Было па-ранейшаму ціха.
Увесь скалелы, Цімошкін трошкі аслабіў сваё напружанне і ўдыхнуў болей паветра. «Можа, як-небудзь?» — бессвядома з’явілася маленькая кволая надзея. Ён прысланіўся спіной да саломы, захінуў шынялём калені і, усё ўглядаючыся ў хутар, пачаў чакаць.
Яго напятая, як струна, прага-жаданне, каб як-небудзь мінула чалавека бяда, трошкі аслабла, і за тое пасля ён гатовы быў праклясці сябе. Можа, тым хлопец пазбавіў сябра якой незразумелай таемнай падтрымкі, можа, ён ад таго раней, чым трэба было, згубіў асцярогу і аддаўся бяспецы. Ён не ведаў, як тое сталася — можа, нават міргауў у той час, — толькі неяк раптоўна і нечакана ўбачыў, што наўпрасткі па снежным полі з хутара шпарка, ратуючыся, бяжыць чалавек.
Спачатку хлопцу здалося, што гэта хто другі, не Іван. На якую секунду ён разгубіўся, не цямячы, што сталася, і затым у хутары імпэтна і глуха затрашчаў аўтамат.
Па ім пусцілі доўгую, відаць, паспешную чаргу, Іван азірнуўся і кінуўся ўбок, пасля ў другі — хітраваў, каб не ўцэлілі. У Цімошкіна схаладзела скрозь унутры, пасля нейкім гарачым варам пляснуўся ў душу спалох. Побач устрывожана ўскочыў Блішчынскі, але хлопец не глянуў на земляка, — яго пранізала адчуванне, што Іван у смяртэльнай бядзе.
Далейшае адбылося надзвычай хутка і жахліва. Два ці тры аўтаматы з хутара пачалі біць кароткімі імпэтнымі чэргамі. Іван упаў першы раз, перакаціўся ў доле, стрэльнуў у адказ, усхапіўся, пабег і ўпаў зноў.
Нястрымнае жаданне памагчы сябру, які, пэўна, гінуў, падхапіла хлопца з застрэшка. Ён кінуўся ў поле — ногі бухнулі ў спрасаваны снежны ўзгорбак, вецер з-за сцірты злосна рвануў полы шыняля. I тады ззаду злосна азваўся Блішчынскі.
— Стой! Куды? Ці ты здурнеў? Куды цябе гоніць? Цімошкін толькі на імгненне адарваў позірк ад далечы, азірнуўся на гэтага недарэчнага тут між імі Блішчынскага, які ўскочыў пад сціртай. I калі ён зноў, бегучы, зірнуў наперад, Ваня ляжаў на снезе ў некалькіх метрах ад раўчука і, здаецца, не кратаўся.
У Цімошкіна падагнуліся ногі. Спатыкнуўшыся, ён глытнуў нешта тугое і нясцерггаа крыўднае, што падкацілася к горлу, і з дзікай лютасцю зароў на Блішчынскага:
— А ты што?! Зноў? Наперад, сволач! Чуеш? Марш!
Невядома, што ён крычаў яшчэ, толькі збялелы Блішчынскі скамянеў пад застрэшкам і, аберуч трымаючы аўтамат, няўцямна ўтаропіўся ў яго. Цімошкін жа спяшаўся і аж тросся, панішчаны бядой, а ён усё туліўся пад сціртай, баючыся выйсці на снег. Тады хлопец ірвануў рукаятку аўтамата і кінуўся да яго.
— Наперад, сабака!!! Застрэлю!!!
Ён траціў над сабою ўладу, мог бы забіць яго, і Грышка, відаць, зразумеў гэта. Бачна было, як у рудых пісаравых вачах варухнуўся спалох, як задрыжалі яго тонкія вусны, і ён, боязна паглядваючы на земляка, нясмела ступіў з-пад застрэшка.
— Ну чаго ты? Чаго? Ашалеў хіба?
— Бягом! — крычаў Цімошкін і, падхапіўшы пад паху аўтамат, пабег з ім, поўны здзічэлай рашучасці забіць, калі ён не паслухае. Недзе ў хлапечым нутры стала нясцерпнай тады накопленая гадамі нянавісць да яго подлай натуры, да таго ж ён ведаў, што адзін з балючай рукой не здолее, — калі, можа, трэба будзе, — несці Ваню. Блішчынскі боязна трухаў, невядома чаму разявіўшы рот і пазіраючы то ў бок хутара, то скоса — на хлопца. Цімошкін жа не глядзеў наперад — ведаў, там чакае яго бяда, і пад дулам свайго аўтамата гнаў туды пісара.
Так яны дабраліся да дрэўцаў, і Цімошкін вельмі спалохаўся, каб ворагі раней за іх не падбеглі да Вані. Але стрэлы з хутара сціхлі, здаецца, адтуль ніхто так і не паказаўся ў полі, Ваня ж паціху кратаўся, толькі ўжо не ўставаў болей — мабыць, патроху поўз у раўчук.
Узмежак быў вузенькі, з пасохлым быльнягом у снезе і тонкімі дрэўцамі. Блішчынскі пабег цішэй і ўрэшце перайшоў на крок. Цімошкін строга крыкнуў на яго — Грышка паслухаў і зноў неахвотна патрухаў бягом. Ён цяжка дыхаў ад стомы, сумка нязручна боўталася на яго баку, і пісар раз-пораз адкідваў яе назад. Здаецца, ён ужо перамог свой страх і стаў па-ранейшаму панылы і злосны.
Ваня поўз. Ужо стала відаць, як валок ён па снезе сваё цела, пакідаючы ззаду шырокую баразну-след. Цімошкін зноў прыкрыкнуў на Блішчынскага, які наравіў адстаць, і сам бег як толькі мог, трацячы рэшткі невялікае свае сілы.
Так яны падбягалі да Вані. Ужо зусім блізка быў неглыбокі заснежаны раўчук, калі з хутара зноў разанула паветра чарга. Тоненькая, як птушыная лапка, галінка, ссечаная куляй, упала з дрэва ў дол, вецер адразу падхапіў яе і шпарка пагнаў у прастор. Грышка ўраз пляснуўся па той бок узмежка, Цімошкін, не хочучы пакідаць яго, таксама лёг на гэтым баку. У паветры коратка і люта фыркнулі кулі, кавалак мерзлай кары ад дрэва адскочыў у снег перад хлопцавым тварам, і тапалёвы камель заблішчаў белаю плямкай.