Выбрать главу

І раптам, чаго ніколі больш не дазволіў сабе, паклаў руку на руку Алеся.

— Паглядзі… Можа, з часам і прыдасца.

— Пагляджу, — сур'ёзна сказаў Алесь. — Значыцца, перш чым за справу, на паглядзелкі пойдзем?

— Трэба, — сказаў стары. — Бо невядома ўжо, на якога Месію спадзявацца нам.

— Хіба адным вам?

— Ого, каб гэта адным. Так што ты спусціся, бацюхна, у пекла… аж да адкідных каналаў… куды трупы абрабаваныя кожную ноч кідаюць… не адзін і не два… Паглядзі, што ўжо далей рабіць, на якога спадзявацца бога.

Алесь думаў над словамі купца і разумеў, што той, відаць, за гэтыя дні меў нараду з кімсьці са значных людзей, ды, магчыма, і не з адным. І гэтыя людзі, параіўшыся, вырашылі, што князь Загорскі ім патрэбен. Такія вось, багатыя, уладу маючыя, цярпімыя і памяркоўныя да гнанай, загаджанай веры і, адначасова, выключна абазнаныя ў ёй, — трапляліся ім вельмі рэдка.

Ва ўсякім разе, калі б вырашалася пытанне аб сухадольскіх раскольнічых вёсках, каб людзей з гэтых вёсак вырашылі б пакрыўдзіць — галоўную ўвагу мела б слова гаспадара ўсіх гэтых земляў, яго, Алеся.

Загорскі не ведаў толькі, што Чыўін ні з кім не раіўся і вырашыў усё на свой страх і сваю рызыку. Алесь здагадаўся аб ходзе ягоных думак, але Чыўін быў страляны ліс. Хаця сярод старавераў і не вадзілася ніколі даносаў, бо дапамагаць слугам антыхрыста лічылася смяротным грахом, — ён вырашыў, што лепей будзе, калі аб усім гэтым будзе ведаць меншая колькасць людзей. Два рагожскія папы адразу былі выкрасленыя ім са спіска давераных. Іван Мацвеевіч быў надзейны, але размазня і дапамагчы ўсё роўна нічым не мог. Другі, Пётр Ярмілавіч, быў куражны, самадур, які вечна пагражаў парафіі пераходам у адзінавер'е, што скора і здарылася, пасля чаго ўлады «запечатлелі» і апошнія рагожскія і іншыя алтары.

Чыўін, на выпадак, калі ўсё ж спатрэбіцца падземная, амаль усемагутная сетка дрэўлепрэпраслаўленай дапамогі, звярнуўся толькі да аднаго чалавека, і гэтым чалавекам была, як гэта ні дзіўна, жанчына. Але цвёрдасці языка гэтай жанчыны маглі б пазайздросціць і «божыя маўчальнікі».

На рагожскіх могілках жыла «Матка», слуп веры, апора дрэўлега благачэсця, маці Пульхерыя, чалавек неабмежаванай улады, абазнаная ў справах зямных толькі трохі менш, чым сам уседзяржыцель.

Чыўін спытаў у яе ўскосна, ці можа ён дабіцца прыхільнасці вельмі магутнага ў заходнім краі чалавека, і, без адзінага пытання, без адзінага слова, атрымаў бласлаўленне на гэты крок.

Урэшце ён мог бы абысціся нават і без гэтага.

…Яны выйшлі на вуліцу. Іллінка была даволі пустая. Толькі з боку мізэрнага будынка старой біржы ехала некалькі багатых рысакоў: відаць, купцы везлі ў Наватроіцкі тракцір нейкага прыезджага іншаземца. Ніводны такі, калі быў значнай асобай, не мінаў лепшага з маскоўскіх тракціраў.

«Вялікі Маскоўскі», гурынскі, славіўся найлепшай кухняй і дзівосным квасам, «Цестаўскі», што ў доме Патрыкеева, лепшым аркестрыёнам, тракцір Ягорава, што ў Ахотным радзе — адсутнасцю тытунёвага дыму, непараўнальным кітайскім «лянсінам» і «варонінскімі», лепшымі ў свеце блінамі.

Але такога расейскага, такога багатага і, адначасова, утульнага тракціра, як Наватроіцкі, больш не было. У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй.

…Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых).

— То паедзем, — сказаў Чыўін. — Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль — у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым — на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым.

— Давай.

