Выбрать главу

— А давай ось так і пойдзем, — сказаў Цімошкін, паказваючы рукою ў бок ад выспы з немцамі. Блішчынскі падняў ад карты свой заклапочаны твар, прыплюшчыў блізарукія шчылінкі-вочкі і паглядзеў, нібы панюхаў, у прастор.

— Што ты, Цімошкін! Не пройдзеш… I не высоўвайся так! Сядай! — па-начальніцку спахапіўся ён, убачыўшы, што хлопец высунуўся з-за сцірты.

Цімошкін пастаяў крыху і адчуў, як пачынае мутнець уваччу. Ідучы, неяк лягчэй было выцягваць з сябе апошнія сілы, ды і не так працінала сцюжа, цяпер жа мерзлі ногі і ўсё цела налілося страшэнным цяжарам. Зноў жа ўладарнаю сілай падступаў да іх голад. Цімошкін абмацаў свае кішэні, выбраў у адным некалькі сухіх крошак і кінуў у рот. У галаве ад стомы і бяссонніцы цягуча, аднастайна гудзела, і думкі ніяк не маглі сагнаць нейкай санлівай ленасці. Хацелася сесці, сцішыцца, і болей, здаецца, нічога не трэба было б.

Цімошкін ссунуўся спіною па саломе і, нейкі абыякавы да ўсяго, аб чым трэба было цяпер дбаць, аддаўся спакою.

Сцірта была вялікая, трошкі нахіленая, з вялізнаю снегавою шапкай наверсе. З гэтага боку, дзе прыткнуліся хлопцы, хтосьці падскуб салому, ад таго зрабіўся застрэшак, пад якім амаль не было снегу. Праз дзесяць крокаў адгэтуль валялася жалезная бочка з двума таўровымі абручамі, і ля яе, прыпарушаны снегам, ляжаў конскі труп. Плоская канячая шыя ўліпла ў снег, чэрава неймаверным горбам выперла ўгору, задняя нага высока задралася, і на ёй свежай іржой чырванела падкова.

— I што ж рабіць? — з трывожнай паныласцю ў голасе спытаўся Блішчынскі, седзячы над картай.

— Трэба чакаць. Можа, увечары выберамся, — сказаў Цімошкін, адчуваючы, што перамагчы стому ў яго ўжо няма сілы.

— Цяпер нам канцы, разумееш? — нерваваўся пісар. — Вось дык улезлі!

— Вось табе і тылавыя часці! — з Ціхай злосцю азваўся Цімошкін. — Хоць бы да франтавых выбіцца.

— Чорт ведае што такое.

— Думай. Ты ж разумны. Ты вёў.

— Ага, я вёў, — зазлаваў Блішчынскі. — Я вёў не да немцаў, а да сваіх вёў. Не забывайся.

— Можа, скажаш яшчэ, што ты ратаваў мяне? — без усякага запалу запытаў Цімошкін, тулячыся да саломы. Блішчынскі скіраваў на яго свае маленькія і вельмі рухавыя вочкі і глядзеў, нібы на вінаватага — са злосцю і прыкрасцю ад усіх іхніх цяперашніх няўдач.

— Свінчо нясмаленае! Каб не я, ты і цяпер пад тым кустом ляжаў бы, сябрука б чакаў.

— А ты б і цяпер пад агароджай сядзеў, — нядоўга думаючы, выпаліў Цімошкін, У хлопца ўжо накіпала на земляка — і за пахвальбу, і за бессаромную баязлівасць, і наогул за ўсё ранейшае, змоўчанае, перажытае ў сабе.

— Ты што? Напраўду думаеш, што я баязлівец? — запальчыва ўсклікнуў Блішчынскі. — Думаеш, за сваё жыццё баюся? Можа, і так. Дапусцім. Хай. Але не забывайся: я гарматы не кінуў, як некаторыя… смелыя. А за гармату ты глядзі… Варта дазнацца начальству і… Разумееш?

— А што гармата? — адкінуўся ад саломы Цімошкін. — Мы што — ворагу яе аддалі? Ці павінны былі цягнуць? Шчарбак вунь клін у рэчмяшку нясе, а болей што?

Блішчынскі змоўчаў, а Цімошкін падумаў, што, пэўна, ён не забудзе ўжо на тую гармату. Можа, яшчэ, выйшаўшы да сваіх, перакруціць усё ды наплявузгае начальству — тады паспрабуй дакажы, што не так. Але хлопец не хацеў задзірацца, ліха на яго — урэшце было аб чым непакоіцца куды болей.

Ён зноў падаўся ў застрэшак, Блішчынскі ж, відаць, не на жарты ўзрушаны новай няўдачай, гугнява скардзіўся:

— А цяпер нам канцы. Гэта як піць даць. Калі нават і выберамся. Цяпер мы — акружэнцы. От жа д’ябальскае ліха! Улезлі!..

Цімошкін і сам ведаў, што гэта кепска. Праўда, дагэтуль хлопец аб тым не думаў, яму ўсё здавалася, што да ранку яны выйдуць з варожага тылу, знойдуць сваю дывізію і ўсё растлумачаць. Але вось гэта затрымка, вельмі падобная на пастку, сустрэла хлопцаў на іх шляху да паратунку. Было ад чаго непакоіцца.

— Цяпер акружэнцы, разумееш? — казаў Блішчынскі. — У анкеце ўжо не напішаш, што ў палоне і акружэнні не быў. Цяпер чортаў знак. Ды яшчэ асобы аддзел на цыгундар возьме. Разумееш?

— А за што браць? — сказаў Цімошкін. — Што мы, якія злачынцы, ці што?

— Гэ, злачынцы! Дзівак, — азваўся Блішчынскі. — Ты, мабыць, мала яшчэ пабачыў. А я дык ведаю. Злачынцы ці не злачынцы, а цяпер на кручок і — хадзі сюды, галубчык. Дакажы, што ты не вярблюд.

Хто ведае чаму — ад гэтага чалавека ішло адно кепскае. Навошта ён напамінаў пра тое, хіба мала было турботаў для іх, знясіленых, галодных, параненых? У Цімошкіна ад тых яго слоў паднялася ў душы злосная крыўда, але ўсё ж нейкай цвярозай частачкай пачуцця ён згадваў, што ў якойсьці меры сяржант мае рацыю. Хлопец і сам памятаў некалькі выпадкаў, калі тых, што выйшлі з акружэння, адпраўлялі ў тыл і там наладжвалі следства. Праўда, тады яго гэта не дужа кранала, цяпер жа сам вось апынуўся ў такім становішчы. Ну, але хай правяраюць, хай пішуць пратаколы, думаў Цімошкін, ён нічога кепскага не зрабіў, і сумленне ў яго чыстае.