Выбрать главу

Як і пярэднія хлопцы, Цімошкін стараўся сігаць хутчэй і ўсё ж адставаў, а яны, занятыя размовамі, здаецца, не бачылі таго. Праўда, ён разумеў, што ісці трэба хутка, бо калі яны не выберуцца да світання, дык заўтра ім будзе кепска. Аднак ад усведамлення гэтага яму не было лягчэй. Нейкае, не акрэсленае яшчэ, трывожнае прадчуванне падымалася ўнутры ў хлопца, і думалася, што ўсё тое прынёс з сабою гэты вось пісар Блішчынскі.

Часта здараецца на вайне, што гіне самы лепшы, самы смелы і самы таварыскі хлопец, а якога сварліўца, сябелюбца ці злыдня не бярэ ні куля, ні якая хвароба. Так сталася і з яго сябрамі. Шмат іх было — сціплых, цудоўных яго землякоў, з якімі праваявалі яны два партызанскія гады, але вось у блакаду, на парозе запаветнага вызвалення, у некалькі дзён адзін за адным пагінулі яны — найлепшыя яго хлопцы. А Блішчынскі выжыў. Ён таксама ў той час быў з імі ў лесе, і не сказаць, што хаваўся — схавацца там не было як, — проста яму шанцавала. I пасля, калі яны пайшлі ў войска, з іншымі, куды лепшымі і даражэйшымі, яго, можа, назаўжды, разлучыў бязлітасны вайсковы лёс, а з гэтым вось давялося разам трапіць у полк, і цяпер ён рукой падаць — побач.

Цімошкін не адразу зразумеў яго, усё думаў: можа, ён здаецца такім нягожым круцялём-чалавекам, а на справе, можа, і ніштаваты хлапец. Кепска неяк уладкавана ў жыцці, што ўсё — і благое і добрае — пазнаецца часам праз боль няўдач і памылак. Калі побач няма разумнага, добрага сябра, першыя гады твайго самастойнага жыцця — як тыя першыя крокі ў маленстве — багаты на штурхялі і спатыканні.

Некалі хлопцы жылі ў адной вёсцы. Іхнія хаты не тое каб былі побач, і гады іх выпалі не такія ўжо блізкія (калі Цімошкін пайшоў у першы клас, Блішчынскі вучыўся ў чацвёртым), але ў той маленькай вёсачцы дзяцей было небагата, і малыя сяброў сабе не выбіралі. Таму ад ранняга дзяцінства Валодзя з Грышкам мусілі вадзіць дружбу — разам дурэлі, пасвілі Грышкавых гусей, бадзяліся ўлетку па лесе, а ўзімку за тры кіламетры хадзілі ў местачковую школу. Цімошкін, як маладзейшы, ва ўсім цягнуўся за Грышкам і стараўся, чым мог, дагадзіць сябру, быў адданы і шчыры; той жа часам не дужа шанаваў іхняе дружбы і тым прычыніў нямала крыўды Цімошкіну. Самы апошні і самы незабыўны выпадак і цяпер яшчэ жыва помніцца, прыкрасцю напаўняючы пачуццё.

…Тое сталася ў адну з даўніх ужо даваенных зім. Цімошкін вучыўся тады ў шостым класе, Грышка хадзіў у дзевяты. Вучыўся Блішчынскі добра, лічыўся актывістам усіх школьных спраў, быў членам вучкома і незадоўга перад тым уступіў у камсамол. На сходах ці мітынгах ён часта выступаў «ад імя школьнікаў» і палка чытаў з паперкі загадзя складзеныя прамовы. У ліку яго сябрукоў у той час з’явіліся болей дарослыя местачковыя хлопцы, з імі ён вадзіў шмат якія свае пасталелыя справы, і іхняя дружба з Цімошкіным ужо ледзьве ліпела. Цімошкін разумеў, што рабіўся не патрэбны яму, і дужа сабой не набіваўся, толькі ў школу яны хадзілі ўсё ж разам. Звычайна Цімошкін заходзіў да яго ўранку, чакаў, пакуль ён прыбярэцца, паснедае, і тады наўпрасткі, цераз замерзлае балота, яны ішлі ў мястэчка.

Аднойчы, перайшоўшы ўжо тую балацявіну, яны выбраліся на добра ўезджаны санямі гасцінец і паціху ішлі сабе па саннай дарозе. I вось каля адзінокай прыдарожнай вярбы Цімошкін наступіў на якісь кашалёк. Перад тым іх абмінула двое саней з незнаёмымі людзьмі, што ехалі, пэўна, на кірмаш у мястэчка. Знаходка, вядома, іх зацікавіла, у кашальку аказаўся пашпарт, нейкія паперы, пяцьдзесят рублёў грошай. На хаду перагледзеўшы гэта, Грышка сунуў кашалёк у кішэню. Цімошкін сказаў, што трэба занесці яго ў міліцыю або аддаць у настаўніцкую, але Грышка на тое толькі засмяяўся і пакпіў над наіўнасцю сябра. На вялікім перапынку ён з таямнічым выглядам паклікаў Цімошкіна з школы і завёў яго ў краму. Там Грышка купіў цукерак, папярос, даў меншаму сябру пяць рублёў грошай і сказаў, што, каб усё было шыта-крыта, дакументы трэба спаліць. У Цімошкіна тады немаведама што рабілася на душы, — ён і баяўся і ненавідзеў сябе і Грышку, але хітраватая самаўпэўненасць Блішчынскага неяк збівала яго з тропу. Цімошкіну стала боязна паліць дакументы, ён заплакаў, і яны ўрэшце дамовіліся, што кашалёк з дакументамі і рэштаю грошай аддадуць у міліцыю.