9
«Яшчэ пяць крокаў… Яшчэ тры. Яшчэ трошкі… Яшчэ адзін…» — гэтыя намаганні-лічбы, у якіх сышлася ўся іх цяперашняя мэта жыцця, як нейкі грымотны метраном, стукалі ў Цімошкавай галаве. Урэшце лік крокаў блытаўся, ногі згіналіся, і хлопец падаў тварам у снег. Пад яго падбародкам расшчапляліся Ваневы рукі, ён скочваўся з плеч, і Цімошкін колькі хвілін знясілена хапаў ротам паветра.
Пластом ляжаў ён, прыпаўшы шчакой да снежнае гурбы, і бяссільна слухаў, як Іван, падняўшы пісталет, хрускаў курком і спыняў дыханне. Значыць, яны ўсё гналіся следам, і каб хоць трохі затрымаць іх, Іван у прыпынках старанна, пакутна цэліўся і бухаў стрэлам.
Але яны ўсё ж даганялі. Усё даўжэлі Цімошкавы прыпынкі, і ўсё менела сілы, а з ёю канчалася яго рашучасць уратавацца ад пагібелі. Нядаўна Іван заклаў у пісталет новы магазін, хлопец лічыў яго стрэлы — гэты дзесяты, значыць, у іх асталося ўсяго шэсць патронаў.
Шэсць патронаў — шэсць маленькіх магчымасцей прадоўжыць жыццё.
Добра яшчэ, што над імі ўсталявалася ноч. У густой сіні неба раямі трапяталіся зоры, навокал стуліўся ў цемры снежны зімовы прастор. Ён быў вельмі вялікі, але зусім пустэльны і цесны, каб схаваць двух чалавек. Куды было бегчы і дзе ратавацца — таго не ведалі яны і шкандыбалі па вінаградніку ў той бок, у які гналі іх немцы.
А недзе не дужа далёка грукацеў бой і чуваць былі выбухі. Лежачы ў снезе, Цімошкін выразна чуў знаёмае парнае «трах-бах» — гэта стралялі танкі. Усведамленне блізкасці сваіх яшчэ надало трохі сілы. Прытрымліваючы сябе на локцях, ён зноў падставіў Ваню спіну, і той сашчапіў на яго шыі свае сцюдзёныя рукі. Хістаючыся, хлопец падняў страшэнна цяжкае цела сябра, і ў той час спахмурнелую начную далеч, бы нізкая маланка, крамсануў трасёр. Ён быў кароткі і хуткі — мільгануў і прапаў. Ледзьве трымаючыся на нагах, Цімошкін стаяў, утаропіўшы вочы ў ноч, і тады зноў убачыў кароценькі імклівы бляск насустрач першаму. Гэта было недзе далёка, збоч кургана, пад самы начны небасхіл. Нейкая раптоўная надзея загарэлася ў ім, здаецца, зноў вярталіся страчаныя сілы, і ён, прыгнуўшыся ледзь не да самага долу, шырока пасігаў між кустоў. Ваня ўвесь час маўчаў за спіной, ногі яго, здаецца, валакліся па снезе, а ён, сцяўшы зубы, душыў у сабе стогны і трываў.
У гэты раз Цімошкін прасігаў не меней чым трынаццаць крокаў. Трынаццаць шырокіх натхнёных крокаў — насустрач ратунку, да недалёкіх сваіх. Пасля зноў упаў каленямі ў снег, задыхаючыся, узняў голаў і ўгледзеўся ў ноч.
Там, у далечы, з’явіўся агеньчык. Яшчэ разы два мільганулі трасёры, данеслася глухое далёкае «трах-бах», а затым ужо трапятаў, гарэў і міргаў на ветры адзін яркі чырвоны агеньчык.
Ваня таксама прыўзняўся на локці, угледзеўся і сказаў тое, ад чаго ў Цімошкіна балюча нешта заныла ўнутры:
— Наша «трыццацьчацвёрка»…
Так, то гарэла «трыццацьчацвёрка». Хлопцы ўжо нагледзеліся, як гараць розныя танкі, і здалёк, не так па абрысу, як па агню, маглі распазнаць іх. Невядома чаму, але «трыццацьчацвёркі» заўжды ўспыхвалі, нібы факел, і гарэлі яркім, імпэтным полымем. Аддаўшыся шчымліваму смутку, хлопцы трохі часу ўглядаліся ў гэты далёкі агеньчык — свежую пякельную магілу невядомых, але да болю родных сваіх.
— Рус, здавайсь! — зноў закрычалі іх даганятыя, і з цемрадзі зноў загрукацела-залапатала чарга. Кулі сям-там скубанулі кусты, адна віскліва зрыкашэціла ў ноч. Немцы, здаецца, падышлі ўжо зусім блізка і, вядома, даўно б расстралялі абаіх, калі б не было вінаградніку.
Ваня адкінуў назад руку і стрэліў. У адказ прагрукацела некалькі чэргаў, і яны ўбачылі агеньчыкі са ствалоў аўтаматаў. Гэта было не далей чым за якіх дзвесце метраў.
Але хлопцавы сілы скончыліся. Падняць Шчарбака, каб уцякаць, Цімошкін ужо не мог, а іншага ратунку ў іх не было. Ваня зразумеў тое, яны распаўзліся ў бакі, каб не ляжаць разам, стаіліся пад кустамі вінаграднай лазы і прыціхлі.
Здаецца, набліжаўся канец.
Не бачачы іх, ворагі абстралялі наўздагад некалькі мясцін і змоўклі, пэўна чакаючы, калі яны зноў пакажуцца або адзавуцца. Цімошкін пластом ляжаў за гусцейшым кустом і толькі чакаў Ваневых стрэлаў. Ён баяўся зблытаць іх лік, бо два апошнія патроны патрэбны былі самім.
I ў той час азваўся Шчарбак.
— Цімошкін, — ціха паклікаў ён. — Паўзі!
У хлопца ад тых слоў у благім прадчуванні скаланулася сэрца, але ён маўчаў, узіраючыся ў распластаную на снезе постаць.
— Паўзі! Я затрымаю.
Ціха, сам сабе, Цімошкін усміхнуўся. Дзівак чалавек! Колькі яны былі разам, але ён, пэўна, так і не распазнаў свайго сябрука. Хлопец ведаў, што Ваня сумленны і смелы, і не здзівіўся ад яго намеру сваёй пагібеллю ўратаваць Цімошкіна. Але хіба ён мог пагадзіцца на тое?!