— Ваня, бяры тых, што злева, а я — што справа, — сказаў Цімошкін сябру.
Шчарбак кіўнуў галавой. Яму, пэўна, гаварыць было цяжка, і выглядаў ён вельмі зняможана. У Цімошкіна балюча заныла ўнутры, не так за гэту бяду, як за Ваню, — чулася яму, што нямала пакут чакае хлопца з той яго ранай.
Тым часам паволі цямнела. Над хутарам расплылася ў небе лімонная жаўцізна з барвоваю паскай ля самай зямлі. Сінявая смуга залізвала, хавала далячынь, снегавую роўнядзь атулялі прыцемкі. На снезе, аднак, добра відаць была кожная постаць усіх дванаццаці немцаў, хоць падрабязней ніводнага з іх ужо нельга было разгледзець. Усярэдзіне яны радзей раздаліся ў бакі, а на флангах сціснуліся, — пэўна, фланговыя пабойваліся і не хацелі адрывацца ад астатніх.
I вось, не спыняючы хады, нехта даў першую аўтаматную чаргу — збоч у гурбіне штось гулка ляснула. Цімошкін здагадаўся — гэта па бочцы, і пасунуўся бліжэй да заснежанага каня. Праз дзесяць крокаў ад яго туліўся ў доле Ваня, вецер круціў над ім саламяную пацяруху і снегавы пыл.
Немцы пачалі лупіць з усяе зброі. Чэргі гулка калацілі звечарэлую ціш, кулі, бы палкамі, лупцавалі гэты канец сцірты. Яна церусіла ў падветраны бок саламянай трухой і мякінай, густа запарушвала белы свяжуткі снег. Цімошкін прыціснуўся галавой да конскага чэрава і напружана чакаў, калі ж урэшце пацішэе той іх першы агнявы напор.
I ён урэшце неяк раптоўна спыніўся зусім. Хлопец хапіўся за аўтамат — немцы былі зусім блізка, доўгім выгнутым ланцугом яны ахоплівалі сцірту. Адны беглі, другія таропка крочылі — у падаткнутых пад дзягі шынялях, у касках ці ў зімовых казыркастых шапках. Цімошкін зірнуў на Ваню — здаецца, той быў жывы, цярпліва ляжаў пад рогам сцірты і чакаў.
— Рус, здавайсь! — данёсся з поля далёкі, задыханы, чужы і вельмі варожы голас. Закрычалі і другія, і з паўхвіліны яшчэ хлопцы чулі:
— Рус, здавайсь!
— Еван!.. Капут!
— Рус капут, здавайсь!
Хто ведае чаму — не той іх шалёны агонь, а гэтыя нахабныя воклічы гарачымі абцугамі рванулі Цімошкіну душу. Здалося хлопцу, што сапраўды іншага ім выйсця няма, што ўратавацца яны ўжо не здолеюць і застаецца толькі адно — памерці ці здацца ў палон. Але ж палон! Колькі ўжо яны нагледзеліся і начуліся аб ім, — палон быў для іх горш за самую страшную смерць.
I тады, каб заглушыць у сабе безвыходную роспач і тыя варожыя крыкі, Цімошкін, не дужа старанна прыцэліўшыся, крамсануў па ланцугу чаргой. Пасля, упёршы магазін у змерзлую канячую лапатку, выпусціў запар некалькі кароткіх і частых чэргаў. Немцы страпянуліся, сёй-той кінуўся наперад, некаторыя пападалі ў снег, і зноў, хутка набіраючы лютасць, загрукацелі здаля іх аўтаматы.
Не, узяць хлопцаў тут было не так лёгка. Усё ж яны былі прыхаваны невялічкімі снегавымі ўзгоркамі ля сцірты, якія затулялі ад прыцэльнага агню. А ворагі відны былі як на далоні, ні аднаму з іх не было дзе схавацца. Калі б у гэтае тройкі было болей патронаў, дык, мусіць, яны б яшчэ адбіліся.
Але патронаў было вельмі мала для такой бойкі, і праз нейкі час Цімошкін ажно спалохаўся, падумаўшы, што магазін, мабыць, ужо апусцеў. Шчарбак таксама перастаў страляць. У наваколлі крыху пацішэла, толькі з боку ворага нейкі аўтамат сыпаў усюды кулі — у снег, у сцірту, недзе ў паветра над імі. Засмярдзела дымам — гэта ў сцірце, якраз у падстрэшку, дзе яны нядаўна хаваліся, нешта курылася, і вецер круціў, слаў у доле горкі смярдзючы дым.
— Валодзька! — гукнуў з дыму Шчарбак. — Дзе пісар?
Цімошкін крыху прыўзняў голаў і ўслухаўся, але за сціртай нічога не было чуваць — ніякага руху, ні стрэлаў — мусіць, нешта там здарылася. Праўда, хлопец і цяпер не вельмі шкадаваў Грышку — але ж у такі час патрэбны быў і Блішчынскі. Шчарбак, пэўна, ужо адышоўся ад нядаўняе злосці і цяпер клапаціўся і аб гэтым абаронцы.
— Споўзай туды: можа, паранілі, — усё моршчачыся ад болю, сказаў ён.
Сцірта ўсё болей дыміла, але агню не відаць было. Немцы ляжалі ў полі, нехта з іх ланцуга, мабыць паранены, папоўз да дрэўцаў, раз-пораз патрэсквалі аўтаматы. Падхапіўшы ля каня сваю зброю, Цімошкін паўзком пад сціртай падаўся на той бок, да Блішчынскага.
На локцях і каленях ён запоўз за сцірту, тут здалося хлопцу трошкі зацішней, і можна было прыўзняцца. У той час штось нечакана рванула на галаве яго шапку, яна тузанулася і налезла на самае вуха. Цімошкін азірнуўся, сарваў яе з галавы — на патыліцы ў шапцы з дзвюх свежых дзірак тырчала вата. Ён зноў насунуў яе і падаўся далей.