Выбрать главу

Трывожна шархацеў ды рваўся на ветры кукурузны палетак, нядобра каламутнела змрочнае неба — хутка насоўвалася халодная ноч. Нейкі час Шчарбак стаяў між станін, шырока расставіўшы ногі, зацярушаны снегам, у ватоўцы і ссунутай набок шапцы — ладны, камлюкаваты, дужы хлапец. Вядома, яму шкада было гэтай гарматкі, з якой прайшлі яны ад Днястра да Балатона, якая нямала разоў ратавала ім жыццё і памагала пяхоце. Пад Кішынёвам, у часе прарыву з акружэння нямецкай групоўкі, нейкі гітлеравец шпурнуў у яе супрацьтанкавую гранату. На шчасце, не пацэліў: граната пераляцела шчыт, разарвалася ззаду і толькі перабіла станіну. Пасля станіну заварылі, прыладзілі сталёвую латку, і хлопцы казалі, што гэта — шчаслівы знак, з якім гармата дажыве да міру. Затым, ужо ў Венгрыі, буйнакаліберны кулямёт з бронетранспарцёра зрабіў на шчыце касую адмеціну куляй. На правым сашніку ў заклёпках была прабоіна ад чаргі «месершміта», якой ён забіў колішняга правільнага Нерчыка.

Людзі ў разліку мяняліся — параненых адпраўлялі ў шпіталь, забітых хавалі. Даўжэй за ўсіх аставаўся ў страі маўклівы сяржант Скварышаў. Але вось сёння не стала Скварышава і, пэўна, прыйшоў канец і гармаце.

Прастуджана высмаркаўшыся, Шчарбак пачаў завіхацца каля гарматы. Узяць яе з сабой яны не маглі, а кінуць цэлаю ворагам не мелі права. Добра, калі б была супрацьтанкавая граната ці хоць бы адзін снарад. У такіх выпадках варта было ўсыпаць у ствол жменю пяску і стрэліць, як яго разарвала б на часткі. Але снарада ў іх не было ніводнага. Шчарбак перакідаў ужо ўсе скрынкі, перагарнуў ботам усе гільзы ў доле — звонкія, смярдзючыя і пустыя. Заставалася адно — выняць клін. Нейкі час пакалупаўшыся ў затворы, Шчарбак зрабіў гэта і гукнуў Здабудзьку:

— Знімай торбу.

Не пытаючы навошта, ездавы зняў з-за плячэй свой рэчмяшок, развязаў лямкі, і наводчык укінуў туды паўпудовы клін і прыцэл.

— Ого, цяжкі які, — зазначыў Здабудзька.

— Не твой клопат. Сам панясу, — няласкава аб’явіў Шчарбак.

Ён паставіў тарбіну ля сашніка і паскроб патыліцу.

— Ну, а далей як?

— Давай кукурузай закідаем, — прапанаваў Цімошкін. — Усё схоўней будзе. Можа ж, вернемся.

Пастаяўшы трохі, Шчарбак выцягнуў з похвы разведчыцкі нож і пайшоў у кукурузу. Здабудзька, крыху ўжо ачуўшыся ад свае бяды і супакоіўшыся ад ушчування, падаўся следам.

Яны доўга шасталі ў палетку, пакуль набралі па абярэмку сцяблоў, прынеслі, кінулі на станіны і пайшлі зноў. Шчарбак адышоўся далёка, туды, дзе кукуруза была гусцейшая, а Цімошкін усё сядзеў на брустверы, туліў да грудзей сваю ляльку-руку і чакаў. Ад маўклівасці і шумлівай ветранай аднастайнасці яго думкі зноў запаланіла туга іхняй вялікай няўдачы.

…Яшчэ ўчора яны жылі тут, як можна, да пары да часу жыць на вайне — зрэдку стралялі па ворагу, падоўгу сядзелі ў вузкім акопчыку-ровіку, чакалі вечара, калі старшына прыносіў абед і вячэру, мерзлі і многа курылі. Уночы — хоць і нельга было, — паставіўшы вартавога, спалі, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго. У здаравякі Шчарбака была шырокая цёплая спіна, Цімошкін накрываўся з ім адным шынялём, другі слалі ў сподзе. Заўжды ў ціхую гадзіну Кеклідзе прыпамінаў далёкую Грузію, шгшлык, віно і сваіх хлопцаў-блізнят. Скварышаў болей маўчаў. I вось цяпер няма Скварышава, няма Кеклідзе, уранку адправілі ў шпіталь Румкіна, разгромлены полк, невядома што засталося ад дывізіі… I як цяпер выбрацца з гэтага ліха, дзе напаткаць сваіх? Няўжо немцы на ўсю глыб прарвалі фронт і паперлі к Дунаю? Чаму гэта ўсё цішаюць, радзеюць далёкія выбухі? Мноства невясёлых пытанняў свідравала хлопцаву галаву, толькі адказу на іх не было.

Ужо добра сцямнела, а снегавыя крупінкі ўсё сыпаліся і сыпаліся з хмарнага нізкага неба. Раўнінны абшар збялеў, наперадзе невыразна шарэлі пакалечаныя дрэвы прысадаў: частыя варонкі на зямлі хаваліся ў снезе. Не стала відаць і немца, забітага апошнім пасля таго, як прарваліся танкі. Тады іх чалавек пяць ці болей рынуліся на гэту пазіцыю. Іншыя ўцяклі, а гэтага з аўтамата падстрэліў Шчарбак, і немец, закінуўшы валасатую голаў, да змяркання ўтрапёна пазіраў на іх ашклелымі вачамі. Цяпер яго шчыльна зацерусіў снег.

Раптам у кукурузе, прыглушаны непагаддзю, стукнуў адзіночны стрэл. Падумаўшы, што там немцы, Цімошкін ухапіў з бруствера свой аўтамат і ўстаў. Нейкі час было ціха, а пасля з таго боку паказаўся з абярэмкам сцяблоў Шчарбак.