Кірдун, што ставіўся да Чыўіна, як і да ўсіх Алесевых знаёмых, вельмі раўніва, толькі соп ад гэтай бесцырымоннасці.

Сані крануліся. Багатая Іллінка, маскоўскае «сіці», плыла перад вачыма. Мянялы-скапцы сядзелі пад паветкамі. У магазіне багатыроў Булачкіных цьмяна блішчала ў пахмурным святле срэбра. Пералівамі мастацкай парчы ззяла за вокнамі вялізная Сапожнікаўская лаўка. І на ўсё гэта церушыўся з неба мокры снег.

— На Варварку варочаць нам няма чаго, — сказаў Чыўін. — Там воск, перцы-шмерцы ды оптавая бакалея. А гандляры ўсё больш былыя прыгонныя Шарамецева. Не адпускаў. Яны амаль усе тысячнікі, а многія нават мільёншчыкі, то яму пахвальна было, што ў яго мужыкі мільёнамі варочаюць. Вось цяпер, як прыгон адмянілі, то і кусай локці. Ды што яму? Багатыр? Роўны, відаць, вам па багаццю. А ў цябе мільёншчыкі былі?

— Пры бацьку — былі. Дванаццаць чалавек. Ды я іх адразу выпусціў.

— Без выкупу?

— Але. Толькі прымусіў, каб кожны для бедных аднавяскоўцаў купіў па валоцы зямлі ды па каню. І хаты пабудаваў.

— Прадзешавіў, князь. Яны б і дзесяць тысяч за волю кожны заплаціў.

— Я за гэтым не гнаўся. Яны нават аброку менш шарамецеўскіх плацілі… Пяцьдзесят у год.

— То добра. А ото, бачыш, царква Іаана Багаслова, што пад вязам. Бачыш, гандаль. Тут гатовае адзенне купляюць. Можна драніну купіць, бо падмануць на ўсе чатыры коркі. А можна і добрае. Кажухі часам нішто сабе.

Загорскі дакрануўся да пляча Кірдуна. Халімон непрыкметна схіліў галаву. Вечарам ён павінен перадаць гэта Маеўскаму, і тады «купец. Вакх» закупіць тут дзве тысячы кажухоў. Пашыць такую вялізную колькасць на месцы, у Прыдняпроўі, нельга было, не абудзіўшы чутак. Швальні Загорскага пад маркай «абшывання слуг малодшых радоў» маглі пашыць не больш як пяць соцень цёплых кажушаных чуг. Ды частку замовілі ў розных месцах.

Паварацілі на Нікольскую, да Багаяўленскага манастыра. Тут калыхаўся натоўп: ішоў гандаль сталёвымі і меднымі вырабамі, галоўным чынам, тульскімі. Цьмяна блішчалі самавары — ад пяцівядзёрных, «чыгуначных», да самых малых; вязкамі, як лыка пад мужыцкай страхой, віселі стрэльбавыя ствалы. У глыбіні ятак, як тарань, серабрыліся бліскучыя нажы, суседнічалі з прыборамі для дзвераў і шэрагамі паляўнічых дубальтовак.

Чыўін часта загадваў спыніць коней, таргаваўся з гаспадарамі, запэўніваў, угаворваў і ледзь толькі не бажыўся — бо грэх. Калі ад'язджалі ад кожнага такога месца — гаспадар крамы клікаў грузчыкаў, расейцаў і татар, і яны пачыналі насіць на вазы «гужавых» рамізнікаў, што стаялі паўздоўж усіх падвор'яў, рагожныя кулі.

Везлі іх на Чыжоўскае падвор'е, дзе Кірдун днямі зняў складское памяшканне.

Алесь браў у рукі варанёныя ці пасрэбленыя ствалы, мерыўся, ці ёмісты прыклад. Даўняя звычка да зброі давала яму магчымасць беспамылкова адрозніць бліскучую дрэнь для навічкоў ад простых, але сапраўдных стрэльбаў «на знаўцу». Куплялі, аднак, з перасцярогай: пяць — восем вышэйшага класа стрэльбаў у кожнай краме. Гэта не была зброяй для «ўсіх». Гэта была зброя «застрэльшчыкаў», найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць.

Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль — оптавы.

— Вялікімі мільёнамі варочаюць, — сказаў Чыўін. — Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць.

— Чаго брэшаш? — сказаў Макар. — Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было.

— І гэта праўда. Ці надоўга толькі?

Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі — так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі.