— Д’ябла лысага ты разумееш! Ты проста недалёкае хлапчанё, тупак і недавучка, — казаў сяржант. — Што там у цябе — 9 класаў? А я філасофію вывучаў, мудрасць жыцця. Мае бацькі — сам ведаеш — мужыкі. Як жылі? У цемры, нястачы — праца, крупнік, лапці. Што і казаць! Але той час мінуў, і я хачу жыць лепей. Вырвацца ў людзі. Пэр ангуста ад аўгуста — праз цяжкасці да вышынь, разумееш? I я ж не забіваю каго, не краду, не рабую. Я сам па сабе. Што тут дзіўнага? Цяпер я вось кажу табе гэта, бо ты ўсё ж зямляк, хоць і такі калючы. Зноў-такі нас двое, сведак няма, а вунь немцы. Ды і колькі такіх, як я? Толькі яны не скажуць. Яны ў сабе жывуць і для сябе. Думаюць адно, а гавораць другое. Адны дурні адкрытыя і роўныя, як бёрны.
Цімошкіну дужа захацелася ўстаць і пайсці ад яго — пайсці да іншых людзей, такіх, што былі ў іхнім разліку — да Шчарбака, Скварышава… Нават Здабудзька здаўся цяпер яму простым харошым дзядзькам. Але пайсці не было як. Ззаду, наперадзе і па баках былі ворагі, Шчарбак прапаў недзе ў снегавой ночы. Скварышаў, Кеклідзе засталіся навек у тым вузкім ровіку на іхняй агнявой пазіцыі. I толькі ён — гэты смоўж, самы агідны яму з дзяцінства чалавек, сядзеў праз крок ад хлопца ў гэткі гаротны час і спавядаўся гідотаю свайго жыцця. I Цімошкін яго слухаў, бо што ён мог зрабіць адзін у гэтай бядзе?
«Эх, Ваня, Ваня, дарагі ты мой, любы сябра, — думаў ён. — Як ты патрэбны мне ў гэты час! Мы пахавалі з табой палавіну нашых сяброў, бачылі смерць кожнага і ведалі, дзе іх магілы. Але што я напішу тваёй маці, калі ўшанцуе мне выбрацца да сваіх? Быў бы ты тут, не было б мне гэтулькі клопату, пры табе не стаў бы плясці такое агіды Блішчынскі. Пэўна, ён прыкусіў бы язык ды казаў бы другое — хваліўся б добрымі справамі, якія б напэўна выдумаў. Ты, вядома, не даў бы яму плявузгаць, а ў мяне ўжо няма больш сілы спрачацца…»
Блішчынскі тым часам устаў на ногі, крыху прыгнуўшыся, абышоў сцірту, аглядаючы наваколле. Немцы на выспе снавалі ўсё, як мурашкі, ззаду па дарозе імчалі аўтамабілі ў кірунку да фронту. У снегавым прасторы яшчэ паяснела, але неба было скрозь захутана шэрасцю хмар: дзьмуў сцюдзёны марозны вецер. Грышка зноў сеў, уціснуўся спіною ў салому, падкурчыў ногі і сцішыўся. Прыцярпеўшыся да болю ў руцэ, Цімошкін заплюшчыў вочы — у галаве салодка закружылася, паплыло, і неяк раптоўна ўсё сціхла.
Ён задрамаў, сам таго не заўважыўшы, бы праваліўся ў якую бездань — без сноў і адчування часу. Праўда, спаць, здаецца, давялося нядоўга. Пастаянная ўнутраная насцярожанасць хутка скаланула акалелае цела, ён спалохаўся, каб чаго не здарылася, і расплюшчыў вочы.
Ля сцірты ўсё было па-ранейшаму, скуголіў, шалясцеў саломаю вецер, Блішчынскі зябка скурчыўся побач, уткнуўшы твар у калені. Поле скрозь ляжала пустэльнае, на дарозе ззаду сюды-туды поўзалі аўтамабілі, ды на ўзгорку ўсё тырчалі немцы. У полі, навокал, на ўсю сілу кружыла мяцеліца, снегавыя вужакі віліся, матляліся, распаўзаліся па роўнядзі; вылізваючы прастор, няспынна імкнулі ўдалячынь шырокія хвалі завеі. Ад пакінутай бочкі са штампаваным у дне надпісам «Wehrmacht» выцягнулася ў полі выгінастая снегавая гурбіна. У ёй напалову схавалася нерухомая конская спіна, ногі, толькі пасмы чорнае грывы трапяталі, біліся на ветры, нібы ў іх яшчэ асталіся некія рэшткі жыцця. Не тое каб Цімошкін спачыў, але драмаць болей не адважыўся, тым больш што трэба было глядзець, каб не трапіць у горшае ліха.
Блішчынскі спаў, соладка пасопваючы сабе ў калені, нанерваваўшыся і, пэўна, першы раз па-сапраўднаму адчуўшы крушэнне ўласных разлікаў.
Трэба ж было даўмецца да такога нахабства, думаў Цімошкін, каб палезці нават у партыю. Хлопец заўжды лічыў, што такім, як Блішчынскі, не месца нават у камсамоле, што для гэтага ў яго не вельмі чыстыя рукі і бруднае сумленне, а ён — на табе — ужо здабыў рэкамендацыі ў партыю. I першы рэкамендуе яго непасрэдны камандзір, начальнік артылерыі маёр Андрэеў.
Цімошкін пакутліва згадваў, як усё гэта магло здарыцца, і тады з забыцця нечакана выплыў адзін Грышкаў учынак, які некалі непрыемна ўразіў яго. Тое адбылося яшчэ ў абароне ў Малдавіі. Неяк трапіўшы ў штаб, Цімошкін захацеў пабачыць свайго земляка і пайшоў шукаць яго па камандным пункце. Блішчынскі, пэўна, вяртаўся з хутара, і хлопец спаткаў сяржанта з поўнай пілоткай абрыкосаў, якую ён нёс перад сабою між штабных зямлянак. На яго, вядома, накінуліся пісары, што з вясны сядзелі тут у зямлі і, апроч кукурузы і свіное тушонкі, не бачылі іншае ежы. Але Блішчынскі, смеючыся, адбіўся, выкруціўся і неўзабаве нырнуў са сваёю пілоткай у зямлянку маёра Андрэева. Цімошкін чуў праз завешаныя палаткаю дзверы, як маёр няёмка аднекваўся, а пасля гэтак жа нязвыкла дзякаваў пісару, відаць, узяўшы тыя абрыкосы. Хутка Блішчынскі выйшаў адтуль, задаволена ўсміхаючыся, надзеў на голаў парожнюю ўжо пілотку і хітра падміргнуў земляку. Хлопцы на перадавой не мелі такой раскошы, Грышка ведаў гэта, але, як і ўсіх, ён абышоў Цімошкіна, несучы свой пачастунак маёру. Відаць, гэта было не адзін раз, і, вядома, сэрца чалавечае — не камень. Блішчынскі ўмеў падладзіцца, лісіцай падпаўзці да чалавека і паказаць сябе зусім іншым, чым быў сапраўды. Доказ таму — гэтая вось рэкамендацыя.