З усіх канцоў стала пачуліся выгукі:
- Так, дзядзька Колас, хопіць ужо чакаць, час дзейнічаць.
- Мае рацыю Канстанцін Міхайлавіч, мае.
- Хопіць чакаць, да справы!
- Не вагаймася, брацця, хопіць!
Колас рукой спыніў выгукі:
- Што ж, бачу, думка ў нас адзіная. Яно і добра, бо адказнасць вялікая. Раз на сто гадоў можам умяшацца ў хаду падзеяў на тым свеце, толькі адзін раз на стагоддзе. Мінулы раз перад 1918 годам дзяды-магнаты да аднаўлення дзяржаўнасці народ падштурхнулі, цяпер вось наша чарга
- мову і літаратуру ратаваць трэба. Дык памагай нам Бог! Ці вы ўжо вырашылі, які талент пусцім у свет, якога кшталту? Што для народа цяпер больш патрэбна?
У адказ на словы Коласа ўсе павярнуліся да Уладзімера Караткевіча. Ён устаў і сказаў:
- Так, дзядзька Колас, мы ўжо вырашылі. Гадзіну да вашага прыходу спрачаліся. Думалі, можа, прарока паслаць, песняра. Вырашылі, што не час цяпер, іншая эпоха. Пасля спрачаліся, паэтычны талент патрэбны ці празаічны? Зноў жа вершы цяпер не ў пашане. Схіліліся да прозы. Тады паўстала пытанне, якога празаіка лепш народу дамо - рэаліста, мадэрніста, фантаста. Спрачаліся доўга і вырашылі, што народу патрэбны яшчэ адзін пісьменнік такога кшталту, як я. Каб і гістарычныя, і фантастычныя, і дэтэктыўныя рэчы пісаў. Я ў свой час не паспеў справу давесці да канца. Дурны быў, рана адтуль пайшоў, не вытрымаў ціску сістэмы... А мы падумалі, што ўсё ж народ наш яшчэ да канца не сфармаваны, а цяпер у свеце назіраецца новае ажыўленне нацыянальных рухаў, якія заўсёды на гістарычную памяць абапіраюцца. Так што вырашылі пусціць туды майго наступніка.
- Што ты скажаш, Янка? - Колас паглядзеў на Купалу.
- А што тут казаць, Уладзімер мае рацыю. Слушна браты вырашылі. Асвядомліваць нашых людзей трэба. Мая згода ёсць.
- Дзякуй, Янка. Я таксама згаджаюся. Ёсць нехта супраць? - Колас абвёў вачыма прысутных. Усе маўчалі.
- Ну што ж, хай так будзе, пойдзем на гэта. Ён тут?
Караткевіч усміхнуўся і паказаў на сасну, за якой хаваўся Сяргей Ждановіч:
- Вунь за сасной хаваецца і шчыкае сябе за руку, не верыць, што нас бачыць.
Сяргей з жахам зразумеў, што Караткевіч кажа пра яго. Капец!! Яны ведаюць, што ён тут! Пісьменнік тым часам выйшаў з-за стала і падышоў да сасны, за якой, бокам прыткнуўшыся да яе, стаяў Сяргей:
- Давай, хлопча, выходзь. Хопіць ужо хавацца.
У Сяргея цела як працяло токам. Ён здранцвела выйшаў з-за сасны і недарэчна вымавіў:
- Вы гэта мне кажаце, Уладзімер Сямёнавіч?
- А да каго ж яшчэ, стары. Хіба ты тут не адзін?
- Адзін.
- Ну то хадзем да нас.
Караткевіч падаў яму руку. Сяргей, унутрана здрыгануўшыся, паціснуў яе сваёй спацелай даланёю і са здзіўленнем адчуў, што ў паўпразрыстага Караткевіча рука аб’ёмная, датыкальная і цёплая. Яны разам падышлі да стала, і Караткевіч застаўся стаяць каля Сяргея. Колас паглядзеў на Купалу:
- Скажы ты, Янка.
Купала ўзняўся з месца і загаварыў:
- Вось што я табе скажу ад усіх нас, дружа. Ты бачыш, што народ наш не хоча сыходзіць са свету. Дужа неспрыяльныя гістарычныя абставіны яму выпалі. Бог нас каля арды пасяліў, ніяк яна не пакіне нас у спакоі. Мы змагаемся, і ў гэтым змаганні за вякі губляем тэрыторыю і колькасць. Нас магло быць ужо ў чатыры разы болей, і зямлі мы маглі мець у два разы болей, але не спрыяе лёс. Затое спрыяюць нябёсы, бо народ яшчэ жыве, і вось вы, маладыя, далей пішаце, народ вас з апошніх сілаў вылучае наперад і вылучае. Але цяпер на радзіме цяжкая сітуацыя, шмат чаго з нашых часоў паўтараецца, сёння зноў адны Зносакі вакол, адны Зносакі... І мы вось вырашылі свой шанц адзіны на стагоддзе скарыстаць і выбралі цябе. Слухай уважліва. Твае веды і твой талент абралі цябе, ты сам сябе выбраў. Мы толькі канстатуем тое, што ёсць. Ты ўжо амаль усё маеш, а мы падштурхнем цябе адсюль тым, чым можам - сваёй агульнай сілай. І будзе добра, не сумнявайся і не бойся. Ты напішаш шмат добрых кніжак, людзі будуць цябе любіць, з тваіх кніг пачнецца новы час для літаратуры і культуры нашай. Але мусіш вытрымаць выпрабаванне славаю, чуеш? Мусіш зрачыся алкаголю і толькі працаваць. І дамо табе яшчэ адну сілу. Каго з калегаў і паплечнікаў выбераш сабе ў сябры, тыя таксама будуць валодаць уладай над людскім розумам і сэрцамі. Гэта будзе тваё пакаленне. І разам вы ўсе станеце пачынальнікамі новага часу для нашай літаратуры і нашага народу. Разумеет? Вялікая адказнасць на табе. Ну а мы тут, дзяды, будзем цябе і ўсё вашае пакаленне ад усякага ліха ахоўваць, у тым ліку і ад такога, што са мной і вунь, з Усеваладам здарылася...