Выбрать главу
Больш застанецца -У заслугу пойдзе.Якія маленькія -Прапалі давеку.

У запляваных, прасякнутых горам, подласцю, прыгнётам і крывёю мурах білася, знемагаючы, крынічка песні. Стары спяваў, як уся гэтая зямля, начыста, яшчэ пры нараджэнні, пазбаўленая шчасця.

Стрэў Пан Бог сіротку:«А куды ідзеш ты?»«Матулькі шукаці».

Алесь сціснуў плячо Макара, каб той ехаў. Гора і гнеў душылі яго. А за спіною білася, паміраючы, палонная песня.

…За заставаю развітваліся. Макар пераступаў з нагі на нагу, муляўся. Потым ціха сказаў:

— А шкада, што я не ў вас. — І раптам усміхнуўся: — Во, княжа, што яшчэ здарылася. Этап нейкія чэрці ўчора раніцой разбілі, сакалінцы катаржныя. Усіх чыста паразвязвалі ды параспускалі. А салдат хапіліся толькі сёння, апоўдзень. Пачалі шукаць — усе чыста звязаныя.

— Гэта цікава, — сказаў Алесь. — І невядома, хто зрабіў.

— А чорт яго ведае. Галоўнае, выгоды ніякай. Замотаныя нейкія. Проста так, відаць, з азарства.

— Спаймалі кагосьці?

— Спаймай іх… Гэта ж паўтара дня мінула ці яшчэ больш. У тых, відаць, ад страху крылы павырасталі. Цяпер між імі і тым месцам сама меней сотня вёрст.

— Бывай, Макар. Я рад.

Макар адышоў.

— Ну, давай, — сказаў Чыўін. — Давай я цябе нашым… Рагожскім.

Перахрысціў двуперсна.

— І ведаеш… Ты тады гэтым… неграм — і за мяне. І за мяне, сынок. За алтары запечатленныя. За ўсю нашу рагожскую старую веру.

…Ямскі экіпаж каціўся шляхам. Першыя зоры загараліся над галавою. Білі ў маладых жытах перапёлкі. Алесь гладзіў галаву Лебедзя, і ўспамінаў, і заплюшчваў вочы, як ён.

Калі васьмю месяцамі пазней людзі ў ярасці крычалі: «Зброі!», крычалі, сціскаючы пустыя кулакі, адзін з нямногіх, хто здолеў адказаць на гэты крык, быў князь Аляксандар Загорскі.

Зямля атрымала зброю.