— Праўда. Замест чарніліцы яна нашым перапісчыкам кніг. Старым пісьменствам жывем. Божым.
— А чарнілы, пэўна, фабрычныя. Толькі тоўчаную ржу дабаўляеце, божыя перапісчыкі, ды сажу.
— І камедзь, — яшчэ больш здзівіўся Чыўін.
І раптам нехта нібы распусціў на ягоным твары зморшчыны. Яны абмякнулі.
— А Дзяніс — ад выгарэцкіх Дзянісавых*. А Авакум — вядома ад каго.
* Браты Дзянісавы — заснавальнікі стараверскай «беспапоўскай» пустошы на Выгазеры. Людзі вялізнай для свайго часу адукацыі, самыя паважаныя раскольнікамі асобы ў часы цара Пятра.
Алесь зразумеў: Чыўін зрабіў для сябе нейкі вывад і баяцца яго не будзе. Менш, ва ўсякім разе, будзе баяцца.
— Я і кажу, — сказаў стары. — Сцеражыцеся. Ніканіянскі горад. Блудніца вавілонская. Злодзей на злодзеі сядзіць. Падэшвы на хаду рвуць. Вось нядаўна з Крамля гармату ўкралі.
— Не можа быць!
— Не хлушу, бацюхна, — стары цяпер гаварыў істава, куды падзеліся «слова-еры». — Яны б і царзон прынялі, каб нехта купіў. Знайшлі б спосаб.
— Ды як?
— А так. Там пастамент ля арсенала. Раніцай змяняўся караул — ан замест пастамента — пустамент. Няма. Уся паліцыя, увесь сыск забегалі. Урэшце знайшлі на Драчоўцы, на Старой плошчы, у сутарэнні пад дробязнай крамай. І ўжо тую гармату сякерай на лом нехта разбіваў. А гаспадар крамы — «дабрасовесны» ў гарадской часці. Вось табе і «дабрасовесны»: крадзеныя гарматы купляе. А зладзеі яе вось як вывезлі. Скінулі на зямлю і адразу, захутаўшы ў дзяругу, — на санкі. Вартавы ў Троіцкай браме пытае, што вязуць, а яны яму: «Чушку, кармілец, тушу свіную». Вартавы толькі вочы ўзвёў ды, відаць, пачаў думаць, як яно добра пад гарэлку. Ну і вывезлі. Каб цар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара… цьху, даруй мне Божа, я не казаў — вы не чулі… Так што глядзі-іце.
— Мне б такіх людзей, — сказаў Алесь.
— Ды нашто вам?
— Зброю хачу купіць. Многа.
Халімон на козлах здрыгануўся. Падумаў, відаць, што выхаванец звар'яцеў.
Калі ён не вытрымаў і зірнуў назад, Алесь убачыў у вачах Кірдуна дрэнна схаваны жах. Фурман азірнуўся таксама. Чыўін ускінуў на Алеся вочкі:
— Нашто? Часам не на разбой?
— Пяцьсот стрэльбаў на разбой? — усміхнуўся Алесь. — Ды шабляў столькі ж, ды нажы, ды іншы тавар? Кіньце. Ды яшчэ вось у надоешняга купца тры тысячы штук паркалю куплю, ды люстэркаў, ды караляў.
— Мяняць? — здагадаўся Чыўін. — Куды? Да самаедаў, далган, айнаў?
— Трымай далей, — сказаў Алесь. — У Афрыку.
— Гэта да мурынаў?
— Но.
Фурман пакруціў галавою.
— Ды нашто вам, — сказаў старавер. — Хто там гандляваў?
— А я не гандляр. Мне дужа скучыла на месцы сядзець. Я хачу туды, дзе ніводны хрысціянін не хадзіў. Буду мяняць сёе-тое, падарункі рабіць дзікім людзям. А каб не напалі — найму людзей, зброю ім дам.
— Гэта вас бес водзіць, — сказаў Дзяніс Авакумавіч. — Самушчэнне непаседлівае.
— А вашы людзі краіну Белазер'е шукалі?
— Яны былі «ўзыскуюшчыя града».
— Гэх, бацька, адкуль ты ведаеш, якога града «ўзыскую» я? Душа не на месцы. Не магу, каб так, як было.
— То тады яшчэ горш. З тлушчу. У нас тут было. У Веташнім радзе малебен быў. І вось пасля набажэнства шэсць нашых купцоў ды адзін грузін выпілі ў тракціры Бубнава, а потым за Цвярскую заставу, у «Стрэльну», паехалі. Ну і напіліся там да бессвядомасці, да быдлячага стану. І вырашылі адразу ж ехаць у тую саму тваю Афрыку, паляваць на кракадзілаў. Адразу ж на рамізнікаў, на Курскі вакзал, селі ў вагон, паехалі ў Афрыку. Прачнуліся каля Арла і трохі здзівіліся. Ніхто не ведае, чаму Арол, чаго ў вагоне, самі едуць ці іх вязе нехта? І галоўнае, суседзі і тыя не растлумачаць. Адзін палез у кішэнь — паперка. А на ёй маршрут — Стрэльна — вакзал — Арол — Афрыка… Паехалі назад. То хаця і не палявалі, а адзін, Зяблікаў Фама Цітыч, горш чым ад кракадзіла знявечыўся. Морда разбітая, рука выкручаная. Гэта ён па дарозе на вакзал з пралёткі на брук выкаціўся… Вось табе і Афрыка, і кракадзілы… Купец, пэўна?
— Князь, Дзяніс Авакумыч.
— Колькі ж у вас прыгонных было?
— Дваццаць тысяч.
Сані імчалі цёмнымі вуліцамі.
— Стой, — сказаў раптам купец. — Стой, фурман, высадзі.
— Чаго вы?
— Няўмесна, бацюхна. Не магу я так сядзець.
— Які я вам «бацюхна». Сядзіце. Не спыняй, Макар.
— Канешне, можна і ехаць, — пасля маўчання сказаў Чыўін. — І развага, і небяспека, і не заспееш на месцы. А яшчэ калі «града ўзыскуеш» — у-у!
Ён чамусьці перайшоў на «ты». Відаць, таму, што яго мучыла нешта важлівае.
— Адкуль ты, князь?
— Ветку ведаеш?
— Н-ну…
— А сухадольскія вёскі старога сагласія?
— Б-бацюхна…
— То зусім непадалёку.
Стары дапытліва глядзеў на яго.
— Курыш?
— Не.
— Правільна робіш.
Ён усё ж не насмеліўся спытаць, старой веры сусед ці не. З аднаго боку, князі дрэўлепрэпраслаўленыя не бываюць. З другога боку — хто ведае. Былі ж калісьці такія і князі і баяры. Можа, адзін які і застаўся. Не курыць, сам прызнаўся, што нейкага града ўзыскуе; са старых дваеперсных мясцін (адкуль яму было ведаць, што Алесевы продкі калісьці пусцілі гнаных раскольнікаў на свае землі?); ведае многае, чаго не ведае, пэўна, ніхто з ніканіян. І стары, свідруючы Алеся вочкамі, спытаў. Спытаў вельмі ціха і важка:
— Значыць, з Беларусі?
— Але.
— Што ж гэта вы, беларусы, нам такую д'ябльскую лжу ўчынілі? Фальш гэткую? Пры Пятры ды Піцірыме? Га?
— Гэта ты аб чым? — Алесь ліхаманкава думаў і раптам успомніў: — Аб «саборных дзяяннях»?*
* Місіянер Піцірым па загадзе цара Пятра хадзіў па кержанскіх скітах і ўгаворваў казаннямі і дыспутамі, каб раскольнікі вярнуліся ў лона царквы. Асноўным ягоным козырам было «Саборнае дзяянне», якое «нядаўна адшукалі ў Кіеве». Адзін раздзел ягоны быў прысвечаны Кіеўскаму сабору 1157 года — называўся «Саборнае дзяянне Кіеўскае на арменіна ерэтыка на мніха Марціна», які «веліе садзела ў Русі смушчэніе хрысціяніном пачэ жэ неіскусніі пісанія». Сабор быццам яшчэ тады асудзіў тыя ерасі, якіх зараз трымаюцца стараабрадцы, бо ерасі Марціна, выказаныя ў яго кнізе «Праўда», былі дакладна тыя, што і ў раскольнікаў. Сабор, на чале з мітрапалітам Канстанцінам, асудзіў Марціна, хаця ён быў сваяк Канстанцінопальскаму патрыярху Луку Хрызаверху. Марцін натурыўся. Тады Кіеўскі сабор звярнуўся да Лукі. Патрыярх склікаў у Канстанцінопалі другі сабор, на якім таксама асудзіў сваяка. Марцін паабяцаў выправіцца, але потым адмовіўся. Тады яго анафематствавалі і адаслалі ў Царград, дзе патрыярх Лука сваяка свайго спаліў.
…Стараабрадцы спіску дзяянняў не паверылі і папрасілі памацаць арыгінал. Піцірым звярнуўся да цара, і Пётр неадкладна прыслаў арыгінал кнігі: «Чытайце, ведайце, што царква не адышла ад грэцкіх канонаў», «врачуйцеся, расколам недугуюшчыя».
Арыгінал «дзяянняў» аказаўся грубай падробкай. Раскольнікі (а галоўным чынам браты Дзянісавы) аддалі яго на знішчальную крытыку. Сінод вымушаны быў адабраць кнігу, запячатаць і схаваць назаўсёды ў сінадальную бібліятэку.
— Ну, — стары падаўся наперад, як сабака на стойцы.
— Праўда, — сказаў Алесь. — Так аб іх і пісалі тады: «Книга в полдесць, на пергамине писанная, плеснию аки сединою красящаяся и на многих местах молием изъядена, древним белорусским характером писанная».
— Ну? — стары схіліў галаву, нібы чакаў.
— Э-эх, стары. Звалілі гэта на беларусаў, няхай сабе і на «древних». Мана гэта, хлусня. Ты што, не ведаеш, што гэта падробка? Што яна ўся фальшывая, як гусліцкія грошы?
Стары сумеўся. Фальшывыя грошы ў Гусліцах, пад Масквой, рабілі не хто іншы, як стараверы.
— То ж бо, — сказаў Алесь. — Патрэбна было, вось і падрабілі, нягледзячы на тое, што бацькі царквы. Ведалі, што Беларусь — захавальніца старой кнігі, што «беларускай кнізе» павераць. Падрабіць падрабілі, а мовы беларускай старажытнай не ведалі, таму і папаліся. А каб ведалі, ляжала б старая вера, лапкі задзёршы. Самі схлусілі ды на іншых, на беларусаў, спіхнулі.
— Ты адкуль ведаеш?
— Я — ведаю. Ты хаця «Паморскія адказы» Дзянісавых чытаў? Яны так і пісалі: «Сомняемся и буквам, в нём писанным — Белоруским; нынешнего века пописи, яже в древлехаратейных мы не відехом…» А ведаеш, што «дзяянням» апошні ўдар нанесла? Тое, што аб іх Сімяон Полацкі нічога не ведаў і не кажа. Беларус. То беларусам дзякаваць бы, а ты лезеш, як пёс.