Выбрать главу

I тады ў хлопцава сэрца пачала ўпаўзаць трывога. У іх не было гадзінніка, яны не ведалі, колькі часу ішлі і ці даўно прапаў у цемры Шчарбак, толькі, здавалася, праляжалі яны ў снезе нямала. У Цімошкіна ўжо закалела ўсё ўнутры. Не вытрымаўшы сцюжы, ён устаў і пачаў грэцца, размахваючы рукамі. Вельмі мерзлі астылыя ногі ў адсырэлых ботах, а параненая рука дык зусім ужо адмерзла. Блішчынскі неяк болей цярпліва зносіў холад, з кучай снегу на плячах і на шапцы ён курчыўся ў доле і пазіраў у той бок, дзе знік Шчарбак.

Снег усё ішоў і ішоў, сыпаўся і мёў касымі пасмамі з неба; марудна поўз час, а Шчарбака і Здабудзькі ўсё не было. Цімошкін ужо вытаптаў сцежку пад гэтым адзінокім калючым палявым кустом, праглядзеў, як кажуць, вочы, а ніхто нідзе не з’яўляўся. У голаў ад напружання лезлі розныя нядобрыя здагадкі: ці не трапіў у якую пастку і сам Шчарбак? Ці не нарваўся дзе ён на якую засаду? А можа, не адолее дзе параненага Здабудзьку? Ці мо заблудзіў у цемры? Можа, трэба было ісці шукаць яго, а можа, чакаць тут, дзе ён іх пакінуў? Усё гэта пакутнай няпэўнасцю грызла хлопцава адчуванне, але ён не ведаў, што зрабіць, каб хутчэй дачакаць Шчарбака.

Блішчынскі маўчаў нядоўга. Відаць, урэшце даняла і яго сцюжа, — сяржант ускочыў, патупаў на адным месцы, грэючыся, і загаманіў незадаволена і буркатліва:

— Ну, вось і не паслухаў мяне і цяпер недзе ўліп. Пашлі дурнога, за ім другога. Разумееш? А нам мерзні тут!

Цімошкін маўчаў, глядзеў усё і слухаў, а ён працягваў сваё:

— Факт — папаўся недзе. Або зблудзіў.

Цімошкін усё маўчаў. Хлопцу не хацелася спрачацца з ім, бо ён ужо ведаў, што той скажа далей. Але ён сказаў нечаканае:

— А можа, ён у адзіночку да сваіх ірвануў? Аднаму зручней. Безумоўна. Так і ёсць.

— Што ты плявузгаеш? Ты б падумаў спярша, што кажаш.

Блішчынскі пастукаў абцасам па абцасу і з упэўненасцю, якая ніколі не пакідала яго, разважна вытлумачыў:

— Слухай, заўжды выходзіць па-мойму. Разумееш? Я казаў таму: не ідзі. Ён пайшоў. Цяпер адно з двух: або ў немцаў, або драпануў, а нас пакінуў. Ну дакажы, што не так?

— Што даказваць? Ён жа не ты.

Блішчынскі фальшыва засмяяўся, пасля абарваў, уздыхнуўшы:

— Кожнаму свая кашуля бліжай да цела. Старая ісціна. Ад тае яго ўпэўненасці, з якой было сказана гэта, у Цімошкіна ўзнік неспакой. Вядома, ён, нават паміраючы тут, не падумаў бы, што Шчарбак знарок пакінуў іх, але ж праўда, што мог ён і заблудзіць у гэтай цемрадзі і прамінуць гэты куст. На самай справе, колькі ж яго трэба чакаць і чым можна дапамагчы яму і сабе? Гэтыя пытанні-клопаты вялізнаю трывогай паўставалі ў хлопцавай душы. Урэшце Блішчынскі, пэўна, рашыў даканаць земляка.

— Ты паслухай: калі мы да ранку не выберамся, то заўтра нам канцы. Разумееш? Куды мы дзенемся, калі вакол немцы!

Цімошкін таіў у сабе няпэўнасць і не ведаў, што рабіць далей. Недзе ў снежнай ночы немцы, немаведама дзе фронт, нідзе ні стрэлаў, ні ракет, усё наваколле сцялося, азмрачнела сціхла, толькі снег шорсткімі косамі ляпіў і ляпіў з ветранага неба. У доле яго ўжо набралася многа, пад ім хавалася трава, да халяў грузлі боты, а ён усё ішоў.

Трывога кашчаватымі пальцамі сціскала хлопца, не давала стаяць на месцы, прымушала нешта рабіць, але, апроч як глядзець і чакаць, — што можна было надумаць? Блішчынскі яшчэ болын занепакоіўся, ды і Цімошкін пачаў разумець, што выйдзе, відаць, па-ягонаму: і Шчарбака яны не дачакаюць, і самі сябе не ўратуюць.

Нарэшце Блішчынскі паддаў плячом аўтамат.

— Ну, ты як хочаш, а я пайшоў.

I ён хутка пакрочыў па снезе прэч ад земляка ў змрок ночы.

На нейкі час Цімошкін разгубіўся, прыкусіў губу, у яго не хапіла рашучасці спыніць сяржанта. Гэта было нясцерпна — застацца аднаму ў такім няпэўным становішчы. Але ён усё ж пачакаў яшчэ, з болем, тугой і адчайнай надзеяй углядаючыся туды, дзе даўно знік Шчарбак. Усімі сіламі сваёй душы ён прагнуў, каб сябар паказаўся, азваўся, хоць як-небудзь напомніў аб сабе. Але ішоў час, а ніхто нідзе не адзываўся ўначы.

Тады хлопец, лаючыся і ў думках праклінаючы немцаў, завею і свайго земляка, штораз азіраючыся, пайшоў па прыкметнаму яшчэ, паўзасыпанаму следу Блішчынскага.

4

Шкандыбаючы адзін у гэтай снегавой каламуці, Цімошкін зразумеў, што Шчарбак — яго самая вялікая страта сёння. Яшчэ нядаўна, як толькі скончыўся той страшны разгромны бой і нямецкія танкі хлынулі на ўсход, здавалася хлопцу, што горшага ўжо не будзе. Палавіна іхніх салдат была пабіта, палеглі многія камандзіры, прарваліся ворагі, і іх засталося ўсяго толькі трое. Але сярод траіх быў Шчарбак — як заўжды, маўклівы, рашучы, дзейны. З ім не было адзіноты, і вялікае гора неяк лягчэй пераносілася ўдвух. Цяпер жа ён быў адзін: ні Здабудзькі, ні слаўнага, харошага Вані. Блішчынскі ж не быў патрэбны яму, — пайшоў ён — і хлопец не шкадаваў таго: хіба мог памагчы ў бядзе такі сябелюбец, як гэты яго зямляк?