— Вось гэта лес, — здзіўлена-разгублена сказаў Далібору Костка. — І звер не пераскочыць, і птах не пераляціць.
Зусім кепска зрабілася новагародскай дружыне, калі ўсчалася непагадзь. Якая ўжо дарога была ў лесе, але дождж разбіў і яе. Падвязалі коням хвасты, каб меней пэцкаліся ў гразі. Дождж дужэў, ляцеў і ляцеў на лес. Глухі бясконцы шум палохаў людзей і коней.
На начлег ваявода Хвал прыпыніў дружыну ў негустым бярэзніку, які светлым акном пракінуўся між старых змрочных елак. Зашыпелі кволыя вогнішчы. Усё было мокрае, слізкае, як балотны вуж. У змроку ўбачылі, як грузна прайшоў непадалёку велізарнейшы зубр. Тры чалавекі маглі б умясціцца між ягоных рагоў. Ен соп, ламаў галлё, злаваў на людзей, што парушылі адзіноту, але падбегчы да вогнішчаў, раскідаць, растаптаць іх пабаяўся і знік за дрэвамі, як гара.
Найдзён дапамог Далібору распрануцца, пачаў сушыць над агнём адзенне, спачатку княжычава, потым сваё. Напялі пад густой елкай паходны скураны шацёр, заслалі зямлю веццем, лапнікам, а зверху паклалі ваўчыныя і мядзведжыя шкуры. Далібор, загарнуўшыся ў тоўстую ваўняную коўдру, чакаў, пакуль халоп прынясе смажаную тураву печань з малаком — любімую страву новагародскіх князёў. Потым разам з Косткам пачыталі вячэрнюю малітву, патушылі свечку, што, уторкнутая ў звярыны рог, цьмяна гарэла ля ўвахода ў шацёр. Лях пайшоў спаць у буданок, дзе павінен быў начлежыць і Найдзён. Далібор стомлена расцягнуўся на цёплых шкурах і раптам спіной адчуў нешта цвёрдае, круглае. Уздрыгнула сэрца. Ен хуценька ўсхапіўся, потым апусціўся на калені, пачаў у змроку абедзвюма растапыранымі далонямі асцярожна абмацваць сваё ложа. І адразу ж знайшоў тое, што шукаў. Яшчэ не бачачы рэч, якую трымаў у руцэ, княжыч ужо ведаў, што гэта жолуд. Зноў таемны жалезны жолуд! Спачатку хацеў паклікаць Найдзёна і загадаць, каб той запаліў свечку, але перадумаў. Бясшумна падкраўся да чырвоных вуголляў вогнішча, пачаў разглядваць знаходку. Гэты жолуд быў як брат таго, першага. Такі ж старанна адштукаваны, з прыгожай шапачкай-капялюшыкам. Цьмяна блішчаў ён у паўзмроку і, здавалася, халадзіў далонь. Хто ж падклаў яго? Найдзён? Костка? Навошта падклаў? Ва ўсім павінен быць сэнс. Дзеля чаго ж гэтыя загадкавыя жалуды ідуць следам за ім, Даліборам? Княжыч з раптоўнай яраснай злосцю размахнуўся, хацеў шпурнуць жолуд у цёмны начны лес, але ўжо на самым узлёце рукі нейкая сіла астудзіла, прытрымала. Ен уздыхнуў, пайшоў у роздуме да шатра, лёг. Гэты жолуд, вядома ж, абярог, ахоўнік чалавечы, нехта хоча ўратаваць яго, княжыча, ад злыбяды. На першы жолуд ён не звярнуў увагі, і вось з'явіўся другі. Выкіне гэты — падкладуць трэці… Абярогі трэба насіць на грудзях, ля сэрца, але Далібор не паганец, і на грудзях у яго хрысціянскі крыж. У цемры адшукаў княжыч сваю шырокую паходную дзягу, упрыгожаную наборнымі залатымі і срэбнымі бляшкамі, адшпіліў капшук для трута і крэсіва, запіхнуў жолуд туды.
Раніцай зноў рушылі ў дарогу. Праз нейкі час Найдзён паклікаў Далібора:
— Княжыч!
Далібор пад'ехаў на кані, убачыў, што халоп з прасветленым тварам, прыгнуўшыся, стаіць над вялізным мурашнікам.
— Што табе? — строга запытаў Далібор.
— Глядзі сюды, — прыцішыў голас Найдзён і яшчэ ніжэй схіліўся над жоўта-бурай гурбой мурахавіння. Дзіўнае з'явішча ўбачыў княжыч. Дзесяткі, сотні мурашак выпаўзалі з дзірачак-ходзікаў, і ва ўсіх на спіне былі крылы. Вось гэты светлакрылы рой пырхнуў з мурашніка, паляцеў.
— Раз на сонцаварот і мурашка бывае крылатая, — задаволена сказаў халоп, праводзячы позіркам бясшумны рой, потым растлумачыў Далібору: — Гэта мурашыныя князі і княгіні. Апусцяцца дзе-небудзь на зямлю, адгрызуць не патрэбныя болей крылы, выкапаюць ямкі і пакладуць туды першыя яйкі. Глядзіш, новы мурашнік, новы горад вырас. Раз на сонцаварот і мурашка бывае крылатая, — зноў з нейкай радасцю паўтарыў ён.
Далібор пільна паглядзеў на халопа і раптам уявіў, як няўклюдны, але крылаты Найдзён ляціць над лесам, над полем, над морам, ляціць, аддаляючыся ад яго, княжыча. «Паляцеў бы і нават не азірнуўся», — са злосцю падумаў княжыч і загадаў халопу:
— Едзь за мною і нікуды не сунь свой нос.
Скончыліся адгор'і Новагародскага ўзвышша, пайшла лясістая раўніна. Стаялі доўгія спякотныя дні. Прахалодныя ж ночы былі кароткія, на дзве салаўіныя песні. Вось-вось павінна была быць рака Рута. Недзе тут у сваім горадзе сядзеў Міндоўг. Далібору не цярпелася ўбачыць грознага літоўскага кунігаса.
— Хутчэй, — пачаў падганяць ён ваяводу Хвала.
— Не трэба бегчы паперадзе сваіх коней, — строга і цвёрда адказаў ваявода і кусануў жаўтлявы вус, што азначала вялікую незадаволенасць.
— Але Костка кажа, што нам трэба рухацца як мага хутчэй, бо можам не заспець Міндоўга ў Варуце.
— Костка? — перапытаў Хвал і, нядобра ўсміхнуўшыся, выдыхнуў: — Па чым распазнаюць ляха? На чэраве вісіць бляха.
Злы быў ваявода на Костку, бо бачыў, што вялікую ласку і міласць мае той ад князя Ізяслава Новагародскага. Далібор хацеў гнеўным словам асадзіць наравістага ваяводу, але ў гэты самы час некалькі вояў схапілі свае лукі і з крыкам «Зязюля!» навялі іх на густалапую вельмі высокую елку. Далібор яшчэ нічога не паспеў сцяміць, як з елкі, ломячы голле, гоцнуўся на зямлю дужы светлавалосы юнак. Ен адразу ж усхапіўся на ногі, хацеў ірвануць дубіну-мачугу, якая на скураной пятлі вісела за правым плечуком. Але яму заламалі рукі, адабралі мачугу, і ён толькі часта дыхаў. Вядома ж, гэта быў літовец. Мажны, шыракаплечы, з прамым тонкім носам, як амаль ва ўсіх ягоных аднародцаў. На ім была белая льняная кашуля з доўгімі рукавамі, якую літоўцы называюць маршкіняй. Кашулю падпяразваў вузкі скураны рэмень, акаваны бронзавымі бляшкамі. Пэўна, каб лаўчэй залезці на дрэва, літовец быў басанож, скураныя ж боты з высокімі халявамі перакінуў, звязаўшы вяроўчынай, цераз плячо.
— Каму служыш, «зязюля»? — запытаў у яго ваявода Хвал.
Ваявода, як і большасць бывалых мужоў-новагараджан, някепска ведаў літоўскую мову, ніколі не браў з сабой тлумача.
— Мой гаспадар кунігас Міндоўг, — адказаў светлавалосы юнак.
— Дым! — закрычалі раптам воі.
Усе ўзнялі галовы і ўбачылі, як з самай вяршыні елкі ўразаецца ў неба рог чорнага густога дыму.
— Ты запаліў? — запытаў ваявода.
— Я. Кунігас Міндоўг павінен ведаць, што да Варуты набліжаюцца чужыя людзі.
Далібор прагна ўслухоўваўся ў гаворку літоўца. Нейкія словы ён разумеў. Родным знаёмым святлом успыхвалі яны ў плыні чужой мовы. Так бывае ў вятрысты непагодлівы дзень, калі то выб'ецца на неба сонца, то зноў схаваецца за чарноцце хмар. Пэўна, праўду кажуць людзі, якія зведалі мудрасць старых пергаменаў, што многія вякі таму назад Літва, Новагародак і ўся руская славяншчына былі братамі па мове і па веры. Гэта было тады, калі аднолькавым голасам спяваў ім свае песні пракаветны лес, калі дзікія коні і дзікія каровы пасвіліся, непадуладныя чалавеку, у залітых сонцам сакаўных лугах. Гэта было тады, калі Пярун і Пяркунас сядзелі абняўшыся на высокай гары пад святым дубам, а ў паняволенай Рымам Іудзеі яшчэ не нарадзіўся Хрыстос.
— Мяне завуць Гінтасам. Я дружыннік кунігаса Міндоўга, а Міндоўг распачаў вялікую вайну супраць свайго брата кунігаса Даўспрунка, — гаварыў між тым ваяводу Хвалу засмучаны юнак. — Калі я вярнуся ў Варуту, кунігас жорстка пакарае мяне.
— За што? — пацікавіўся Хвал.
— Я трапіў у палон да чужынцаў.
— Мы не чужыя, — запярэчыў Хвал. — Мы воі новагародскага князя Ізяслава Васількавіча. Не з мячом, а з мёдам, хлебам і соллю ідзём мы ў Літву да кунігаса Міндоўга, каб стаць братанічамі з ім, каб агульным шчытом прыкрыцца ад татарскіх арканаў і тэўтонскіх арбалетаў. Я дам табе срэбра, Гінтас. Я скажу кунігасу, што ты быў харобры, як пушчанскі тур, і вастравокі, як ястраб.
— Не трэба срэбра, бо ўсё яно належыць нашаму кунігасу. Аддайце мне мачугу, — папрасіў Гінтас.