Шчарбак, не спыняючыся, падаўся наперад, і Цімошкін з Блішчынскім пайшлі поруч. Навокал было ветрана і не па-франтавому сцішана, толькі шархацела збоч кукуруза, ды наперадзе, недзе далёка і ледзь чутна раз за разам гахалі выбухі. Пэўна, нямала ўстрывожаны ўсім, што здарылася, Блішчынскі шпарка крочыў, заграбаючы ботамі мяккі снег ды азіраючыся па баках.
— Ну, дачакаліся! Даў немец перцу? Эх вы, ваякі хвалёныя! Артылерыя мне! Дзе ж вашы яшкі? Мабыць, разбегліся куды каторы? I гарматы пакідалі?
Гэта ён казаў пра іх, артылерыстаў, — казаў з непрытоенай пагардай, са здзекам, тонам раздражнёнага вайсковага начальніка, які мае права ўшчуваць падначаленых.
— Няма ўжо каму разбягацца. На агнявой пазакопвалі, — зацяўшы прыкрасць, адказаў Цімошкін. — А ты чаго адстаў?
— Дурань быў — з маёрам Андрэевым валэндаўся. А ён памёр. Вось дакументы зняў, — ён паляпаў па сумцы, якая на доўгай почапцы боўталася ля калень.
Яшчэ адна смерць і тое, што Блішчынскі ўсё ж па-салдацку аднёсся да чалавека, іхняга агульнага начальніка, трохі парушылі ў Цімошкіне халодную насцярожанасць да яго, хлопцу падумалася, што і пісару, відаць, дасталася гора за сённяшні дзень. Падавіўшы ўздых, ён даверліва паведаміў пра сваю бяду:
— А мы гармату пакінулі. Коней пабіла…
— Пакінулі? I не ўзарвалі? — неяк фалыпыва здзівіўся Блішчынскі і, паводзячы туды-сюды худым даўганосым тварам, пакпіў: — А вы забыліся, хлопчыкі, што трыбунал ёсць?
Шчарбак, абыякавы да іхняй размовы, шпарка крочыў наперад, а ў Цімошкіна ад тых слоў Блішчынскага зноў затрымцела ўнутры няпэўная варожасць да яго. Але, здаецца, зямляк яго быў раўнадушны да іх спраў і далей маўчаў, заклапочаны сваёю бядой. Ён сігаў шырока і таропка, і Цімошкін з цягам часу паволі адставаў, бо аслабеў ды і не дужа хацеў ісці побач. Ён ведаў даўно, што людзі яны розныя і наўрад ці магчыма ім зразумець адзін аднаго. Ззаду за яго спіной рупна тупаў нізенькі Здабудзька, прыклад ягонай вінтоўкі на доўгім паску ледзь не кранаўся долу. Стары неўзабаве дагнаў хлопца, і яны пайшлі разам.
Непрыемнае і супярэчлівае пачуццё заварушылася ў растрывожанай і без таго душы Цімошкіна.
Шчарбак і Здабудзька былі ўжо прывычныя яму людзі, хлопец бачыў іх ля сябе ў добрую і благую хвіліну і ведаў, на што кожны з іх здольны. Блішчынскі ж побач з імі быў чалавек выпадковы, характар меў асаблівы, зусім адметны ад іх. I праз гэта, ці, можа, ад яго недарэчнага напамінку пра трыбунал, ці ад чаго іншага ў Цімошкіне затлела прыкрасць, што з’явіўся ён тут у гэты вось трудны час. Не думалася, а адчувалася неяк, што ў такой вялікай бядзе лепей бы ім апынуцца без яго. Яны, усе трое артылерыстаў, былі радавыя, з’яднаныя ранейшаю службай, адною бядой і адным клопатам як найхутчэй выбрацца да сваіх. Блішчынскі ж быў ім чужы.
Праўда, яны з Цімошкіным былі землякі, з дзяцінства вядомыя адзін аднаму хлопцы, хлапчукамі яны выбегалі разам усе вясковыя сцежкі, споўзалі ўсе дзіцячыя схованкі. Але менавіта адтуль, з маленства, і ўзяла пачатак у Цімошкіна яго нелюбоў да гэтага хлопца. Колькі затым у войску ні даводзілася ім сустракацца, Цімошкін ніколі не адчуваў да яго той шчырай і светлай радасці, якая нахлынае пры спатканні з земляком на вайне.
З нізкага, аселага на самы дол неба коса сыпаўся снег, студзіў твар сіверны вецер, па-ранейшаму скразным вострым болем торгала нейкая жылка ў хлопцавай прабітай далоні. Блішчынскі, нават не азірнуўшыся на земляка, хутка сігаў, пакуль не дагнаў Шчарбака. Так яны і пайшлі ўдвух — Іван развалістай, ёмкай хадой здаравякі, а Блішчынскі неяк пагойдваючы нагамі, у перашытым на афіцэрскі шынялі, з сумкай на баку. Дужыя і здаровыя, яны перагаворваліся нешта, Блішчынскі, відаць, у чымсьці ўжо пераконваў Шчарбака, паказваючы рукой у бок ад таго кірунку, куды яны ішлі. Цімошкін ведаў, што ён не паспадзяецца на Івана і будзе дамагацца, каб камандаваць самому і навязаць ім сваю волю. Блішчынскі такі быў змалку, заўжды імкнуўся ва ўсім апярэджваць другіх, калі гэта было выгадна яму, і гарнуцца да тых, хто ў чым-небудзь быў мацнейшым за сваіх таварышаў. Цяпер ён хутка вызначыў, што з трох у гэтым полі болей значны Шчарбак, што ён дужэйшы і, можа, смялейшы за іншых, і таму пачаў блізіцца да гэтага маўклівага хлопца. Цімошкіна ж ён ужо не браў пад увагу, бо той хоць і зямляк, але быў слабейшы, маладзейшы, паранены і таму для яго мала што значыў.
Урэшце, боязна азіраючыся назад, паціху абагнаў Цімошкіна і Здабудзька. Хлопец прытаміўся, усё больш адставаў, і крыўда, як боль, ціхенька тачыла яго нутро.
Бывае ж так у жыцці і асабліва, відаць, на вайне, што чужы незнаёмы чалавек можа стаць для цябе радней за роднага, а свой і знаёмы па якой-небудзь прычыне пагубляе ўсе свае прывабныя якасці. Цімошкін вельмі добра засвоіў гэта за гады свайго знаёмства з Блішчынскім і паўгода франтавой дружбы з Іванам. Не, ён не крыўдзіўся цяпер на гэтага хлопца і ніколі не сказаў бы яму аб сваіх турботах, бо ведаў, што Шчарбак ніколі не пакіне ў бядзе, дапаможа, параняць — вынесе. Але цяпер, стомлены, застаўшыся ззаду, ён усё болей адчуваў, як шчыміць унутры неадольная прыкрасць і ўсё таму, што ў спадарожнікі да яго сябра набіваўся гэты Блішчынскі.