Выбрать главу

I ўсё ж Цімошкін ішоў па ягоным следу — ішоў, бо ведаў, што Блішчынскі хітры і заўжды дбае наконт розных хадоў-выхадаў з усякага ліха. Да таго ж на маёравай сумцы ў яго быў компас. Завеяныя сляды ледзьве праступалі з-пад снегу і вялі цераз вялізнае поле, перасеклі схаваны ў снезе прасёлак, які можна было пазнаць па радзе тэлефонных слупоў з дзвюма ніткамі проваду. Затым, задыхаючыся, хлопец перайшоў невялічкі пагорак, абмінуў статак саламяных сцірт і зноў паплёўся палеткам.

Вецер шалёна сек снегавою жарствой па ягоным твары, але сняжынкі ўсё ж патроху радзелі і снегапад меншаў. Наўкола сталі відаць адзінокія дрэвы, дзе-нідзе — шнуркі вінаграднікаў з пахіленымі калочкамі ў кожным кусце; нейкія будыніны ён абышоў здаля — так вялі засцярожлівыя сляды Блішчынскага. I ўвесь гэты час адзінокага блукання з яго галавы не выходзіў Ваня Шчарбак.

Месяц назад ля дунайскай пераправы загінуў намеснік камандзіра іх батальёна капітан Батаў. Хоць і нядобра пра нябожчыка думаць благое, але быў ён вельмі крыклівы і не дужа справядлівы, гэты афіцэр. Аднойчы, яшчэ ў Трансільваніі, здарылася так, што батальён затрымалі дзве нямецкія самаходкі, замаскіраваныя ў вёсцы. Прамой наводкай яны з паўгадзіны расстрэльвалі пяхоту, як заўжды, па нямецкаму звычаю, не шкадуючы сваіх снарадаў. Да вёскі было якіх, можа, кіламетры паўтара, падбіць тыя самаходкі з саракапятак нечага было і думаць, а іншай артылерыі блізка не было, наступленне спынілася. Роты залеглі за насыпам уздоўж дарогі, чакаюць, што вырашаць камандзіры.

I тады гэты Батаў выклікае ўзводнага ПТА лейтэнанта Пішчука і загадвае на рысях выскачыць з гарматай з-за насыпу, пад’ехаць да грушы, што стаяла ў полі якраз пасярэдзіне між дарогай і вёскай, і прамой наводкай расстраляць самаходкі. Пішчук быў малады, не дужа спрактыкаваны лейтэнант, спрачацца з начальствам не ўмеў, сказаў толькі: «Ёсць!» — і пабег да разлікаў.

Калі ж ён аб’явіў разліку задачу, хлопцы апусцілі насы. Зірнуўшы хоць раз на поле, кожны з іх адчуваў, што жыць засталося некалькі хвілін. Да той грушы добрых 800 метраў, — паспрабуй дабярыся да яе па раллі на прыцэле ў дзвюх самаходак. Лейтэнант аб’явіў загад і марудзіць: сам ведае, што справа дрэнь і невядома, на што спадзявацца.

I тады Ваня Шчарбак падхапіў свой аўтамат, узяў яшчэ ў Кеклідзе супрацьтанкавую гранату, скінуў шынель і — у трубу пад насыпам. На тым баку ён па канаве прашмыгнуў да разоры ў палетку і па ёй хуценька папоўз да вёскі.

Увесь батальён глядзеў з-за дарогі на гэты адважны ўчынак Івана Шчарбака. Поўз ён доўга, прыпыняўся, адпачываў. З вёскі, пэўна, яго не бачна было, бо самаходкі зрэдку білі па насыпе, а яго не чапалі. На Іванава шчасце, нямецкай пяхоты ў вёсцы відаць не было, і ён, дапоўзшы да ваколіцы, схаваўся недзе за белымі, скрозь у матках чырвонага перцу, хаткамі.

Іван знік у вёсцы і доўга не падаваў ніякіх адзнак жыцця. Самаходкі зрэдку лупілі па гасцінцы, паранілі камандзіра шостай роты, аднаго сувязіста. I раптам у вёсцы — выбух, і з-за хат валіць дым. Самаходка загарэлася, а другая, пэўна ўчуўшы ліха, загыркатала маторам і падалася прэч за ваколіцу. Хлопцы павылазілі на дарогу, пасля па полі кінуліся да будынкаў. Саракапятчыкі прычапілі гарматы да перадкоў і таксама памчалі туды. I вось падкатваюць яны праз гароды да невялічкага садка, дзе дыміць самаходка, і бачаць: на паграбцы, у якім хаваецца ў венграў віно, сядзіць іхні Іван, бінтуе сабе руку і лае фрыца, які, уцякаючы, усё ж драпнуў яго куляй.

Вось такі быў Ваня Шчарбак.

Ён не дужа любіў кніжную навуку, скончыў усяго толькі шэсць класаў, але ў працы і людзях разумеў шмат. Калі ён капаў акоп, дык ніхто не хітрыў, не валыніў, як кажуць — усе зараджаліся ягонай працавітасцю. А калі хто часам і ленаваўся, дык Іван клікаў таго і казаў: «Падпрагайся. Буду цябе лячыць ад гультайства. Я — выкідаць, ты — падбіраць». Тады ўжо таму хлопцу даводзілася папацець.

I вось неяк бязглузда Цімошкін страціў яго. Вядома, ён, можа, яшчэ і жывы, можа, ён пайшоў іншай дарогай, але хлопец не мог змірыцца ў душы, што Шчарбака няма. Яму было вельмі самотна без сябра ў гэтым шляху. Праз кожныя пяць хвілін ён азіраўся, прыслухоўваўся, думалася: авось, дзе-небудзь пакажацца з цемры яго постаць. Цімошкін усё болей шкадаваў, што паддаўся Блішчынскаму і не пайшоў тады па Шчарбаковым следу, можа б, адшукаў дзе яго. Але ж след хутка засыпала, а тады, калі ён яшчэ быў відзён, была і надзея, што Іван хутка прыйдзе.