гукі лінулі зноў.
— Дзе тавар? — непарушна спытаў ён.
— Грошы, — сказаў Бабкін.
Чыўін штурхнуў быў Алеся ў бок, але той ведаў, што рабіць. Справа была не ў грошах, справа была ў штуцэрах, адзіных, патрэбных, як паветра, тых, за якія ён з ахвотаю, хоць сёння, заплаціў бы жыццём.
— Паўтары тысячы, — пасунуў ён да Бабкіна тры крэдытныя білеты.
— Астатнія?
— Астатнія — напалову ў банку Лемана, напалову — па чэку. Атрымаць — у канторы Вішняковых. — Алесь пісаў на лістках чэкавай кніжкі. — Ведаеш іх?
— Чаму не. Фірма вядомая, з французскага пажару сядзяць на Малой Якіманцы. Золатапрадзільні, можна сказаць, на ўсю імперыю. А яны што, ведаюць вас?
— Грошы ўнесены. А ведаць ім мяне — без патрэбы.
— Хі-ітры, — сказаў Бабкін. — Ану, дай глянуць.
— Глядзі.
— Шэсць тысяч пяцьсот? Гэта за што ж лішнія пяцьсот сорак?
— За камісію.
— А калі я гэта — у кішэнь?
— Тут адзін подпіс. А гэта абгаворана. Толькі пасля другога. А другі — калі тавар будзе агледжаны, упакаваны і адасланы на месца… Давай… Дзе?
— Ля Смаленскай заставы, — сказаў Бабкін. — Вось табе адрасок… Вось табе і словы: «Флейты прыкалолі… шпількі ў нас… за падман — шпільку ў сэрца».
— Гэта каму? — усміхнуўся Алесь.
— Ім, — сказаў Бабкін. — Гужавы абоз наймі дзе хочаш. Не мая гэта справа. Не мне ў яе тыркаць нос. А табе на камісійных — дзякуй, невядомы купец… Пі гарэлку… Помні бубноўскую дзірку…
— Вып'ю, — сур'ёзна сказаў Алесь.
Ён умеў, калі трэба, не грэбаваць. Гэтая філія пекла была таксама кутком зямлі. Гэтыя цені таксама былі людзі.
А ён быў не толькі князь, але і беларускі мужык таксама, а значыць, у кожным, самым нізкім і страшным, падзенні бачыў не ганьбу, а няшчасце, і шкадаваў гэтае няшчасце, і не хацеў мыць рукі, дакрануўшыся да яго.
— Я табе яшчэ раю, — сказаў Бабкін. — Ты на Балчуг не хадзі. Гэта, брат, Замаскварэчча, а там што ні чалавек, то або Падхалюзін, або паддзячы, або прадажная лярва… Ты ідзі на Гасціны двор, ля біржы. Уначы ідзі, вось з імі.
— Бываў.
Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара — месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець.
— Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты.
— Пайду, — сказаў Алесь.
І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі. І якраз над яго галавою, дыхаючы яму ў патыліцу, тырчала з завесы, як з хусткі, страшнае, усё ў ліловых і жоўтых разводах (ад старых і новых сінякоў), аблічча.
— Якія гэт-та флейты, — спытала морда страшнавата ялейным голасам, — хто гэта тут такі-кі музыкант? А калі — у часць?!
У яго было аблічча «аблаката ад Іверскай», што — за касушку — піша ў тракціры для кліента такое прашэнне, што яго не разумеюць ні ў судзе, ні, назаўтра, самі кліент і аблакат. Нос сізы, у жылках. Твар азызлы.
— А вось я вам дам флейты, — чалавек нібы ўпаўзаў у клятушку.
Макар быў стаў за яго спіною.
— Ці-ха, — сказаў Бабкін, — не трэба. Мы — самі… Ты што ж гэта, былы сорак пятай гільдыі* купец, а потым страка прыказная, лезеш куды не загадана?
* Купецкіх гільдый было толькі тры ў залежнасці ад велічыні капіталу і роду гандлю або прамысловасці. Памер капіталу мяняўся. Скажам, аб'яўлены капітал для першай гільдыі быў пяцьдзесят тысяч, для другой — дваццаць, для трэцяй — восем.
— Папакутаваў за праўду, — сказаў той, узняўшы руку. — То што ж вы флейты купляць будзеце, а я… кап-пейкі збіраць? Не ўжо! Як я, так і вы! Так! Вось так! Толькі так! Я вас адсюль не выпушчу. Прымушу даць адказ, якія гэта флейты… уначы, у Гасціным двары.
Тут Алесь убачыў, што спалохаўся і Бабкін. Трэба было ратаваць становішча. Вядома, можна было адгаварыцца экспедыцыяй, але ехаць туды? Нашто? І да таго ж забароненая купля ваенных стрэльбаў. Катарга для Бабкіна? Допыты і высылка для яго, Алеся. Праваленая справа жыцця. Папаліся, як кураняты.
А чалавек-тля наступаў:
— І вас… І вас у яму… І вам пад плот, у жабракі… Каб вошы вас елі, чысценькія… Што, аднаму мне?
Палавы, відаць, некуды адлучыўся, бо толькі цяпер з'явіўся ў дзвярах і падрыхтаваўся схапіць гэтага мятага паддзячага за плечы.
— Кінь, — сказаў Алесь. — Сядайце, пан…
— І сяду, — куражыўся той. — Сяду, аж пакуль вы… Выпіце па апошняй…
— А вы з намі.
Распусны, як разлезлы грыб, рот паддзячага торгаўся. Самовыя вочы прагна глядзелі на бутэльку.
…Ён выпіў поўную шклянку.
Усе глядзелі на яго і бачылі, як паступова нібы трохі памякчэў мясаедскі твар.
— І суд не купіце, — разваліўся ён. — Хаця і прадажны, а не купіце. З канфіскацыі сваё атрымаюць… Забойства?! Фальшывыя грошы?! Што там у вас?! Ужо я на вашых галовах паскачу!
Алесь наліў другую шклянку. Паддзячы са стогнам выпіў.