Выбрать главу

Снег перастаў церушыць, наўкола пасвятлела. Мароз памацнеў, вецер шкуматаў полы шыняля, і калені дранцвелі ад сцюжы. Твару свайго Цімошкін, здаецца, не адчуваў, можа, адмарозіў, здаровую правую руку хаваў за пазуху, параненая ж зайшлася і дужа балела. Белы зімовы прасцяг усё шырэй рассцілаўся навокал, выставіўшы як напаказ усе чорныя плямы зямлі, быльнёг, вінаграднікі, адзінокія абрысы дрэў. I толькі далячынь на краявідзе пад цёмным навіслым небам тулілася ў змроку, і нідзе не праглядвала ніякіх адзнак месяца.

Сляды Блішчынскага ў доле сталі відаць лепш. Яны прывялі хлопца да нейкага землянога вала ў полі, які бялеў у прыцемках роўнай хрыбцінай і бег некуды ўдалячынь. Блішчынскі, як гэта відаць было па слядах, узлез на яго, пэўна, агледзеўся і пасля, збегшы, пайшоў уздоўж вала. Цімошкін быў зняможаны і на вал не палез, а паціху пайшоў у той бок, куды павярнуў зямляк.

Праз нейкі час наперадзе сталі відаць прысады, між якіх тут пралягала дарога. Баючыся, каб не трапіць у якую бяду, Цімошкін паціху выходзіў з-за вала. Наўкола ўсё было ціха — глыбокая зімовая ноч у белыя пялёнкі спавіла абшар. Ля дарогі ў канаве ляжаў на баку перакулены аўтамабіль, нейкая паклажа з кузава рассыпалася наўкола і густымі плямамі чарнела на снезе. Жывога там, здаецца, не было нікога. Сляды Блішчынскага вялі таксама туды, і хлопец, зняўшы з пляча аўтамат, пайшоў да дарогі.

Ужо непадалёк ад таго аўтамабіля яму здалося, што нехта шмыгнуў на той бок і схаваўся за чорным кузавам. Цімошкін прыпыніўся, угледзеўся — сапраўды, з-за машыны насцярожана тырчаў кароткі ствол аўтамата. Але вось ствол здрыгануўся, апусціўся, і на снег ступіў чалавек, які затым злосна плюнуў у дол і загаманіў, — гэта быў, вядома, Блішчынскі.

— Напалохаў! Думаў, немцы. Ну, дзе твой сябрук?

Цімошкін ужо не думаў дагнаць яго, убачыць зноў, але адзінота — горш за ўсякага ворага. I хлопец у той час крыху ўзрадаваўся — хоць і кепскі ён чалавек, яго зямляк, але, здавалася, удвух ім усё ж будзе лепей. Цімошкін не адказаў на яго запытанне (што тут было казаць?), і Блішчынскі, пэўна, зразумеў гэта як прызнанне ім свае памылкі.

— Слухаў бы мяне. А то заўпарціўся, — казаў ён, выходзячы з-за машыны. I тут Цімошкін заўважыў, што ля кабіны ляжыць нейкае цела ў задраным на голаў шынялі. Зямляк жа, закінуўшы за плячо аўтамат, пайшоў да яго, узяў нагу забітага і тузануў, здзіраючы валёнак. Другі, ужо зняты валёнак стаяў цяпер побач. Вецер раскручваў на снезе анучу забітага.

— Ось халера, прымерзлі, ці што! — казаў Блішчынскі. — Ану, фрыц, аддавай. Памажы, Цімошкін.

Цімошкін прыпыніўся зводдаль і плюнуў у снег.

— I не брыдка табе? — сказаў ён, назіраючы, як Блішчынскі соп і ўсё тузаў нагу, а труп валокся, усё болей загортваючы шынель. Каб было зручней, Грышка ўпёрся ў яго ботам.

— А чаму брыдка? Ногі марозіць горш. Ось як.

Урэшце ён здзёр валёнак, прысеў на скрынку, зняў свае кірзавыя боты і спрытна пераабуўся. Валёнкі сапраўды былі добрыя — з абшытымі скурай наскамі і скуранымі падэшвамі. Блішчынскі прытупнуў імі і штурхнуў локцем аўтамат.

— Валёначкі першы сорт. Дзякуй немцу, цяпер ногі як у печцы будуць. Разумееш?

На дарозе нікога не было, хлопцы перайшлі яе і зноў скіравалі ўздоўж вала. Блішчынскі, як заўсёды, трымаў сябе ўпэўнена, нешта пажаваў з паперкі, пасля спыніўся, выняў з-за пазухі нямецкую, абшытую лямцам, біклагу і адвінціў корак.

— Бачыш? Ром. Мабыць, французскі, — ён коратка хіхікнуў. — Ін віна вэрытас. Разумееш? Ды дзе табе разумець. Праўда ў віне. Запомні.

Пасля, задраўшы голаў, ён трохі пабулькаў, выцер далонню вусны і, не закрываючы пляшкі, спытаў:

— Табе даць? От добра! Селязёнка пацяплела. На, глыні. Толькі нямнога.

Цімошкін нерашуча ўзяў, азірнуўся і, паднёсшы да вуснаў марознае рыльца, глынуў разы два. Ніякай асалоды ён не адчуў, але пахучая вадкасць сапраўды жарам разлілася ў грудзях, адразу стала цяплей. Хлопец аддаў пляшку і, адчуваючы, як паток нейкага новага, нязвыклага пачуцця напаўняе яго істоту, ішоў побач. I тут яму раптам стала вельмі самотна, вельмі прыкра, што побач у такой бядзе зусім не той чалавек, якога б хацелася. «Эх, Ваня, Ваня!» — прашаптаў хлопец, усё азіраючыся, але ззаду над бялявым долам вісела змрочная зімовая ноч.

Блішчынскі шырока сігаў, Цімошкіну было цяжкавата ўгнацца за ім, але ён, як мог, намагаўся не адстаць. Размаўляць у яго не было ніякай ахвоты, два гарачыя глыткі неяк зусім засамоцілі хлопца.