Выбрать главу

...Ён апрытомнеў ад холаду. Агледзеўшыся, Ждановіч зразумеў, што ляжыць паміж магілай Караткевіча і лавачкай каля яе. Сяброў не было. Значыць, яны сп’янелі так, што пакінулі яго тут. Фантастыка! Добра, што лістапад выдаўся цёплы, было ніяк не менш за дзесяць градусаў цяпла, але ён усё роўна змёрз, і не дзіва - ляжаў на голай зямлі ў асенняй куртачцы. А дзе ж вы цяпер самі, ёлупні, - пакрыўджана падумаў ён пра сябрукоў і пачаў уставаць. Галава кружылася, яго хістала ва ўсе бакі. Сяргей паглядзеў на гадзіннік - каля паловы на дванаццатую. Ноч была хмарнаю, зоры свяцілі мала, месяца амаль не было відаць. Прастора вакол, здавалася, набрыняла вусцішам, нават жудасцю. Помнікі і каменныя твары нябожчыкаў цяпер чамусьці палохалі, і ад іх хацелася адвярнуцца, але не было куды - яны паўставалі з усіх бакоў. Сяргей, з цяжкасцю арыентуючыся, пачаў прабірацца да левай ад галоўнага сектару алеі, пасля пайшоў па ёй і павярнуў перад алеяй ганаровых грамадзянаў да галоўнага ўваходу на могілкі і раптам спалохана замёр. Ён пачуў прыглушаныя галасы, а затым і ўбачыў сярод сасновых камлёў нешта нечуванае. За доўгім сталом сярод соснаў сядзелі беларускія пісьменнікі, пахаваныя на гэтых могілках: Кандрат Крапіва, Іван Мележ, Міхась Лынькоў, Піліп Пестрак, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Янка Маўр, Уладзімер Караткевіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Фёдар Янкоўскі, Барыс Сачанка, Усевалад Краўчанка, Іван Чыгрынаў, Генадзь Бураўкін і яшчэ з дзясятак іншых. Некаторых Сяргей нават не ведаў у твар, але дзіўным чынам разумеў, хто гэта. Таксама ён раптам зразумеў, што чуе адначасова і агульную размову, і перашэпты паміж сабой асобных яе ўдзельнікаў.

З размовы вынікала, што перад тым, як да пісьменнікаў падышоў Сяргей, яны абмяркоўвалі нейкую тэму, звязаную з гісторыяй і яе важнасцю для кожнага народа. Цяпер тая размова згасала, сталі гаварыць хто пра што, але да хлопца яшчэ даносілася водгулле і гістарычнай тэмы.

Вось Піліп Пестрак павярнуўся да свайго суседа Анатоля Грачанікава:

- Ведаеш, Анатоль, як палякі шанавалі гісторыю? Нам тут ёсць чаму павучыцца. Даходзіла да таго, што яны гарадамі называлі паселішчы, якія на горад зусім не цягнулі, але мелі слаўную гісторыю. Галоўным прынцыпам быў не вытворча-эканамічны, а гістарычны. Вось да вайны наша мястэчка Косава было амаль вёскай: палова дробных гандляроў, палова сялянаў, а яны яго зрабілі аж павятовым горадам. Чаму? Таму што ў ім Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся. Або вось Слонім тады быў ужо даволі вялікім горадам, а яны зусім невялічкі гарадок Наваградак зрабілі цэнтрам Ваяводства. Зноў пайшлі па гістарычным прынцыпе - Наваградак меў слаўную гісторыі, і, галоўнае, там Адам Міцкевіч нарадзіўся...

- Маеце рацыю, Піліп Сямёнавіч, - адказаў Грачанікаў, - гісторыю трэба шанаваць і ведаць, тады і народ будзе моцны. Прычым не толькі даўнюю гісторыю. Хай напіша з паплечнікамі і пра наш пасляваенны час, там таксама ёсць шмат таго, што дапаможа ўсвядоміцца. Я вось калі першым сакратаром Гомельскага гаркама камсамолу працаваў, з калегамі па-беларуску размаўляў. Дый не дзіва гэта было: беларускі паэт - гарадскі важак камсамолу... А што цяперашні саюз моладзі? Цьфу на іх...

Васіль Быкаў сядзеў моўчкі, склаўшы рукі на каленях і з нібыта незадаволеным, насупленым тварам. Сяргей чытаў, што гэтая суровасць пісьменніка была праявай яго задуменнасці, насамрэч гэта быў інтэлігентны і ветлівы чалавек. Быкаў тым часам ціха сказаў Уладзімеру Караткевічу:

- Як думаеш, можа я памыляўся, калі казаў, што беларусы ўжо спазніліся на свой цягнік? Нешта не падобна, каб нацыянальнае памірала. Цяпер, гляджу, у Еўропе ідзе ажыўленне і нацыянальных, і незалежніцкіх рухаў... Толькі што ж рабіць з нашай прарускасцю, другаснасцю? Можа ён гэтае таўро змые? Як думаеш?