Выбрать главу

Тым часам гутарка за доўгім сталом працягвалася. Янка Маўр і Усевалад Краўчанка наракалі на суцэльны заняпад дзіцячай літаратуры. Краўчанка казаў:

- Ніхто не разумее, што каб было цікава, трэба не для дзяцей пісаць, а пра дзяцей. Яны не дурнейшыя за нас. Вось калі табе самому, пішучы твор, будзе цікава, тады будзе цікава і для дзетак...

Пімен Панчанка раздражнёна гаварыў пра агульнапалітычную сітуацыю ў краіне, якая не спрыяе ні нацыянальнай культуры, ні культуры наогул:

- Што ж мы самі галаву ў пятлю ўкладаем? Навошта? Не веру, што чынавенства не разумее, не веру. Шмат там прыстойных людзей, вельмі шмат.

- Гэта праўда, - падтрымаў яго Броўка, - маеш рацыю, Пімен. Але ўсё ж ідзе ад галавы. Ты памятаеш Пятра Міронавіча, які быў чалавек, які дзяяч, нацыянальны герой! Я ўсё не забуду, як мы Энцыклапедыю пачыналі, было нас тры чалавекі - я, Петрашкевіч і бухгалтарка. Неяк нам у пакойчыку адзіны тэлефон намеснік кіраўніка справамі Акадэміі абрэзаў, маўляў, Броўка абыдзецца. Не гуманітарны быў чалавек, гаспадарнік. А ў той дзень мяне якраз Машэраў шукаў. Дык памочнік прэзідэнта Акадэміі навук пешкі бегаў мяне паклікаць. Я тады ўсё ж спазніўся да Першага. Машэраў доўга рагатаў і паставіў мне ўрадавую сувязь, “вяртушку”, каб да яе ніхто дакрануцца не смеў... Так ён шанаваў культуру, не тое што цяпер...

- Але і ідэалізаваць яго не варта, Пятро Усцінавіч, - далучыўся да размовы Барыс Сачанка, - школы вунь беларускія якраз пры ім у гарадах усе пазачынялі, мову занядбаў...

- Так, пазачынялі, але зноў кажу, час быў такі, такая лінія, не ўсё ад яго залежала. А што мог, тое рабіў...

- Я тут, стары, падтрымаю Пятра Усцінавіча, - сказаў Уладзімер Караткевіч Барысу Сачанку. - Час быў цяжкі, месцамі жахлівы. Не мы ж былі гаспадарамі ў сваёй рэспубліцы. Машэраў быў другі пасля Мазурава беларус, як памятаеш. Усе, што былі да іх, - былі чужакамі, прыхаднямі. Сапраўды, Нямігу пры ім разбурылі, не хапіла сілаў абараніць, а яму культуры - зразумець. Але вось калі ўжо Верхні горад ратавалі, тады ён нас з Гаўрылам Вашчанкам і Алесем Петрашкевічам паслухаўся. А так, кватэры пісьменнікам даваў, часопісы новыя літаратурныя засноўваў, тэлебачанне... Вунь Генадзь лепш ведае, побач з ім быў у ЦК, - Караткевіч паказаў на Генадзя Бураўкіна.

- Слушна Валодзя кажа. Ён быў у шмат чым паднявольны чалавек, рабіў што мог. Тэлебачанне беларускае мы з Валянцінам Блакітам толькі дзякуючы яму агоралі, толькі дзякуючы яму. З цяперашняй сітуацыяй наогул няма параўнання, - адказаў Бураўкін.

Слухаючы гэтыя размовы, Сяргей звярнуў увагу, што пісьменнікі неяк нецярпліва азіраюцца вакол, часам паглядаюць на неба ці пачынаюць углядацца ў прагалы паміж соснамі, нібыта некага чакаюць. Ён паглядзеў на гадзіннік: за пяць хвілінаў мелася наступіць дванаццатая гадзіна. Відаць, сапраўды некага ці нечага чакаюць, сказаў ён сабе. Так і сталася. Праз хвіліну ён пачуў ціхія крокі і такія ж ціхія галасы. Ён павярнуўся ў бок левага кута могілак і аслупянеў. Нават у гэтай нерэальнай фантасмагорыі, якая з ім адбывалася, паверыць у тое, што ён бачыў, было цяжка. Паміж соснаў павольна ішлі Янка Купала і Якуб Колас. Сяргей заплакаў... Ніколі не мог ён, хлопец з менскай ускраіны, нават марыць пра тое, што цяпер бачыць наяве - жывых песняроў! За што ж яму гэта? За што?.. Слёзы цяклі па шчоках, горла сціснула сутарга, ён баяўся, што ад замілавання і радасці зарыдае ўголас.

Купала з Коласам, абодва з кавенькамі, тым часам наблізіліся да зборышча літаратурных дзядоў. Пісьменнікі ўсталі і радасна схілілі галовы, вітаючы класікаў. Тыя абодва селі побач на чале стала, і Колас сказаў:

- Вітаем вас, хлопцы. Вы ведаеце, што мы з Янкам ніколі не варагавалі і ніколі не канкуравалі. Я любіў яго, ён мяне. Так, Янка?

- Так, Каласок, - адказаў Купала. А Колас працягваў:

- І шанавалі творчасць адзін аднаго. Па-за межамі нашай рэспублікі нас нават блыталі і аб’ядноўвалі ў адно цэлае. І ў гэтым была праўда і рацыя. Мы сапраўды адзін аднаго дапаўнялі, і нас нельга раздзяліць. Некалі я пра гэта нават паспеў надыктаваць майму літаратурнаму сакратару Максіму Лужаніну-Каратаю. Таму мы не выпярэджваем адзін аднаго, і на нашай штогадовай бяседзе на Дзяды рэй вядзем па чарзе - адзін раз Янка, другі раз я. Сёлета мая радоўка. Можам пачынаць.

Пісьменнікі запляскалі і селі. Колас сказаў:

- Усё горай ідэалагічная сітуацыя ў краіне, і ўсё горай робіцца становішча нашай мовы і культуры. Як ведаеце, я перад смерцю ў 1956 годзе тры лісты ў ЦК пісаў - пра патрэбу выхавання моладзі, якая тады была дашчэнту крыміналізаваная, пра патрэбу догляду за могілкамі, на якіх тады шмат дзе нават агароджы не было і каровы свабодна пасвілі, а трэці ліст быў пра бядотны стан нашай мовы. Ды цяпер вось Міхась Мушынскі выдаў на тысячу старонак храналогію майго жыцця, дык там у апошнія дні нічога пра гэтыя лісты не згадваецца. Вось да чаго дайшло! Зноў мінуўшчыну ад нашага народа хаваюць, зноў яе перарабляюць на чарговы ідэалагічны капыл. Думаю, наспеў час прымяніць і нашу сілу, якую мы маем на нашай спрадвечнай радзіме, як Дзяды. Летась мы з вамі вагаліся, чакалі што само нешта зменіцца, што людзі ў вярхах адумаюцца, можа, сумленне загаворыць, але цяпер бачым, нічога не мяняецца. Толькі горш робіцца. Хіба ўжо чакаць далей не будзем, га? Што думаеце?