«Цяжка табе», — думаў Далібор, назіраючы за Міндоўгам. Складаныя былі адносіны новагародскага княжыча да варуцкага кунігаса. Захапляўся ім, дужа паважаў за адчайную смеласць і няўтрымнасць, за жалезную рашучасць і волю. Бачыў, як усе наўкол баяцца кунігаса, бо вялікі страх наводзіў на людзей. Пра такі страх добра пісалі іудзейскія мудрацы: «Набліжаючыся да ўладара, падай на твар свой». Усё болей пераконваючыся, што Міндоўг не можа быць ягоным бацькам, Далібор адчуваў сваю залежнасць ад яго. І не толькі сваю, а ўсёй Новагародскай зямлі. Гэты жалезны чалавек, як толькі надарыцца зручная часіна, схопіць за кадык новагараджан. І невядома яшчэ, хто пераможа — Ізяслаў ці Міндоўг.
А між тым ішла вайна. Далібор з ваяводам Хвалам і новагародскай дружынаю ўжо некалькі разоў поплеч з Міндоўгам і Войшалкам секся ў лютай сечы, адкідваў ад Варуты ворагаў. Шмат пабілі, разагналі па лясах. Міндоўг быў нястомны ў розных прыдумках-хітрыках. Даведаўшыся, што ў пушчы за ракой Рутай сабралася незлічонае мноства Таўцівілавых людзей, абклаў, абкружыў іх з усіх бакоў, а перад самай бітваю выпусціў галодных пчол з вулляў. Наўмысна некалькі дзён запар затыкалі ў вуллях лёткі. Раз'юшаныя пчолы, цэлыя хмары, цэлыя гудлівыя медна-шэрыя воблакі, рынуліся на дружыннікаў. Дарэмна Таўцівіл махаў мячом, клікаў на сечу. На злом галавы пабеглі хто куды ягоныя людзі. Шмат каго на вяроўцы прыгнаў у той дзень Міндоўг у Варуту. Калі ж вярталіся, задаволеныя перамогай, у горад, насустрач войску паслала неба невялікі абозік. Дзесяць — пятнаццаць фурманак, гружаных соллю, жалезным таварам, валошскім17 віном, калаціліся, рыпелі ў лясной глушэчы.
— Чаму Варуту бокам абыходзіце? — грозна спытаў Міндоўг.
Купцы, а гэта былі два браты са сваім сівабародым бацькам, спалохана пазіралі на кунігаса.
— Чаму? — схапіў старога за бараду Міндоўг. Той бухнуўся сухімі каленямі на цвёрдыя хваёвыя карані, хліпнуў сіняватым носам:
— Не чулі пра такую.
— Пра Варуту не чулі?
Міндоўг адступіўся ад старога, як ад прыхадня з таго свету. Ен заўсёды быў перакананы, што ягоны горад, ягоную слаўную Варуту, ведаюць усе, як ведаюць Рым і Брэмен, а тут гэты сівы слізняк чаўпе нешта недарэчнае. Кунігас тупнуў нагою.
— Хто вы і куды ідзяце?
— Мы з Жамойці. Ідзём з таварам у Менскую зямлю, — перапуджана, часта міргаючы шэра-белымі вейкамі, адказаў купец. І ўсё хаваў, адводзіў убок вочы.
— Хлусіць, — упэўнена прамовіў Войшалк. — Да Таўцівіла з Эдзівідам ідуць. Стукнуць яму раз у міжвочча, адразу іншае заспявае.
Літоўскі княжыч моцнай загарэлай далонню раптам ірвануў, шкуматнуў старога купца загрудкі. Трэснула, распаўзлася белая, з рудаватымі плямамі поту кашуля, і ўсе ўбачылі на зарослай калючым воласам грудзіне лацінскі крыж.
— У Рызе хрышчэнне браў? — сярдзіта прыжмурыўшыся, спытаў Міндоўг.
— У Рызе, — звялым голасам адказаў купец. — Але я жамойт. І яны, мае сыны, — ён паказаў рукою на сваіх маладых спадарожнікаў,— таксама жамойты, вашы адзінародцы. Адпусці нас, вялікі кунігас.
— І сыны, вядома ж, лацінянамі зрабіліся, — як бы не пачуўшы ягоных слоў, з пагрозай выдыхнуў Міндоўг. Старыя сіненькія вочы купца, вельмі стомленыя і спустошаныя, з кругаплётам чырвоных жылак, раптам выклікалі ў яго агіду. Ен ступіў крок да маладых купцоў, спытаў:
— Як завуць вас?
Тыя маўчалі. За спіной у Міндоўга, як асінавы ліст, шалясцела спалоханае дыханне іхняга бацькі.
— Нямыя, ці што?! — выгукнуў Войшалк.
І тут стары купец яшчэ раз грымнуўся на калені, пачаў тлумачыць:
— Не ведаюць яны па-нашаму. У Рызе з малалецтва жылі. З немцамі гандлявалі. Там, у Рызе, усё па-нямецку. Нельга было родным словам пакарміць душу. Адпусці нас, вялікі Міндоўг.
Стары заплакаў, давіў на шчоках слёзы мяккімі белымі рукамі. Сыны панура маўчалі.
— Не разумеюць па-нашаму? — здзівіўся Міндоўг. — Нашай косці людзі і не разумеюць? Чым жа ты карміў іх, шалудзівы пёс?
