Калі яны пачалі ўзбірацца па крапасной лесвіцы, была пятая гадзіна вечара. Вецер цалкам аціх. Чыстае па ўсёй шырыні неба мела цяпер блякла-блакітны барвенкавы колер. Холад стаў болей сухі і бадзёры і пашчыкваў у шчокі. На сярэдзіне пад'ёму ім трапіўся стары араб, які паўляжаў, прытуліўшыся да сцяны; ён спытаў, ці не патрэбен ім праваднік, але нават не варухнуўся, нібы загадзя быў упэўнены ў іх адмове. Лесвіца была доўгая і стромая, нягледзячы на мноства прамежкавых гліняных пляцовак. І па меры ўзыходжання прастора вакол шырэла, і яны ўздымаліся да ўсё больш неабсяжнага, халоднага і сухога святла, у якім кожны гук у аазісе далятаў да іх з выразнаю чысцінёй. Пранізанае праменнем паветра нібыта дрыжала, і гэтае трымценне ўзмацнялася з кожным крокам, быццам іх хада спараджала ў крышталёвым святле гукавую хвалю, якая разбягалася ўсё болей і болей шырокімі коламі. I у тую хвіліну, калі яны апынуліся на дазорнай пляцоўцы і іх позіркі адразу згубіліся ў неабсяжным даляглядзе далёка па-за пальмавым гаем, Жанін падалося, што ўсё неба вакол загучала адной яркай і кароткаю нотай і яе шматкроць адбітае рэха запоўніла сабою ўсю прастору ў яе над галавой, потым раптам аціхла, каб пакінуць яе, знямелую, перад бязмежным абсягам.
Яе позірк паволі бег з усходу на захад, не сустракаючы ніводнае перашкоды ўздоўж усёй дасканала выгнутай лініі гарызонту. А ўнізе, у яе пад нагамі, ляпіліся адзін да аднаго блакітныя і белыя пляскатыя дахі арабскага горада, апырсканыя цёмна-чырвонымі крывавымі кроплямі перцаў, што сохлі на сонцы. Нідзе не было відаць ні душы, але з унутраных дворыкаў, разам з дымам, прапахлым пражанай кавай, даляталі гукі вясёлай гамонкі і нейкае незразумелае шорганне. Крыху воддаль пальмавы гай, падзелены на няроўныя квадраты глінянымі агароджамі, шамацеў верхавінамі дрэваў пад подыхам лёгкага ветрыку, які зусім не адчуваўся тут, на дазорнай пляцоўцы. Яшчэ далей пачыналася вохрыста-шэрае царства каменя, якое цягнулася аж да самага далягляду, і на ўсім гэтым абшары не ўгадвалася ніякіх прыкметаў жыцця. Толькі непадалёк ад аазіса, побач з уэдам, які з захаду агінаў пальмавы гай, віднеліся шырокія чорныя намёты. Вакол іх нерухома размясціўся статак вярблюдаў, якія выглядалі адсюль зусім дробнымі, утвараючы на фоне шэрай зямлі цьмяныя знакі нейкай таямнічай пісьмовасці, сэнс якой трэба было расшыфраваць. Цішыня над пустэльняю была бязмежнай, як і сама прастора.
Жанін, у якой адняло мову, стаяла, наваліўшыся ўсім целам на парапет, і была няздольная адвесці вачэй ад бездані, што распасціралася перад ёю. Побач нецярпліва тоўкся Марсэль. Яму было халодна і карцела хутчэй спусціцца. На што тут было глядзець? Але яна не магла адарваць позірку ад гарызонту. Там, далёка на поўдні, дзе зямля злучалася з небам у адну чыстую лінію,— там, як ёй раптам здалося, нешта чакала яе, нешта такое, чаго яна дагэтуль не ведала, але чаго ёй заўжды не хапала. З набліжэннем сутоння святло паступова мякчэла, ператвараючыся з крышталю ў вадкасць. І адначасова жанчына, закінутая сюды толькі праз волю выпадку, адчувала, як у сэрцы ў яе паступова мякчэе і развязваецца вузел, зацягнуты гадамі жыцця, звычкай і сумам. Яна глядзела на лагер качэўнікаў. Яна не бачыла яго жыхароў, ніводзін сілуэт не ўзнікаў між намётамі, але яна магла думаць толькі пра іх — пра тых, аб чыім існаванні дагэтуль амаль не здагадвалася. Адрэзаныя ад сусвету, бяздомныя, яны былі невялічкаю жменькай, якая бадзялася па гэтым шырокім абшары, што адкрываўся ейнаму позірку, але быў усяго толькі мізэрнаю часткай яшчэ большай прасторы, якая распасціралася ў галавакружную далеч на тысячы кіламетраў на поўдзень — аж да тае мяжы, дзе ўрадлівыя воды першай ракі жывілі нарэшце магутны лес. І спрадвеку ссохлыя і вышкрабеныя да касцей землі гэтага неабсяжнага краю нястомна таптаў малалікі люд, які нічога не меў, але й не служыў нікому, застаючыся гаротным і вольным гаспадаром свайго дзіўнага царства. Невядома чаму, гэтая думка напаўняла Жанін такою салодкай і бязмежнай маркотай, што ў яе самі сабой змружваліся вочы. Яна ведала толькі, што гэтае царства было ёй заўжды абяцанае і што, разам з тым, яно ўжо ніколі не будзе належаць ёй, ніколі, апроч, можа быць, гэтага хуткаплыннага імгнення, калі яна зноў расплюшчыла вочы і ўбачыла раптам нерухомае неба і застылыя патокі святла, і ўсе гукі і галасы, што даляталі з арабскага горада, адразу змоўклі. Ёй здалося, што ўвесь сусвет спыніўся ў сваім руху і з гэтай хвіліны ніхто больш не састарыцца і не памрэ. Жыццё паўсюль нібыта замерла, і толькі ў яе ў сэрцы, у тое ж імгненне, нехта заплакаў ад болю і зачаравання.