Выбрать главу

- А “Александрына”? - спытаўся Багданаў. - Я чуў, што расейцы ў Сібіры дзяцей называлі Александрынамі пад уздзеяннем песні “Песняроў”...

- А што “Александрына”? - адказаў Ждановіч - Па-мойму, як верш таксама не надта ўдалы тэкст.

- Ну ведаеце, наконт густаў можна спрачацца, але чалавек быў добры. Прапаную падняць чарку і за яго. - Ігнат Дварніцкі разліў сябрам у кубачкі яшчэ па глытку гарэлкі.

- Сорамна прызнацца, - сказаў сябрам Ігнат, калі яны падышлі да магілы Пятра Глебкі. - Амаль нічога з Глебкі не чытаў.

- Ну дык прачытай хаця б гэты ягоны катрэн на помніку, - адказаў Ждановіч.

- “Жывой паэзіі крыніца папоіць смагу маладых і будзе, светлая, бруіцца праз незлічоныя гады”, - уголас прачытаў Дварніцкі. - Ага, дык ён быў нацыяналіст.

- Яны ўсе былі нацыяналісты, проста час быў такі, што маскіраваліся як маглі, у тым ліку і за казённымі радкамі пра інтэрнацыяналізм, камунізм і перамогу ў вайне.

- “Маладых - гады”, дрэнная рыфма. Каб я рэдагаваў гэты верш, - сказаў Юрась Багданаў, - я б напісаў інакш, напрыклад, так: “Жывой паэзіі крыніца напоіць род наш малады і будзе, светлая, бруіцца праз незлічоныя гады”.

- Слушна, так лепш. Але гэта ты так напісаў бы. А ён выбраў свой варыянт, я б сказаў, даволі бездапаможны ў сэнсе паэтыкі. Але зноў жа чалавек і патрыёт быў выдатны, дырэктарам акадэмічнага Інстытуту мовазнаўства працаваў, шмат чаго добрага зрабіў. Ягоная жонка, дарэчы, у часе вайны працавала дыктарам на беларускім радыё ў акупаваным Менску. Пасля Глебка яе ледзьве ад турмы ўратаваў. Таксама была нацыяналістка, прынцыпова толькі па-беларуску з усімі размаўляла.

- Чаму я на філфак пайшоў, а не на гістфак, як Ждановіч? - паўжартам уздыхнуў Дварніцкі.

- Тут, Ігнасю, не толькі ў гістфаку справа, але і ў маёй любові да мемуараў, - адказаў Ждановіч і павярнуўся да Юрася. - Я ў Валянціна Тараса ва ўспамінах чытаў, як ён, маладым супрацоўнікам літаратурнага аддзела “Звязды”, перарабіў вершы Петруся Броўкі і павёз іх у Каралішчавічы на зацвярджэнне. Броўка вершы ўзяў, вярнуў там усё, як было раней, і сказаў: “Вы, малады чалавек, лепш за мяне пішыце сам. А я буду пісаць так, як пішу я”. Добрая навука і Тарасу, і нам. Я наогул думаю, што нікога не трэба рэдагаваць, прынамсі рэдагаваць так, што аж перапісваць. Хай адразу будзе відаць, хто што сабой уяўляе. Далоў рэдактараў! Наперад аўтараў! Каб адразу было відаць, хто талент, а хто - не.

- Ну вось за гэта і вып’ем, а таксама за Глебку, - Ігнат Дварніцкі зноў наліў гарэлку ў папяровыя кубачкі.Далей хлопцы накіраваліся назад, у дваццаць шосты сектар, дзе ляжала найболей беларускіх пісьменнікаў. Паклалі кветкі і запалілі свечкі на магілах Міхася Лынькова, Аркадзя Куляшова, Івана Мележа, Піліпа Пестрака і Андрэя Макаёнка. Усюды бралі чарку і слухалі Сяргея Ждановіча, які проста выпраменьваў ва ўсе бакі сваю эрудыцыю і гістарычныя веды, прычым не толькі пра падзеі мінулых гадоў, але і пра асабістае жыццё пісьменнікаў. Каля магілы Міхася Лынькова ён расказаў, што пісьменнік да маладых калегаў заўсёды звяртаўся словам “уюнаш”, што ён быў зацятым фатографам і вялікім аматарам матацыклаў, заўсёды без праблема пазычаў свайго “Іжа” маладым калегам пакатацца. Каля магілы Мележа Сяргей расказаў, што той першыя публікацыі падпісваў псеўданімам “Мелеш”, змяніўшы ўсяго адну літару ў сваім прозвішчы, а таксама пра тое, які гэта быў мужны чалавек: за два дні да смерці абзвоньваў сяброў і жартаваў, не прызнаючыся, што ляжыць у бальніцы. Каля магілы Макаёнка ён расказаў, як той развёўся з жонкай і пабраўся шлюбам з медсястрой, што яго лячыла. Каля магілы Аркадзя Куляшова пасля таго, як Юрась доўга чытаў урывак з куляшоўскай паэмы “Хамуціус”, прысвечанай Кастусю Каліноўскаму, Сяргей расказаў, як Куляшоў хаваўся ў будынку пошты ад пастарэлай гераіні свайго геніяльнага верша “Алеся”, да якой прыехаў на сустрэчу пасля атрымання ад яе ліста, а ўбачыўшы старую і непрыгожую жанчыну, спалохаўся і ўцёк. Зрэшты, пасля сумленне перамагло, ён вярнуўся і прабавіў з ёй і яе дзецьмі пару гадзінаў, нават за Быхаў на пікнік з’ездзіў. Пасля казаў сябрам, што яна для яго тады памерла. А каля магілы Піліпа Пестрака Сяргей паведаміў, што гэты пісьменнік адзінаццаць гадоў правёў у польскіх турмах, а пасля 1939 года два гады працаваў старшынёй Беластоцкага аддзялення Саюзу пісьменнікаў БССР, нагадваючы сябрам, што ў тыя часы Беласток быў часткай БССР...

Тым часам пачало змяркацца. Хлопцы зразумелі, што не надта разлічылі час, і пачалі спяшацца. Па шэрагу, у якім ляжаў Піліп Пестрак, яны праз зарасці прадраліся на іншы бок сектара. Дварніцкі і Багданаў гучна абураліся зусім не цывілізаваным станам могілак - помнікі размешчаныя цесна, ніхто не высякае хмызы, не косіць траву. На другім баку адшукалі магілу Анатоля Сербантовіча, паклалі кветкі, выпілі і вырашылі стварыць у інтэрнэце яго асабісты сайт з усімі вершамі і вянкамі санетаў. Пасля хутка паклалі кветкі і выпілі каля магілаў Еўдакіі Лось, Алеся Бачылы і Анатоля Грачанікава, а тады сталі прабірацца да магілы Яўгеніі Янішчыц. Гэта было апошняе, што з таго вечара ясна запомніў Сяргей Ждановіч. Да помніка Янішчыц яны дабраліся на добрым падпітку. Адтуль ужо быў відаць камень на магіле Уладзімера Караткевіча, для якога ў іх быў падрыхтаваны вялікі букет, як і для Васіля Быкава. Каля магілы Яўгеніі Янішчыц Юрась Багданаў зноў чытаў яе вершы, а Сяргей Ждановіч называў паэтку геніяльнай, расказваў, як яна выкінулася з вакна і казаў, што паводле чутак, прычынай было складанае каханне да мужа, таксама паэта Сяргея Панізніка. Пасля п’яныя сябрукі накіраваліся да магілы Уладзімера Караткевіча і... больш нічога Сяргею не запомнілася.