Выбрать главу

Трэба было ратавацца адсюль, і пакуль што гэты паратунак Цімошкін бачыў ля сцірты. Яны падхапілі Ваню пад пахі і за нагу і асцярожна сунуліся ў раўчук. Ваня застагнаў, пабялеў з твару, але маўчаў.

Ступаючы ў глыбокія ранейшыя свае сляды, яны перавалаклі яго на той бок, — далей трэба было паўзці.

8

Гэта быў страшэнна пакутны шлях, ён адабраў усе невялікія іхнія сілы. Невядома, колькі гадзін яны паўзлі праз завею, але калі дабраліся да сцірты, зімовае сонца ўжо садзілася за небасхіл. У вышыні праз падраную смугу неба блішчала падталая льдзінка месяца, а яны, ушчэнт выкачаныя ў снезе, мокрыя ад поту, ляжалі ля сцірты і сіпавата, знясілена дыхалі. Шчарбак вельмі пакутаваў. Твар яго ўвачавідкі схуднеў, стаў шэры, вочы запалі пад лоб, хлопец прыкрыў іх пасінелымі вейкамі і ціха стагнаў. Цімошкін выцягся побач з сябрам, не здолеўшы нават запаўзці пад застрэшак, і не мог зладзіць з сэрцам, якое бяссільна калацілася ў грудзях. Навярэджаная яго параненая рука з разматляным бінтам нясцерпна торгала, бы нарывала. Змораны, прымоўклы, Блішчынскі сядзеў пад сціртай і атупела глядзеў на хутар. Яны ўжо не ведалі, як ім тут быць і як выбірацца далей — ісці ў іх не было ніякае сілы.

I ў такі вось час, калі ад знямогі мутнела ўваччу і ўсё на свеце было непатрэбна і абыякава, пачуўся спалоханы голас Блішчынскага:

— Немцы!!!

Гэта было самае горшае — іхняя пагібель, здаецца, падступіла ўпрытык. Але ўжо столькі было перанесена імі за апошнія дні, столькі выпакутавана, што гэтая страшная навіна не спалохам, а толькі самотнай тугою азвалася ў іх душы. Усё ж Цімошкін неяк устаў з долу і, перасільваючы ў сабе знямогласць, сеў на снезе. З-пад хутара, паўз дрэўцы, пэўна, па іхніх слядах, адзін за адным ішлі немцы.

Блішчынскі з нечаканым спрытам падхапіў аўтамат і падаўся за сцірту. У доле заварушыўся і прастагнаў Ваня. Ён прыўзняўся на руках, прыкусіў ад болю губу і ўгледзеўся ў звечарэлы прастор.

— Валодзя, — за сцірту! — пакутна моршчачыся, сказаў ён, і Цімошкін адчуў, што ім засталося адно — біцца.

I сілы яшчэ знайшлося. Цімошкін устаў, учапіўся адною рукой за Ваневу руку і сяк-так памог яму дацягнуцца да іх саламянага прытулку.

Але, кажуць, бяда не ходзіць адна. Не паспелі яны запаўзці ў застрэшак, як новая трывога — за маёра — зварухнула нутро Цімошкіна. Прыкрыты да паловы саломай, Андрэеў ляжаў, як і раней, і ягоны твар, прысыпаны снегавою мукой, здаваўся нежывы. Хлопец кінуўся да яго, крануў за плячо, трасянуў — ніводным рухам, ніводным знакам маёр не азваўся. Тады ён, вырываючы гузікі, расшпіліў ягоны шынель, прыпаў вухам да шырокіх нерухомых грудзей і хутка зразумеў, што ў іх ужо не засталося жыцця. Ён сказаў аб тым Шчарбаку, але той, спакучаны сваім болем, толькі курчыўся на саломе і маўчаў.

Немцы між тым таропка шыбавалі па ўзмежку — усяго іх было дванаццаць. Адзін адстаў нечага, прыгнуўся, пакорпаўся над сваім абуткам, пасля бягом даганяў пярэдніх. Далей і з боку ад іх, за хутарам, абыякавае да людское бяды, заходзіла чырвонае, патухлае сонца. Вецер патроху цішэў, і завея ў полі спакайнела. Ваня прыціснуўся да саломы ў доле, ён яшчэ болей збялеў і, пэўна, каб не стагнаць, моцна сціскаў сківіцы. У Блішчынскага нервова дрыжала пашчэнка, увесь ён неяк прыціх і разгублена шныпарыў вачмі па снегавым прасцягу.

Трэба было рыхтавацца да бойкі, і Шчарбак, павярнуўшы да хлопцаў твар, на якім ляжала выразная грымаса болю, раздражнёна крыкнуў:

— Ну, што стоўпіліся? Цімошкін — пад каня!.. Ты, пісар, — на той бок, за сцірту! Адбівацца будзем!

Блішчынскі, прыгнуўшыся, моўчкі шмыгнуў за сцірту, Цімошкін выйшаў з-за рога і пачаў мясціцца ў снезе ля конскага трупа. Ваня ўсё ляжаў ніцма пад сціртай.

— Ат, чорт!.. Закурыць бы! — ціха прастагнаў ён. Заўжды ў хвіліну, калі насоўвалася небяспека, ён прагнуў курыць. Звычайна ў такі час Цімошкін згортваў цыгарку, прыкурваў і соваў сябру ў зубы, а ён, не адрываючыся ад прыцэла, наводзіў гармату па пяхоце ці танках. Гэта памагала яму быць спакойным і роўна рабіць сваю справу. Цяпер жа курыва ў іх не было, і Ваня з болем і горыччу вылаяўся.

Яны пачалі чакаць. Каб ямчэй было ўцэліць, Цімошкін паклаў аўтамат на худы конскі загрывак, — страляць адною рукою было нязручна. Шанцаў выйсці жывымі з гэтага ліха ў іх было мала, калі б хоць удалося падпусціць ворагаў бліжэй. Наўрад ці будуць немцы атакоўваць іх, але агню зададуць, гэта хлопцы ведалі добра. Яшчэ кепска, што так мала было патронаў — па адным толькі дыску на аўтамат. Аднак прыдумаць што-небудзь другое ўжо было позна. Немцы павярнулі ад дрэўцаў і, абхопліваючы сцірту падковай, пачалі разыходзіцца ў полі. Яны пакуль што не стралялі, але, відаць, адчувалі, што будзе бойка, і, насцярожана ступаючы ў снезе, падыходзілі ўсё бліжэй.