Ён быў у іх першым актывістам, пасля сакратаром сельсавета, арганізоўваў калгасы, хадзіў і ездзіў па ўсёй акрузе, ніколі не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Аднаго разу яго падстрэлілі з драбавіка, аднойчы хацелі ўтапіць. Пасля нейкага сходу парнулі нажом, і ён пасля таго кульгаў цэлае лета… Затое як любілі яго дзеці! Ставіўся ён да іх весела, гулліва, заўжды жартаваў і часам апавядаў, якое будзе жыццё ў краіне праз шмат-шмат гадоў. У такі час ён станавіўся задуменналірычны і ветлы.
У трыццаць сёмым ён ужо быў сакратаром райкома камсамола, прыязджаў калі ў іхняе мястэчка і, як і раней, ездзіў па вёсках. Толькі ў гэты час яго не было каму ненавідзець, і ніхто яго ўжо не спрабаваў забіць. Людзі паважалі яго — і маладыя і старыя — і болей за якое іншае начальства ведалі ў раёне. Да яго хадзілі калгаснікі са сваімі бясконцымі клопатамі, ён заўжды ўсім памагаў як мог. Іх маленькая, не болей чым за дзесятак кіламетраў вядомая вёсачка праз яго стала славутай у раёне. Усе ведалі, што ён іх, — гэты камсамольскі сакратар Ждановіч. А ён усё жыў нежанаты, без гаспадаркі ці якога набытку.
Ягоны стары за пятнаццаць кіламетраў вазіў яму харч, маці мыла бялізну. I тады знайшліся ўсё ж ненавіснікі, якія рашылі знішчыць яго. Восенню неяк прывалокся з раёна стары Ждановіч, прынёс сякі-такі сынаў набытак і на ўсе роспыты толькі ўздыхаў; маці ж плакала. У той час нярэдка здаралася гэта, але ніхто ніколі не мог падумаць, што страшныя словы «вораг народа» будуць прылеплены да Адама Ждановіча. I вось так сталася. На доўгія гады, бы ў ваду, знік чалавек без следу і слыху.
Вясковыя падлеткі дзіваваліся не менш за дарослых і ніяк не маглі зразумець, што гэта дзеецца ў свеце. Некаторыя мужыкі былі цвёрда ўпэўнены, што адбылася памылка, казалі, разбяруцца недзе і Адам неўзабаве вернецца. Але міналі гады, а ён не з’яўляўся. Цімошкіну ж душу доўга вярэдзіў незагойны боль па ім, і колькі хлопец сабе ні казаў, што Адам — вораг, калі так з ім зрабілі, сэрца яго не хацела пазбыцца шчырай прыхільнасці да чалавека. Шмат у тую пару было ім прачытана кніжак, паўставалі ўваччу і знікалі вобразы невядомых смелых людзей, а гэты свой хлопец Адам Ждановіч пакутным няўцямным болем доўгія гады жыў у ягоным сэрцы.
I пэўна, даўно ўжо не адчуваў ён такой радасці, як у тым вузкім ровіку ля кукурузы, калі даведаўся з пісьма, што сэрца не ашукала яго.
6
Скалелы і ўшчэнт змардаваны, ён зноў, здаецца, заснуў. Невядома, колькі цягнуўся той сон, але раптам нехта тузануў яго за плячо — хлопец здрыгануўся, прахапіўся і ўбачыў над сабой Блішчынскага. Той нешта казаў, але Цімошкін, не разумеючы, бачыў толькі, як бязгучна варушацца яго тонкія вусны, трывожна раздзімаюцца ноздры і ў акругленых рудых вачах сцюдзянее страх.
— Цімошкін, ідуць!.. Чуеш, ідуць!.. Сюды!..
Хлопец прыўзняўся ў саломе, ахоплены прадчуваннем бяды, але ўсё яшчэ не мог зразумець, што здарылася і што яму трэба рабіць. Пасля ўскочыў на балючыя, акалелыя ногі, схапіў аўтамат і ўгледзеўся ў снежнае поле, куды тыцкаў рукою сяржант.
Іхнім ранішнім следам па полі ад дарогі ішоў чалавек. Было яшчэ далёка, і Цімошкін не мог згледзець, хто гэта быў: свой, немец або, можа, венгр, але ўжо цяпер можна было ўгадаць, што кіраваў ён якраз да гэтае сцірты. Добра, што Блішчынскі прачнуўся і згледзеў яго. Відаць было па ўсім: пісар спалохаўся і цяпер бегаў вачмі па абшары, шукаючы дзе паратунку. Але ратавацца не было куды — наперадзе і збоку ўдалечы імчалі па дарозе нямецкія аўтамабілі, на гузе-ўзгорку ўжо акапаліся і чагосьці чакалі немцы. Добра, што на гэтай шырокай роўнядзі ворагі былі далёка ад іх і, мабыць, не дужа ўглядаліся ў свой тыл — пэўна, уся іх увага была скіравана ў бок фронту.
Чалавек у полі падыходзіў усё бліжэй. Блішчынскі прытуліўся за рогам сцірты; дрыжучы ўсім целам ад сцюжы, Цімошкін прысеў побач, і яны пазіралі з ім, імкнучыся як-небудзь дазнацца, хто ён. I тады стала відаць, што ён ідзе неяк дужа цяжка, хістаючыся ў бакі, як п’яны, калі-нікалі спыняючыся. Пасля ім здалося, што ён нешта нясе на сабе — цяжкае і вялікае, што прымушае яго так няроўна ступаць і схіляць голаў.