Ен гнеўна азірнуўся, убачыў лазовы куст ля сцежкі, з хрустам адламаў доўгі дубец, трасянуў у маладых купцоў пад носам, спытаў:
— Што гэта? Як гэта завецца? Не ведаеце? Праз плячо загадаў Войшалку:
— Выпрагайце коней з трох купцовых фурманак. Бацьку і сынам спускайце парткі, прывязвайце гасцей да аглобляў. Я буду іх вучыць мове, на якой наш народ з Пяркунасам гаворыць.
Дружыннікі з вялікай ахвотаю, з усмешкамі і жартамі кінуліся выконваць кунігасаву волю. А ў купцоў, асабліва ў маладых, вочы цьмелі ад жаху. Вось іх паклалі на аглоблі, моцна прыкруцілі вяроўкамі рукі і ногі, і Міндоўг, стоячы над гурбою лазовых, бярозавых і асінавых дубцоў, якую насеклі мячамі дружыннікі, удумна прамовіў:
— Няхай з далёкай пушчы ўбачыць нас першасвятар Крыве, галава нашай веры.
Потым узяў бярозавы дубец, спытаў у маладых купцоў:
— Што гэта? Як завецца? Купцы маўчалі.
— Гэта — бяроза, — сказаў Міндоўг і загадаў дружыннікам: — Адзін гарачы дубец — бацьку, тры — сынам.
Тое ж самае паўтарылася з лазою і асінаю. На белай скуры ў купцоў успыхнулі чырвоныя пісягі.
— Годзе, — узняў руку Міндоўг, — адвяжыце іх і адпусціце з мірам. Няхай едуць у Менск. Калі ж даведаюся, што былі ў Даўспрунка або Таўцівіла і Эдзівіда, павешу на сухой грушы.
Купцы, прыніжана кланяючыся кунігасу, цяжка павалаклі пабітыя азадкі да фурманак.
— Запомніце, — сурова прамовіў ім услед Міндоўг, — калі прадасце сваю мову і веру, будзеце спаць на голым лёдзе, накрыўшыся снегам.
— Ці так робяць у вас у Новагародку, княжыч Глеб? — спытаўся Войшалк у Далібора.
— Так, — адказаў Далібор. — Здраднікам мы таксама даём пытлю. Здраднікі ўсюды падобныя, бо з-пад аднаго хваста выпалі.
Міндоўгу з Войшалкам дужа спадабаліся такія словы. Яны перазірнуліся, засмяяліся, і Далібор адчуў, што літоўцы яшчэ больш упадабалі яго. Гэта, вядома ж, усцешыла новагародскага княжыча, але ён, цвяроза ўзважыўшы мэту свайго прыезду, успомніўшы развітальныя бацькавы наказы, рашыў ні перад кім шырока не адкрываць душу. Паміж чужых людзей трэба асаджваць язык, трымаць яго за зубамі. І таму, калі праз пару дзён Войшалк запрасіў Далібора наведаць княгіню Ганну-Паяту, сваю маці, княжыч не адразу даў згоду. Ен чуў, што літоўская княгіня, дачка цверскага князя, і ў Варуце, жывучы між паганцаў, нават прыняўшы іхняе імя, засталася хрысціянкай і што любіць бадай, кожная жанчына, прыгожыя ўбранні, раскошу. Не падабаецца ёй нумас, у якім, не зважаючы на шыкоўны церам, днюе і начуе кунігас. У цераме ўсё абвешана рамейскімі і валошскімі тканінамі, усё застаўлена дарагім срэбным посудам. Але Міндоўг не надта каб гнаўся за ўсім гэтым, бо гаворыць сваім паплечнікам, калі бывае ў гуморы: «Кубак, які я нашу заўсёды з сабой, — дзве далоні». Г паказвае абветраныя ў час паходаў цяжкія рукі. Кажуць шапатнікі18, што варуцкі кунігас вельмі строга абыходзіцца з жонкаю, што патаемна плача яна і, каб не багаплоднае дрэва праваслаўнай веры, даўно б памерла, легла ў лясны дол-беламошнік у ваколіцах Варуты. Але мала аб чым шэпчуцца па завуголлях нізкародныя шапатнікі! Услых і пры сведках яны гэтага ніколі не скажуць, бо кіне Міндоўг іхнія абрэзаныя языкі на корм надворным псам. Княгіню ж Ганну-Паяту, калі шчыра прызнацца, ніхто з шапатнікоў асабліва не шкадаваў. Па-першае, не мясцовая, а з Цверы прывезеная, па-другое, баба ёсць баба — стан чалавечы, а розум авечы. Хто ж, як не баба, і паплача? Але такі лёс жаночы. Хоча яна любові, хоча пяшчоты, ды вельмі цяжка даецца ўсё гэта, вельмі рэдка. Мала любові адпушчана ёй, бо брат любіць сястру багатую, муж жонку здаровую, дзеці маці маладую. Калі ж ты не багатая, не здаровая, і не маладая, як жыць табе?
Павагаўшыся (а як гляне на гэта грозны і нечаканы ў сваіх дзеяннях Міндоўг?), Далібор прыняў запрашэнне Войшалка і пайшоў да княгіні. Служкі правялі яго праз увесь церам у маленькую зацемненую малітоўню. Ен убачыў мноства залатых і срэбных абразоў, у кіёце, які ўзвышаўся ў пярэднім куце за малінавага святла лампадаю. На сцяне вісеў трохаблічны абраз-дэісус. Пасярэдзіне — Ісус Хрыстос, па баках Багародзіца з Іаанам Прадцечаю.