Закідвае адну, другую руку наперад, падцягваецца... Але не, няма больш сілы, не хапае паветра. I ён... Не ўтрымліваецца, зрываецца, падае ўніз, туды, дзе стаяць немцы, дзе падняты ўгору сталёвыя, блішчастыя цесакі...
...Ён, Іван, сядзіць за рулём, вядзе, як і штодзень, аўтобус. Дарога амаль пустая — зрэдку пакажацца грузавік, мільгане «Волга» ці «Жыгулі». I зноў пуста, хоць бокам каціся. I раптам... Што гэта?.. Проста на яго імчыць гружаны бярвеннем «МАЗ». Калі і адкуль ён выскачыў — ён, Іван, не заўважыў. I за рулём сядзіць нехта ці не п'яны, бо «МАЗ» імчыць, нясецца на вялізнай хуткасці, прычым улукаткі, з аднаго краю дарогі на другі. I змятае ў кювет, разбівае «Волгі», «Жыгулі», іншыя машыны, што трапляюцца па дарозе. Ён, Іван, разумее, што яму трэба звярнуць, збочыць, бо інакш яго аўтобус таксама будзе змецены ў кювет, збіты, раздаўлены. Але куды збочыць, куды звярнуць? Якраз жа месца такое... Ды і руль нешта не слухаецца, як ні напружваецца, як ні імкнецца Іван — аўтобус імчыць нрама, нікуды не зварочвае. I бачыць, адчувае ён, Іван — не ўдасца яму нікуды звярнуць, трэба выскокваць, уцякаць з кабіны. Ён хапаецца за ручку дзвярэй, адчыняе, і...
...ачынаючыся ў жаху, кожны раз хапаецца рукамі за сэрца. Здаецца — яно не вытрымала, разарвалася і баліць, баліць...
— Што, родненькі? — чуе, даходзіць да яго, быццам праз тоўшчу вады, голас Ліды.— Не бойся, я тут, усё будзе добра...
I Лідзіна рука — цёплая, ласкавая, гладзіць, гладзіць яго — па лбе, па шчоках, па твары...
Ён зноў заплюшчвае вочы...
«Ліда... Лідачка... Лідуся!..— шэпча, гаворыць, крычыць ён. А мо і не шэпча, не гаворыць, не крычыць, а паўтарае сам сабе ў думках.— Дзякуй, за ўсё табе дзякуй, што ты дала мне, прынесла з сабою ў маё жыццё. Каб не ты, каб цябе я не ўбачыў, не сустрэў... Не ведаю, як бы і жыў, што б са мною было...»
I цяпер ужо ўяўляецца яму — ён, Іван, зноў за рулём аўтобуса. Выехаў на звыклую, знаёмую дарогу, мінуў мястэчка, потым — абсаджаную бярозамі шашу — суцэльны зялёны калідор — і ўляцеў па гэтым калідоры ў лес. Тут дарога раўнейшая — нядаўна яе паправілі, падсыпалі бітага шчэбеню. Ды і цвярдзейшая. Аўтобус ідзе роўна, матор працуе, як і заўсёды — без натугі, і весці аўтобус прыемна, нават радасна. Ён, Іван, седзячы за рулём, адчувае, як наліваюцца сілаю яго мускулы, як хочацца нешта ці то падняць, ці то зрабіць. У душы ўзнікае, аж быццам перапаўняе яго музыка, песня без слоў...
...Яе, Ліду, ён убачыў упершыню пад восень — яна стаяла на абочыне дарогі на выездзе з Дубровіцы, падняўшы ўгору руку, каб не прайшоў міма, спыніўся аўтобус. У светла-зялёным плашчы, белай пуховай шапачцы. «Як дзьмухавец»,— падумаў чамусьці весела ён яшчэ пра адну пасажырку, якую трэба надабраць, і, параўняўшыся з ёю, спыніўся, як спыняўся кожнаму, хто хацеў пад'ехаць, зусім не думаючы, што гэта спыняе яго лёс. Адчыніў дзверы, і «Дзьмухавец» не ўскочыў, а як бы лёгенька ўляцеў у аўтобус.
I ў аўтобусе адразу ж зрабілася весела, а ў яго, шафёра, зайграла на душы музыка. Ды такая, што хацелася спяваць, свістаць, скакаць. I ён ехаў, можа быць, як ніколі яшчэ ўпэўнена, абмінаючы выбоіны, лужыны, абганяючы спадарожныя машыны, даючы дарогу сустрэчным.
«Хто яна такая? — не накідала яго, хвалявала думка.— Першы раз бачу, першы раз падвожу...»
Калі праз нейкі час яна падышла да дзвярэй, каб абілеціцца, заплаціць за праезд, ён не мог падняць вачэй, паглядзець ёй у твар. Такое здарылася з ім упершыню. «Чаму б гэта?» — падумаў. Звярнуў увагу толькі на яе рукі — яны былі надта ж маленькія, быццам дзіцячыя, і кволыя-кволыя...
Мінуў тыдзень, і ў нядзелю ён зноў убачыў на выездзе з Дубровіцы «Дзьмухаўца», як у думках ахрысціў ён дзяўчыну. Зноў яна стаяла на абочыне дарогі і зноў прасіла спыніцца, падвезці. Гэты раз вольных месцаў у аўтобусе не было, але ён усё адно спыніўся, забраў дзяўчыну. I зноў заўважыў — у душы ў яго зайграла музыка — цэлы аркестр...
I гэты раз ён не змог пераадолець сваю сарамлівасць, падняць вочы, паглядзець на дзяўчыну — быццам баяўся ашукацца, што дзяўчына акажацца не такой, якую ён уяўляў усе гэтыя дні, пра якую думаў, лежачы адзін у сваім халасцяцкім ложку.
Толькі мо на пяты ці шосты раз, калі падабраў дзяўчыну з абочыны дарогі, асмеліўся падняць вочы, паглядзець ёй у твар. I сам засаромеўся сябе — такая прыгожая здалася яна яму.
«Няйнакш вучыцца дзесьці і ездзіць дадому... А ў нядзелю ад'язджае»,— думаў ён пра дзяўчыну.
Аднойчы, калі праязджаў у нядзелю міма Дубровіцы і не ўбачыў на абочыне дарогі дзяўчыны, аж не ведаў, што рабіць. Раптам запазнілася, у час сюды не паспела? А мо хутчэй, чым іншыя разы, ехаў — гнаў аўтобус, каб сустрэцца, убачыць яе?