Выбрать главу

— Не трэба, цётка Дар'я, я сам...

I вырваўся з цётчыных рук, пабег з хаты.

Была восень, імжыў дождж. Нават не дождж, а нейкая морась. Тут і там стаялі, стылі лужы. I без таго гразкая дарога расплылася, проста нагу не было дзе паставіць, каб не трапіць у ваду. Ды ён, Іван, і не выбіраў, дзе сушэй,— спяшаўся, імчаў, каб хутчэй быць дома, нібы прадчуваў, што не ўсё там ладна. Заўважыўшы людзей, што тоўпіліся на вуліцы, спыніўся.

— Што тут? — спытаў, ледзь стрымліваючы дыханне.

— Немцы ўсю Семенчукову сям'ю пастралялі,— адказала яму незнаёмая цётка, выціраючы хусткаю вочы.— I самога яго, і жонку, і дзяцей... Ых, ых,— зарумзала, абліваючыся слязьмі, яна.

Ёкнула сэрца ў яго, у Івана.

«А раптам і маіх бацьку, маці, Наташку, дзеда немцы застрэлілі, пакуль быў я ў Толіка?»

Прыпусціў што было сілы, з усіх ног дадому.

Але не, не дабег, бо ўбачыў таксама натоўп ля свайго двара, свае хаты. Спярша не паверыў — ці не памыліўся? Не, памылкі не было — гэта быў іхні двор, іхняя хата. Першая ж жанчына, якая яго ўбачыла, здаецца, гэта была суседка, цётка Пятруля,— закрычала:

— Іванка, не ідзі дадому... У лес уцякай... Яны забілі тату, маму, Наташку, дзеда... I цябе, калі зловяць, заб'юць...

Што далей і як ён, Іван, рабіў — не помніў. У памяці асталіся толькі нейчыя расчыненыя нахлашч весніцы, у якія ён, Іван, ускочыў, абгароджаны штакетнікам двор, хлеў, паркан, праз які ён, Іван, перамахнуў, потым гароды, лазняк, лес...

...Мокрага, галоднага, знясіленага, яго знайшлі ў лаўжы галля партызаны, калі неяк на досвітку вярталіся з задання...

2

...Гэта было ў самым канцы яго партызанства, усяго за дзень да вызвалення. Атрад, у якім ён, Іван, быў пры камандзіру як бы за пасылыюга, заняў абарону па ўскрайку лесу па абодва бакі шашы. Па ўсіх правілах былі выкапаны глыбокія акопы, пракладзены траншэі, зроблены завалы. Працавалі, не адчуваючы стомы, усю ноч, бо ведалі — будзе бой з рэгулярнымі часцямі нямецкай арміі, што адступаюць, не вытрымліваючы націску савецкіх войск. I таму да сустрэчы з ворагам рыхтаваліся асабліва старанна. Ды і заданне ж было — чаго б ні каштавала, затрымаць ворага, не пусціць далей: шаша тут, у балотах, адна, і калі яе перагарадзіць, створыцца затор, ворагу проста не будзе куды дзявацца, ён змушаны будзе ратавацца хіба што пеша, пакідаючы тэхніку — машыны, танкі, гарматы...

Быў верасень, і жаўталістая восень ужо кранула пышнай пазалотай кроны дрэў. Гэтая пазалота асабліва кінулася ў вочы, калі ўзышло сонца і яго гуллівыя промні асвятлілі наваколле. Быццам запаленыя свечкі, то тут, то там успыхнулі, засвяціліся бярозы, асіны, клёны. На лужку, што разлёгся зводдалі, ірдзелі, чырванелі гронкі спелай каліны, арабіны. Там, ля стагоў сена, клубіўся мутна-белы, быццам дым, туман. I было ціха, так ціха, што чуваць было, як падалі, стукаючыся аб сукі і кару дрэў, спелыя жалуды.

Камандзір атрада дзядзька Максім — партызаны звалі яго «Бацька» — і раз, і два, і тры абышоў, накульгваючы на левую, параненую нагу, акопы, траншэі, пагаварыў, перакінуўся словамі з камандзірамі ўзводаў, з партызанамі, якіх ведаў, бо былі ў болынасці з той вёскі, што і ён сам, ці з суседніх. Спыніўшыся ля густога зарасніку ажынніку — у ім густа і звабліва чырванелі, чарнелі ягады,— доўга глядзеў на яго, Івана. Потым раптам, нібы нешта ўспомніўшы, дастаў з сумкі, што заўсёды насіў пры боку, ніколі з ёй не расставаўся, лісток паперы, нешта напісаў.

— Вось што, — павярнуўся ён тварам — зямлістым, чорным ад бессані і клопату — да яго, Івана.— Хоць і ведаю, што хочаш пабачыць на свае вочы гэты бой, а ўсё ж... Справы ёсць справы. Імчы, брат, у атрад да Мігуна. Занясі, аддай яму гэту пісулю,— сказаў па-камандзірску даволі сурова.

I падаў яму, Івану, складзены ў чатыры столкі лісток паперы.

Ён, Іван, прывучацы быў да дысцыпліны. Просьба, загад камандзіра — былі для яго закон. I ўсё ж...

— Не шморгай носам, не плач,— сказаў яшчэ больш строга дзядзька Максім.— Выконвай!

I павярнуўся, хутка зашастаў ботамі па жорсткай, парыжэлай ужо, быццам свіная шчаціна, траве — пайшоў, заспяшаўся туды, дзе былі людзі, акопы, траншэі.

Ён, Іван, ведаў, дзе стаяў партызанскі атрад Мігуна. Неаднойчы бываў там з самымі рознымі даручэннямі. Гэта было кіламетраў за дваццаць ад тутэйшых мясцін. «Мусіць, не вельмі спадзяецца на свае сілы дзядзька Максім, дапамогі просіць. Дзіва што — рэгулярныя ж нямецкія часці... I мне... Спяшацца трэба!.. Пакуль дабягу туды, пакуль назад... Ого, колькі часу пройдзе...»

Заціснуўшы лісток паперы ў кулачок, прыпусціў у гушчар лесу. Як заўсёды — напрасцяк, не пільнуючыся дарог і сцежак...