Весела было ў Варуце наступнай ноччу. На вялізных вогнішчах смажыліся дзікі і ласі. Міндоўг з Войшалкам і сваімі ваяводамі, Далібор з Хвалам і Косткам сядзелі за багатымі сталамі пад адкрытым небам, пілі мёд, рамейскае віно і светлае літоўскае піва-алус. Міндоўг са смакам еў ласіныя губы ў воцаце, кідаў хуткія позіркі то на Далібора, то на Хвала, і ў чорна-зялёных вачах яго ўспыхвалі яркія бліскаўкі.
— Чаму сам князь Ізяслаў не прыехаў? — спытаў ён у Далібора, паклаўшы цяжкую руку яму на плячо.
— Да князя Данілы Раманавіча ў Галіч збіраецца, — адказаў Далібор.
Кунігасава рука сціснулася ў кулак, гэтым кулаком ён шкрабануў княжычу па хрыбетніку, быццам выпрабоўваў на моц. Потым ускочыў з-за стала, загадаў Войшалку:
— Кліч дружыннікаў! Хай новагараджане паслухаюць нашы дайны!
Прыйшло чалавек дзесяць — пятнаццаць, сталі паўколам, заспявалі. Пад начным небам, пад срэбнадымнымі воблакамі шырока паплыла песня:
Міндоўг падбег да спевакоў, ушчаміўся між імі, паклаўшы ім рукі на плечы, заспяваў-запытаў:
адказаў хор.
зноў запытаў кунігас.
паляцела ў чорную ноч, паляцела да зорак. Расступіўся, раскалоўся змрок, і ў кожнага, хто слухаў песню, пранеслася ва ўспамінах, як вогненны шар маланкі, уласнае жыццё ад самага пачатку да вось гэтай песні, У якой абудзіліся ўсе выявы зямлі: таемны лес, глыбозная вада, крыкі-шэпты прыроды. Далібор убачыў расахатую бярозу над пясчанай туманнай дарогай, кроплі расы на кветках, дзявочую постаць ва ўсім белым. Туман цёк, наплываў на дзяўчыну, вось толькі тоненькая рука, як крыло птушкі, мільганула ў хвалях шэрага туману і знікла. Дзе гэта было? Хто гэта быў?
Зноў селі за багатыя сталы. Міндоўг быў дужа вясёлы, усмешлівы, шмат еў і піў. Чаляднікі падавалі смажаных качак і гусей, вэнджаных вугроў, халодныя цялячыя языкі.
— Есці ўжо няма куды, а вочы ядуць, — задаволена выгукнуў адзін з літоўскіх ваяводаў, і ўсе засмяяліся. Але Міндоўг раптам пацямнеў у твары, схапіў ваяводу за доўгія валасы, тыцнуў яго тварам у тлустыя кавалкі смажаніны, закрычаў:
— Распусціў чараво! Помніш, як мы галадалі над ракой Нявежай? Як кару грызлі? Як лівонцы кідалі нам цераз вал дохлых кошак?
Ен перакуліў стол, пайшоў у змрок, апусціўшы галаву. Нечаканая змена ў настроі кунігаса перапалохала чаляднікаў, здзівіла новагараджан. Толькі ваявода, быццам нічога не здарылася, спакойна сядзеў на кляновай лаве з перапэцканым тварам. Па шчоках цяклі бліскучыя ручайкі. І не слёзы гэта былі, а гусіны тлушч.
— Ідзі сюды, княжыч, — паклікаў Далібора Міндоўг. Калі Далібор падышоў, горача схапіў яго за плячук, загаварыў: — Я самы моцны і самы багаты ў Літве. У мяне ёсць рабы, у мяне ёсць зямля. Мае коймінцы аруць на валах, а не на худых конях, як у Даўспрунка. У мяне тысячы сярпоў і сох, а кавалі куюць лепшыя баявыя сякеры, лепшыя, чым у лівонцаў. Мае людзі вязуць за рубеж футравіну, якой дзівяцца Рым і Брэмен. Вы ў Новагародку моліцеся пры свечках, зробленых з майго воску. Ты верыш мне? — запытаў ён раптам.
— Веру, — адказаў Далібор.
— Літву хачу бачыць моцнаю, як святы дуб, пад якім сядзіць Крыве, — казаў далей варуцкі кунігас, і чорна-зялёныя вочы натхнёна свяціліся. — Усіх, хто пакланяецца Пяркунасу, хачу сабраць пад сваім сцягам. Ты верыш мне?
— Веру, — зноў адказаў новагародскі княжыч, бо што інакшае мог ён сказаць. Гэты чалавек быў як магніт, як бераг, да якога, хочуць яны ці не хочуць, але абавязкова павінны прыплыць некалі ўсе чоўны. Той жа, хто не прыплыве, ляжа мерцвяком на дно.