Выбрать главу

— Не! Не магу.

Ваня сціх, памаўчаўшы крыху, а пасля, быццам раптоўна згадаўшы нешта, вылаяўся.

— Ідзі, пакуль не позна! Ну! Паўзі! Пасля я…

Ён хацеў ашукаць сябра, мабыць, першы раз у жыцці, — ашукаць для яго ж паратунку, цаною свайго жыцця, бо куды ён мог адпаўзці з такою ранай?!

— Не кажы глупства, — зазлаваў Цімошкін.

Можа, хто з іх варухнуўся, а можа, немцы ўчулі голас, толькі зноў ударыла чарга. У кустах нешта шаснула, хлопец тыцнуўся тварам у снег, а Ваня трывожна войкнуў. Здрадніцкая агнявая пляма бліснула ў Цімошкінавых вачах, і ён усхапіўся з долу.

— Ваня!!!

— Ідзі, — аслабела сказаў Шчарбак. — Паўзі… Я ўсё…

— Не пайду! — вырвалася ў Цімошкіна, і тут жа яго апанаваў жах ад думкі, што з Ванем сталася ліха. Па снезе, паўзком ён кінуўся да яго, але не дапоўз якіх два крокі, калі Іван страпянуўся, паднёс да галавы пісталет і стрэліў.

Хлопец ледзьве не закрычаў ад роспачы і, ускочыўшы на ногі і ўжо не хаваючыся, кінуўся да таварыша. Ваня ляжаў зусім абмяклы, і снег ля яго галавы, дробна апырсканы крывёю, чамусьці здаваўся недарэчна рабы.

Зараз жа ў вінаградніку загрукацелі аўтаматы, кулі пачалі дзяўбці снег, але Цімошкіну ўжо не было страшна. Ён перавярнуў сябра на спіну, пасля аднаруч абхапіў яго вялікую лабастую галаву і адубянелай сваёй далонню спрабаваў заціснуць скроню, з якой між пальцаў усё плыла ліпкая, цёплая кроў. Не адразу ўцяміў ён, што апошні яго ў гэтай бядзе таварыш, яго лепшы франтавы сябра быў ужо мёртвы…

Калі зусім блізка ў вінаградніку з’явілася некалькі цёмных прыгнутых постацей, ён вырваў з пахаладзелай рукі Шчарбака яго пісталет і стрэліў — раз, другі, трэці. Здаецца, яго стрэлы нешта зрабілі ворагам — нехта заекатаў там, — немцы бязлітасна густа секанулі па вінаградніку з аўтаматаў. Цімошкін жа хвіліну туліўся ля нежывога сябра, а пасля, да канца ўсвядоміўшы ўсё, кінуўся прэч.

Ён мусіў ратаваць сябе. На руках і каленях ён караскаўся па снезе між вінаградных кустоў, поўз, пасля ўскочыў, пабег. Ззаду зноў калацілі ноч стрэлы. Кулі ці, можа, галіны сцебанулі па палох яго шыняля — хлопец упаў, з паўхвіліны стаіўся, затым зноў ускочыў і бег, бег…

Праз нейкі час яны, здаецца, адсталі, перасталі страляць і ўжо не даганялі яго — можа, яны знайшлі нежывога Ваню і спыніліся. Тады ён пайшоў павальней, зачапіўся за нешта, упаў і доўга змярцвела ляжаў на марозна-пякучым доле.

Пасля, сцяміўшы, што прыйшоў ратунак, сеў на снезе і ўпершыню агледзеўся. Скрозь было ціха. Над шырокім прыцьмелым прасторам драмала зімовая ноч і снавалі ў вышыні зялёныя, белыя, сінія зоркі. Адна з іх, быццам упаўшы з неба, чырвоным агеньчыкам ярка блішчала ў далечыні, і ён здагадаўся, што гэта гарыць-дагарае той танк. Хлопец узрадаваўся яго прызыўнаму роднаму бляску і ўстаў.

Затым ён памалу ішоў — адзін на ўсёй гэтай азмрочанай роўнядзі — і плакаў. Даўно ўжо, мабыць з маленства, так не Душылі яго пякучыя слёзы — ад яго несуцешнае страты, ад адзіноты, ад горкага болю ваенных няўдач, ад агіднае здрады Блішчынскага. Толькі б дайсці да сваіх! З зацятай рашучасцю прагнуў Цімошкін кары яму — і дзеля помсты, і ў імя справядлівасці.

Праз слёзы і знямогу ён нічога не бачыў навокал, апроч далёкага агеньчыка, які ціха бліскаў на нечай заўчаснай жалезнай магіле. Ён вёў хлопца ў цемрыве ночы — з пагібелі ў жыццё, туды, да сваіх.

1960