Выбрать главу

Не, усё ішло зусім не так, як ёй некалі ўяўлялася. І калі Марсэль захацеў узяць яе з сабой у вандроўку, яна запратэставала. Ён планаваў гэтую паездку даўно, з таго самага часу, як скончылася вайна і справы зноў набылі нармальны ход. Зрэшты, і перад вайной дробны гандаль тканінай, які ён пераняў ад бацькоў, кінуўшы вывучэнне права, забяспечваў ім не сказаць, каб вялікі дастатак. Але ж, калі жывеш на ўзбярэжжы, маладыя гады могуць быць заўсёды шчаслівыя. На жаль, Марсэль не надта любіў абцяжарваць сябе фізічна і неўзабаве зусім перастаў вадзіць маладую жонку на пляж. Іх маленькая машынка служыла толькі раз на тыдзень, калі яны па нядзелях выязджалі за горад. У астатнія дні ён аддаваў перавагу свайму магазіну з рознакаляровай тканінай, які месціўся пад цяністымі аркадамі гэтага напалову тубыльскага, напалову еўрапейскага квартала. Яны жылі над крамай у трохпакаёвай кватэры з арабскімі шпалерамі і мэбляй у каланіяльным стылі. Дзяцей у іх не было. Так міналі гады, у нязменным прыцемку, пры паўзачыненых аканіцах. Лета, пляжы, прагулкі, нават неба засталіся недзе далёка. Марсэля, здаецца, не цікавіла нічога, апроч яго справаў. Жанін спадзявалася, што зможа ўрэшце загарэцца сапраўдным пачуццем да грошай, але невядома чаму любові да іх у яе не ўзнікала. Зрэшты, яна імі карысталася. І муж не быў скнарам; наадварот — ён быў вельмі шчодры, асабліва з ёю. «Калі са мной што-небудзь здарыцца,— казаў ён,— ты не застанешся без сродкаў». Што ж, сродкі былі, сапраўды, патрэбныя — каб жыць. Але дзе ўзяць сродкі, каб забяспечыць тое, што не ўваходзіць у лік самых простых чалавечых патрэбаў? Падсвядома гэтае пачуцце раз-пораз пачынала яе трывожыць. Тым часам яна дапамагала Марсэлю весці яго канторскія кнігі і калі-нікалі падмяняла ў краме. Цяжэй было ўлетку, калі спёка знішчала нават салодкае адчуванне нуды.

І раптам, якраз у самы разгар лета,— вайна, Марсэль мабілізаваны, потым прызнаны непрыдатным да службы, дэфіцыт тканіны, поўны застой у справах і толькі бязлюдныя і спякотныя вуліцы. Цяпер, калі б нешта здарылася, у яе не было б супраць гэтага ўжо ніякіх сродкаў. Таму, як толькі тканіна зноў пачала ўзнікаць на рынку, Марсэль надумаў аб'ехаць вёскі на высокіх плато на поўдні і дамовіцца аб продажы тавару тамтэйшым арабскім гандлярам наўпрост, а не праз пасрэднікаў. Ён хацеў, каб Жанін паехала з ім. Яна ведала, што з транспартам дагэтуль існуюць цяжкасці, яна мучылася на задышку і хацела б лепей застацца і чакаць яго дома. Але ён настойваў, і ўрэшце яна саступіла — каб адмовіцца, трэба было надта многа энергіі. I вось яны ехалі, але гэта было далёка не так, як ёй уяўлялася. Яна апасалася спёкі, безлічы мух, брудных гатэляў, прапахлых ганушовым смуродам. Яна і не думала пра холад, рэзкі вецер і гэтыя голыя, ледзь не сібірскія ўзгор'і, заваленыя вялізнымі глыбінамі. Яшчэ ёй мроіліся пальмы і мяккі пясок. Цяпер яна бачыла, што пустэльня — гэта штось іншае, гэта адны камяні, камяні паўсюль — і ў небе, дзе не было нічога, апроч халоднага і рыпучага каменнага пылу, і на зямлі, дзе паміж камянёу прабіваліся толькі сухія былінкі.

Нечакана аўтобус спыніўся. Не паварочваючы галавы, шафёр прагугнявіў нешта на мове, якую яна чула ўсё жыццё, але ніколі не разумела.

— Што здарылася? — папытаўся Марсэль.

Шафёр, гэтым разам па-французску, растлумачыў, што, відаць, у карбюратар забіўся пясок. Марсэль пачаў клясці гэты жахлівы край. А шафёр, засмяяўшыся на ўсе зубы, запэўніў, што ўсё гэта нястрашна — карбюратар ён хутка прачысціць і яны паедуць далей. Ён адчыніў дзверы, і ў тое ж імгненне халодны вецер, уварваўшыся ўсярэдзіну, упіўся пасажырам у твар тысячамі дробных пясчынак. Арабы адразу скурчыліся, схаваўшы насы ў бурнусы.