— Таварыш маёр! Таварыш маёр! Вы жывыя?
Тады ў доле нядобра прастагнаў Шчарбак. Павольна, пэўна, ледзьве пераадольваючы стому, ён узняўся на рукі, затым на калені, прыступіў на адну нагу, на другую… Твар яго стаў яшчэ страшнейшы — да часу пастарэлы, счарнелы і ўпарты хлапечы твар, — марудна паднімаўся ён, несучы ў вачах поўны нянавісці і злосці погляд, скіраваны ў бок Блішчынскага. Цімошкіна Шчарбак чамусьці не заўважаў, нібы яго і не было тут. Адчуваючы, што здарылася жахлівае, хлопец, не цямячы нічога, вінавата стаяў побач.
А Шчарбак тым часам устаў і, не зводзячы лютага позірку з Блішчынскага, счырванелай рукой намацаў ззаду свій кабур, дастаў пісталет і знясіленым павольным рухам тузануў узад і наперад затвор.
— Скідай шынель, воўчая душа! — сіпатым прастуджаным голасам сказаў ён Блішчынскаму. Той, хіснуўшыся, ускочыў ад маёра, ускінуў перад тварам рукі з тонкімі дрыготкімі пальцамі і замармытаў агідна і жаласна:
— Стой, стой! Што ты?! Завошта? Я ж нічога… Клянуся!..
— Клянешся? Ах ты падлюга, здрадніцкая морда!.. Клянешся? А маёра хто кінуў? Хто сам ратаваўся? Не, не выйдзе, гніда!
Ён сагнуў руку з пісталетам, скіроўваючы яго ў грудзі Блішчынскага, і тады, можа, за якое імгненне да стрэлу, нейкая сіла штурхнула Цімошкіна да сябра. Ён схапіў яго за руку і, сам не ведаючы чаму, загаманіў:
— Стой, Ваня! Стой! Не трэба! Потым! Чуеш? Потым. Шчарбак ірвануў ад яго руку.
— Прэч! Не замінай!
Але ўжо гэтае кароткае імгненне прамаруджання дало, пэўна, Грышку магчымасць апамятацца, і ён закрычаў другім, абураным голасам:
— Што ты робіш?! У каго страляеш?! Разбярыся, зразумей, дурань. Завошта губіш!!!
Ці гэта зрабіла сваё ўражанне, ці тое, што Цімошкін паспеў крыкнуць, што тут недалёка немцы, але Шчарбак апусціў пісталет.
— Ах ты, сабака! — калоцячыся ад злосці, хрыпеў Шчарбак. — Ён яшчэ абураецца, ён выкручваецца. Глянь во! — паказаў хлопец у дол, дзе па-ранейшаму нерухома ляжаў маёр. — Во што ты нарабіў, свалата прадажная. А яшчэ сяржант! А яшчэ пісар! Ну чакай! Ад мяне ты не ўцячэш. Я цябе з-пад зямлі дастану!
— Ды што ты? Што ты на мяне накінуўся? Я яго кіламетр цягнуў. Але ж ён памёр! Зразумей! Памёр… я думаў. Таму і паклаў. Як жа несці! Немцы вакол. Сам жа ведаеш, чалавек ты!
Ён ужо зразумеў, што небяспека мінула, і нават паспрабаваў фальшыва ўсміхнуцца, каб упэўніць Шчарбака, што той памыляецца.
Іван нервова запіхаў у кабур пісталет і, не зводзячы з пісара цяжкага позірку, зморана і злосна хрыпеў:
— Свайго камандзіра, свайго начальніка параненага кінуць пад самым носам у ворага! От свалата, от жа нягоднік! А што цяпер? — Ён цяжка і павольна апусціўся на калені перад маёрам. — Рукі памарожаны, ногі, пэўна, таксама. Ну, дай цяпер рады. Як дасі?
Цімошкін таксама падаўся да маёра — шызы шынель таго на плячах і грудзях быў у рудых падмёрзлых плямах крыві, пабялелы твар здаваўся зусім нерухомы, толькі пад вокам неспакойна торгалася нейкая маленькая жылка. Маёр даўно, відаць, страціў прытомнасць і ціха стагнаў у часе кароценькіх неглыбокіх уздыхаў.
— Цяпер ты яго панясеш, воўчая душа, — паднімаючы ад параненага голаў, сурова сказаў Шчарбак. — Адсюль і да канца.
Пасля ўдвух з Цімошкіным яны пасунулі маёра глыбей пад застрэшак, Блішчынскі ўслужліва разварушыў салому, дапамог ухутаць ёю маёравы ногі. Выраз сяржантавага твару быў яшчэ насцярожаны, але ў позірку паступова з’яўлялася хітраватая ўпэўненасць. Шчарбак раззлавана і заклапочана хмурыўся.
— У яго, бач ты, яшчэ і рука прастрэлена, крыві шмат выцекла. Цяпер, глядзі, што робіцца, — ён прыўзняў з саломы маёраву далонь. — Каб чаго кепскага не сталася. Памарожана.
Рука сапраўды была страшная, нейкая дужа белая і распухла-азызлая, ды і наогул маёр быў ледзьве жывы. Дзіўна было Цімошкіну бачыць знаёмую вялікую постаць гэтага чалавека, іхняга камандзіра, і разумець, што цяпер ён зусім ужо не той, адна прысутнасць якога надавала артылерыстам упэўненасці і сілы ў баі. Цяпер ён быў слабейшы за якое дзіця. Але ім не патрэбна была яго сіла — яны прагнулі толькі, каб ён ачнуўся з забыцця, загаварыў, убачыў, у якую бяду трапілі хлопцы, і што-небудзь параіў.
Шчарбак нейкі час сядзеў над ім, самкнуўшы над ілбом строгія бровы, і нешта ўпарта-напружана думаў. Адчуўшы, што сябар пакрысе адышоўся ад свайго гневу і крыху спачыў, Цімошкін спытаўся: