Выбрать главу

Яму аддалі баявую дубіну, і ён пацалаваў яе. Доўгія валасы, сціснутыя на лобе і на скронях скураным раменьчыкам, узвіхурыла ветрам. Ен рэзка трасянуў галавой, адкідваючы іх з твару, і ва ўпор глянуў на Далібора. Такіх сініх вачэй княжыч яшчэ не бачыў. У Лукеры з вакольнага горада (Далібор адразу ўспомніў пра яе) вочы таксама былі сінія, нават іскрыстыя. Але там была мяккая цёплая сініна. У Гінтаса ж у позірку быў сіні лёд, сіні мароз. «Не адну дзявочую душу карэжыў ён такім вокам, — падумаў княжыч. — Пэўна, шмат літовачак уздыхае па ім». У астатнім жа, як прыкмеціў Далібор, малады літовец амаль нічым не адрозніваўся ад новагараджан. Гэта не татарын з Алтын-Арды12, ад якога за дзесяць вёрст пахне стэпам. Апрані яго па-новагародску, дай у руку дзіду, пасадзі на каня, і будзе хвацкім дружыннікам у князя Ізяслава. «Мы падобныя, — узрадаваўся свайму адкрыццю Далібор, — з аднаго лесу мядзведзі».

Чорны дым ад вартоўнага кастра, што запаліў Гінтас, заўважылі ў Варуце. Дружыну ваяводы Хвала, як толькі яна пачала падыходзіць да горада, перастрэлі конныя літоўцы. Вершнікаў было сотні чатыры, калі не болей. Яны размахвалі мячамі, мачугамі і па сваёй старадаўняй завядзёнцы пачалі браць новагараджан у кола, аточваць з усіх бакоў.

— Сам Войшалк вывеў дружыну, — спалохана сказаў Гінтас, едучы поруч з Даліборам. — Значыць, кунігас Міндоўг вярнуўся ў Варуту. Без сям'і, без сваіх сыноў ён нікуды не ездзіць, бо ведае: трапяць сыны ў рукі Даўспрунку — і костачкі ад іх не застанецца.

У маладога літоўца голас перасеў ад страху. Далібор са здзіўленнем пазіраў на яго. Няўжо гэты асілак, гэты сціпруёліс, як кажуць літоўцы, так баіцца кунігаса? Але не трэба хадзіць са сваёй свечкай у чужы манастыр. Кожнаму небу свая зорка свеціць.

Ваявода Хвал тым часам загадаў трубіць у трубы, біць у бубны, спыніў дружыну і ў знак міру і згоды злез з каня, выняў з похваў меч, уваткнуў яго ў зямлю. Войшалк з некалькімі сваімі вершнікамі таксама спешыўся. Гэта быў, калі меркаваць з першага позірку, Далібораў аднагодак, высокі, цёмнавалосы, са строгім загарэлым тварам і нечаканай мяккасцю ў пільных рухомых вачах. На галаве ў літоўскага княжыча прыгожа сядзела ваўняная зялёная шапачка, увесь край у якой быў пераплецены бліскучым бронзавым дротам у выглядзе ромбаў і трохкутнікаў. Грудзі ахоўвала жалезная з кароткімі рукавамі кальчуга. Паверх яе княжыч апрануў чырвоны, падбіты лёгкай белай футравінай, плашч, які зашпільваўся фібуламі на правым плечуку. Фібулы былі багатыя, буйныя, з галоўкамі ў форме макавых каробачак.

Далібор глядзеў на ладную паставу і прыгожае ўбранне Войшалка, і ўсё ці амаль усё падабалася яму ў ім. Асабліва ж кінулася ў вочы шапачка, мірная, хатняя. Побач сцяной стаяць суровыя воі ў жалезных шлемах і кальчугах, а на галаве ў княжыча, іхняга вадаса13, шапачка, як лясная бесклапотная птушка.

— Адкуль вы і да каго? — звонкім голасам спытаў Войшалк у Хвала і Далібора, што ўжо стаяў поруч з ваяводам.

Хвал разгладзіў скураной пальчаткай вусы.

— Мы, як ты бачыш, княжыч, воі слаўнага Новагародка, слугі харобрага князя Ізяслава Васількавіча. Вось гэта, — ён паклаў руку на плячо Далібору, — новагародскі княжыч Глеб Ізяславіч.

Далібор злёгку схіліў галаву. Войшалк пакланіўся ў адказ.

— А ідзём мы ў слаўны горад Варуту, да слаўнага кунігаса Міндоўга, — працягваў ваявода. — Прымі, княжыч, дарункі ад Новагародскай зямлі.

Пры гэтых словах дзецкія з малодшай дружыны прынеслі куфэркі з каштоўнымі камянямі і срэбрам, кіпы футраў чорных і рудых лісіц, багата аздобленыя чары для мёду і віна, лоўчых сокалаў, у клетках з меднага дроту, з атласнымі каўпачкамі на галовах, прывялі двух войскіх коней пад чырвонымі гнутымі сёдламі і шытымі залатой ніткай апонамі. Потым ваявода Хвал на шырокім квяцістым ручніку паднёс Войшалку меч, сказаў:

— Прымі гэты меч, гэты кардас, гартаваны на трох агнях, купаны ў чорнай, сіняй і чырвонай крыві. Няхай сагнецца ён толькі тады, калі вайдэлоты запаляць памінальнае жоглішча, калі іскры паляцяць разам з душой у неба, а смяротнае цела ляжа разам з вугалем, прыскам, канём і непераможным мячом у зямлю.

У Войшалка радасна ўспыхнулі вочы. Ен пацалаваў меч, потым пацалаваў Хвала і Далібора, усклікнуў:

— Калі зазвоняць у звон ратны, устану я з гэтым мячом за Літву і Новагародак! Ідзіце ж да нас, нашы пабрацімове. Варута чакае вас.

І адразу ж, нібы пачуўшы словы Войшалка, за земляным валам і драўляным тынам Варуты ўдарылі калатушкамі па дубовых дошках, якія віселі на вяроўках, скручаных са звярыных жыл. Урачыста-трывожны голас біла паляцеў над ракой Рутай, над пушчамі і камяністымі выспамі. У кожнага з літоўцаў і новагараджан зрабілася трапятліва ў душы.

Міндоўгаў горад ужо чакаў іх. Пясчаная рака дарогі цякла да грознай дубовай брамы, што была ўрэзана ў вал. Брама шчацінілася даўжэзнымі ікламі дзікоў і ваўкоў. Як жалезныя цвікі, былі ўбіты яны ў пацямнелае ад дажджу і дыму дрэва. Выява Пяркунаса, выпілаваная з тоўстага дубовага камля, завершвала браму.

Бог-грамавік, сціскаючы ў руцэ вогненную нябесную стралу, пранізліва глядзеў на ўсіх, хто ўязджаў і ўваходзіў у ягоны і Міндоўгаў горад. З двух бакоў брамы гарэлі нязгасныя вогнішчы, удзень і ўночы рабілася тут чорным прыскам дубовае стволле. Над вогнішчамі былі змайстраваны паветкі, каб ні дождж, ні вецер не затапталі святое ачышчальнае полымя. Вайдэлоты і вайдэлоткі ў белых адзежах лілі ў касцёр смалу-жывіцу, кідалі ламачча. Зніч, вечны агонь, не мог патухнуць, знікнуць, як не патухае сонца, як не патухаюць сёстры ягоныя, нябесныя знічкі, над Новагародкам і Літвой. Згарыць адна, але глядзі — ляціць услед за ёй другая, распырскваючы залатое святло ў начным бяздонным небе. З цемры магіл бачыцца сынам наднёманскіх пушчаў гэта святло. Усходняе і заходняе неба азораны ім.

Непадалёку ад брамы стаяла дубовая бакшта14 вышынёю ў пяць коп'яў. На яе ў адказны і ўрачысты час уздымаўся галоўны святар (а святаром у Варуце быў кунігас Міндоўг), каб аб'явіць волю багоў народу. Акрамя Пяркунаса, бога войнаў, гаспадара маланак і верхніх вод, тут шанавалі Калвеліса і Мянуліса, а таксама бога буры і ветру Вейяса. Пакланяўся мясцовы люд і Лаўме. Гэта багіня яркай незвычайнай прыгажосці жыла на воблаках і пасля дажджу распускала свой пояс — нябесную каляровую вясёлку.

Побач з бакштаю рос дуб, адзінае дрэва, якому дазволілі ўвайсці ў горад. У лютую навальніцу Пяркунас кінуў з неба стралу і апаліў дубу галаву. Дуб, узгорак, маланка, агонь, меч, конь — вось што спрадвеку было тут святым.

Толькі дзве душы ў паганскай Варуце таемна маліліся Хрысту: Міндоўгава жонка кунігайкшціене Ганна-Паята, дачка цверскага князя, і яе сын Войшалк. Была ў іх свая каморка, дзе вісела ікона і гарэлі васковыя свечкі і пра якую ведаў толькі Міндоўг. Даведаецца пра гэта і Далібор, але пазней.

Новагараджане злезлі з коней, прайшлі каля свяшчэнных вогнішчаў. Далібор чуў, як адзін з вайдэлотаў казаў, пазіраючы на полымя: «Хвала табе, Агонь, Сын неба, Бацька зямлі, разбуральнік цвёрдага, знішчальнік халоднага».

Варута стаяла на высокім рачным мысе, ад поля адгароджвалася валам, зробленым з дубовых і сасновых клетак-гародняў, якія былі з верхам набіты глінай і каменнем. Ля падножжа вала змяіўся глыбозны роў, напоўнены зеленаватай цёплай вадой. Там крумкалі жабы.

Вуліца, што вяла да двух'яруснага княжага церама, была высцелена шырокімі драўлянымі плахамі. Паабапал яе шчыльна мясціліся дамы баяр і старшых дружыннікаў, майстэрні рамеснікаў. Халупкі чэлядзі ляпіліся да княжага церама, як лепяцца малюскі-прысмочкі да карабельнага днішча. Тут жа была вялікая стайня для войскіх коней.

Далібор разам з ваяводам Хвалам і Косткам ішоў да Міндоўга. Неўзабаве ён павінен быў убачыць грознага кунігаса, глянуўшы ў вочы якому, многія, калі верыць чуткам, трацяць прытомнасць.

На вялікі здзіў, Міндоўг сустрэў новагараджан не ў сваім шыкоўным прасторным цераме, а ў звычайным нумасе, у якім спрадвеку жылі і жывуць тыя з яго аднародцаў, што ходзяць за сахой. Сціплы нумас, драўляны, з чатырохсхільнай саламянай страхой, стаяў, прытуліўшыся да сцяны багата аздобленага церама. Новагараджане пераглянуліся. Костка хмыкнуў У вус, шапнуў:

вернуться

12

Алтын-Арда — Залатая Арда.

вернуться

13

Вадас (літоўск.) — правадыр, кіраўнік.

вернуться

14

Бакшта — вежа.