Выбрать главу

Марсэль гаварыў хутка, нібыта спяшаючыся, тым нізкім голасам, які ўзнікаў у яго заўсёды, калі ён гаварыў па справах. Потым ён адчыніў куфар, пачаў вымаць тканіну і хусты, адсунуў шалі і метр, каб раскласці тавар перад гандляром. Ён нерваваўся, павышаў нечакана тон, неўпапад смяяўся і нагадваў няўпэўненую ў сабе жанчыну, якой вельмі хочацца спадабацца. Скончыўшы, ён шырока развёў рукі, на мігах сімвалізуючы куплю й продаж. Стары трасянуў галавой, перадаў паднос з гарбатай двум арабам у сябе за плячыма і прамовіў усяго некалькі словаў, якія, здаецца, расчаравалі Марсэля. Ён адразу скруціў тканіну, запхаў яе ў куфар і, абцёршы з ілба ўяўны пот, гукнуў малога насільшчыка. Яны рушылі да павецяў. У першай краме, дзе гаспадар спачатку таксама меў непранікальны алімпійскі выгляд, ім пашанцавала ўсё ж трошкі больш.

— Яны ўсе тут лічаць сябе за Усявышняга! — сказаў Марсэль. — Але ж і ім гандляваць нечым трэба! Цяпер нікому не лёгка.

Жанін ішла следам моўчкі. Вецер амаль суцішыўся. Месцамі пачынала праглядаць неба. 3 блакітных калодзежаў, што рассякалі хмарныя тоўшчы, лілося халоднае, яркае святло. Яны пакінулі плошчу і пачалі хадзіць па маленькіх вулачках уздоўж гліняных муроў, над якімі звісалі звялыя снежаньскія ружы ці часам ссохлы, падгнілы гранат. Над кварталам луналі пахі пылу і кавы, змяшаныя з дымам ад спаленай драўнянай кары, водарам бараніны і сырога каменю. Крамкі, што туліліся ў разрывах паміж муроў, трапляліся далёка адна ад адной; Жанін адчувала, як яе ногі ўсё болей цяжэюць. Але ў мужа настрой пакрысе святлеў продаж пачынаў наладжвацца, і разам з ім лагаднеў ён сам; ён называў Жанін «сваёю маленькай». Паездка выдавалася не бескарысная.

— Вядома,— казала Жанін,— так нашмат лепш, калі з імі дамаўляешся непасрэдна.

Па яшчэ адной вуліцы яны павярнулі назад да цэнтра. Блізіўся надвячорак, неба ўжо амаль цалкам раскрылася. Калі яны спыніліся зноў на плошчы, Марсэль, паціраючы рукі, пяшчотна зірнуў на куфар, што стаяў перад імі.

— Глядзі,— раптам сказала Жанін.

Высокі, хударлявы, моцнага целаскладу араб у пальчатках, мяккіх жоўтых ботах і нябесна-блакітным бурнусе ішоў з іншага канца плошчы, велічна ўзняўшы свой бронзавы ад загару твар з арліным профілем. Толькі закручаная турбанам арабская павязка дазваляла адрозніць яго ад тых французскіх афіцэраў з каланіяльнай адміністрацыі, якімі часам так захаплялася Жанін. Паволі сцягваючы з адной рукі пальчатку, ён роўнай хадой набліжаўся да іх, але глядзеў, здавалася, кудысь па-над іх галовамі.

— Ну-ну,— прамовіў Марсэль, паціскаючы плячыма,— гэты ўжо, відаць, лічыць сябе за генерала.

Тут сапраўды ўсе мелі аднолькава ганарлівы выгляд, але гэты ўжо яўна перагінаў. Хоць уся плошча вакол была абсалютна пустая, ён кіраваў проста на куфар, не бачачы ні куфра, ні іх. Адлегласць паміж імі хутка скарачалася, і калі араб насунуўся зусім блізка, Марсэль раптам ухапіў куфар за ручку і пацягнуў назад. Араб прайшоў міма, нібыта нічога не заўважыўшы, і такой самай хадой рушыў далей да крапаснога мура. Жанін зірнула на мужа, у яго быў знаёмы пакрыўджана-расчараваны выгляд.

— Яны тут думаюць, што ім ужо ўсё дазволена,— сказаў ён.

Жанін нічога не адказала. Дурная фанабэрыя гэтага араба абурала яе, і раптам яна адчула сябе няшчаснай. Ёй хацелася з'ехаць, яна марыла пра сваю ўтульную кватэрку. Ад думкі пра вяртанне ў гатэль, у зледзянелы пакой яе кідала ў смутак. Нечакана яна прыгадала, што гаспадар гатэля раіў ёй падняцца на дазорную пляцоўку форта, адкуль адкрываўся від на пустэльню. Яна сказала пра гэта Марсэлю, дадаўшы, што куфар яны маглі б пакінуць у нумары. Але ён быў стомлены і хацеў крыху падрамаць перад вячэрай.

— Ну калі ласка,— сказала Жанін.

Ён зірнуў на яе раптам з уважліваю абыходлівасцю.

— Ну вядома, дарагая, вядома,— адказаў ён.

Яна чакала яго перад гатэлем на вуліцы. Натоўп у белых строях рабіўся ўсё болей шматлікім. У ім не сустракалася ніводнага жаночага твару, і Жанін нават здалося, што яна ніколі раней не бачыла адразу столькі мужчын. Але ніводзін на яе не глядзеў. Некаторыя толькі паволі паварочвалі да яе свае нібыта невідушчыя, худыя і выпетралыя на сонцы абліччы, якія здаваліся ёй усе падобныя адно да аднаго, — што ў салдаціка ў аўтобусе, што ў араба ў пальчатках, — аднолькава ганарыстыя і адначасова хітрыя твары. Яны паварочвалі да чужаземкі гэтыя твары і, не заўважаючы яе, лёгкай і бязгучнай хадой абыходзілі міма, і яна яшчэ мацней адчувала, як у яе набрыньваюць лыткі. Гэтае непрыемнае пачуццё разам з прагным жаданнем хутчэй адсюль з'ехаць павялічвалася з кожнай хвілінай. «Нашто я сюды прыехала?» Але Марсэль ужо выходзіў з гатэля.