Выбрать главу

Апроч як пра сябе, ні пра каго ён не дбаў у жыцці. Некалі ў маленстве Цімошкін таксама быў патрэбны яму, каб памагаць пасвіць кароў, наглядаць за кратовымі норамі, у якія ён ставіў пасткі, каб красці ў Цімошкінага бацькі тытунь, які Грышка пасля курыў у полі. Бацька ягоны ў сям’і мала што значыў, дома ўсім распараджалася маці — упартая, сварлівая кабета, якая замуштравала ўсіх — і мужа, і трох дачок, толькі Грышка праз сваю хітрасць не паддаўся ёй. Гэтыя набытыя з маленства ўвішнасць і себялюбства на ўсё жыццё сталі яго адметнаю рысай.

Трапіўшы пасля партызанкі ў запасны полк, Грышка пачаў новае жыццё з таго, што выкрыў аднаго франтавіка-сяржанта, які поначы хадзіў у самаволку. Сяржант — разведчык па спецыяльнасці — быў хлопец разумны і з ордэнам, атрыманым яшчэ ў сорак першым годзе. Звычайна пасля вячэрняй праверкі ён выходзіў з казармы і бег цераз поле на станцыю, дзе яго чакала каханка. Да пад’ёму ён спраўляўся вярнуцца назад на сваё месца на нарах, і ўсё пакуль ішло шыта-крыта. I вось, стоячы днявальным, Блішчынскі аднойчы прыкмеціў самавольшчыка. Нейкі час ён нікому аб тым не дакладваў, маўчаў да сходу, на які прыйшлі нампаліт камандзіра палка, камандзір батальёна і іншыя афіцэры. I тады Блішчынскі, папрасіўшы слова, выступіў з палымянай прамовай наконт парушэнняў вайсковай дысцыпліны. Тады ж ён і выкрыў сяржанта, якога неўзабаве пасадзілі на гаўптвахту, а затым датэрмінова адправілі на фронт. Начальства з таго сходу «заўважыла» Блішчынскага; яго «непрымірымасць» да недахопаў і ўменне прыгожа выступаць многім спадабалася. На другім сходзе хлопцы абралі Грышку сакратаром ротнай камсамольскай арганізацыі.

Пасля ён у вольны ад заняткаў час намаляваў партрэт свайго камандзіра роты. Камандзір, відаць, не дужа што разумеў у гэтым мастацтве, але капітан на партрэце выйшаў прыгажэйшы, маладзейшы і болей зухаваты, чым на самай справе, і сэрца яго не засталося абыякавым да таго падарунка. Неўзабаве радавы Блішчынскі, уладкаваўшыся ў ленпакоі, маляваў партрэты правадыроў, ладзіў наглядную агітацыю, а ўсе іншыя байцы ў гэты час адшліфоўвалі на спякоце самую цяжкую тэму тактыкі — стралковая рота ў наступальным баі.

Прыбыўшы разам з папаўненнем у стралковы полк, Блішчынскі неяк не пайшоў у батальён. Пэўна, як мастака яго ўзяў да сябе начальнік артылерыі — там трэба было шмат што чарціць і прыгожа пісаць, а на тое Блішчынскі ўжо стаў сталы майстра. Так ён і прыжыўся пры штабе — насіў афіцэрам сняданак, уранку паліваў ім з кацялка ваду, клапаціўся пра ўтульнасць іхніх зямлянак, а астатні час знаўся з паперамі. I з усім, відаць, ён спраўляўся някепска. Калі пачалося наступленне і Цімошкін з прастрэленай голенню трапіў у медсанбат, Грышка ўжо меў медаль «За баявыя заслугі», да яго неўзабаве прыбавіўся «За вызваленне Бялграда», у які ён уехаў на штабной машыне.

Цімошкін бачыў усё гэта, абураўся ў душы, але на людзях маўчаў. Ён думаў — чорт з ім, кожнаму сваё, урэшце, не Блішчынскі, дык хто іншы сядзе на тое месца ў штабе, бо патрэбны і пісары. Зноў жа, ці добра было хадзіць да начальства, нешта даказваць, выкрываць — усё ж яны былі землякі, свае людзі. Праўда, Цімошкін не меў да яго ніякае справы, у хлопца былі свае харошыя сябры, і ён толькі хацеў, каб гэты чалавек ні ў чым не датычыў яго. Але вось недарэчны вайсковы лёс звёў іх на адной сцяжыне, і Цімошкін падумаў цяпер, што з гэтага наўрад ці выйдзе што добрае.

3

Ісці станавілася ўсё цяжэй. Яны набрылі на нейкі палетак, пэўна, узараны ўвосень, боты коўзаліся, ногі падварочваліся на грудах і ямках, вецер сек снегам па твары і сляпіў вочы. Было няўтульна і сцюдзёна. Снег падтайваў, ліпнуў да твару і па шыі золкай макрэддзю сцякаў за каўнер. Шчокі ўсё больш дубянелі ад сцюжы, мерзла і балела ад холаду захутаная ў бінты рука. Рукавіцы Цімошкін недзе згубіў у баі і цяпер здаровую руку хаваў за пазуху або ў кішэню. Але тады спаўзаў з пляча рэмень аўтамата, трэба было прытрымліваць яго, і пальцы так закалелі, што ледзьве згіналіся.

Наваколле звузілася, адасобілася ад іх мільготкім полагам снегу, і хлопец ледзьве мог пазнаваць наперадзе цьмяныя постаці сваіх спадарожнікаў. Ён ішоў па іхніх слядах, ужо прысыпаных снегавой пацярухай, і думаў: хоць бы не спатыкнуцца, не пакаўзнуцца, бо тады наўрад ці знайшоў бы ў сабе сілы ўстаць. Надвор’е трохі абнадзейвала. Хоць і цяжка было ісці, але яны разумелі, што пад такім снегам лягчэй будзе мінуць перадавыя нямецкія часці, і калі яны дзе нечакана не наткнуцца на немцаў, дык заўтра будуць у нашых. Толькі б дабрацца да сваіх, пазбыцца адзіноты, і там ужо нічога не было б ім страшна.