Выбрать главу

Коба Абэ

ЖАНЧЫНА Ў ПЯСКУ

ЧУЖЫ ТВАР

Раманы

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісмовага пісьмовага дазволу выдавецтва.

Пераклад на беларускую мову

ВАЛЯНЦІНА РАБКЕВІЧА

Электронная кніга падрыхтавана па выданні:

Коба Абэ. Жанчына ў пяску. Чужы твар / перакл. В. Рабкевіча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1986.

ISBN 978-985-90377-9-5

З творчасцю Коба Абэ японская літаратура выйшла далёка за межы сваёй краіны. Проза гэтага японскага пісьменніка - прыкметная з’ява сучаснай сусветнай літаратуры, у якой ён стаіць побач з такімі грандамі як Г. Маркес, Х. Картасар, П. Лагерквіст, Ф. Марыяк і інш. Беларускаму чытачу ўпершыню прадстаўляюцца два найбольш вядомыя раманы Коба Абэ — «Жанчына ў пяску» і «Чужы твар».

© Пераклад. Рабкевіч Валянцін, 1973.

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

ЖАНЧЫНА Ў ПЯСКУ

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Без пагрозы пакарання

няма радасці ўцёку.

1

У адзін жнівеньскі дзень прапаў чалавек. Летнім адпачынкам ён паехаў на узбярэжжа, да якога цягніком было паўдня дарогі, і з таго часу пра яго нічога не чулі. Ні пошукі паліцыі, ні аб’явы ў газетах не далі ніякіх вынікаў.

Знікненне людзей — з’ява, увогуле, не такая ўжо рэдкая. Паводле статыстыкі, штогод публікуецца некалькі соцень паведамленняў пра людзей, што прапалі без вестак. I як ні дзіўна, працэнт знойдзеных вельмі малы. Пасля забойстваў і няшчасных выпадкаў астаюцца доказы; калі здараюцца выкраданні, матывы іх можна вызначыць. Але калі знікненне мае нейкую іншую прычыну, напасці на след чалавека, што прапаў, надта цяжка. Праўда, варта назваць знікненне ўцёкам, як адразу ж вельмі многія з іх можна будзе, відаць, залічыць да гэтых самых звычайных уцёкаў.

У гэтым выпадку таксама не было нічога незвычайнага, што не знайшлі ніякіх слядоў. Прыкладна было вядома месца, куды выправіўся гэты чалавек, але адтуль не паступіла паведамлення, што знойдзены труп. Работа яго не была звязана ні з якімі сакрэтамі, з-за якіх яго маглі б выкрасці. А ва ўсіх яго дзеяннях, у паводзінах не было і намёку на тое, што ён задумвае ўцёкі.

Спачатку ўсе, натуральна, зрабілі здагадку, што тут ублытана жанчына. Даведаўшыся ад жонкі, што муж паехаў збіраць насякомых у сваю калекцыю, паліцэйскія чыноўнікі і таварышы па службе былі нават крыху расчараваныя. Напраўду, валачы бляшанку з цыяністым каліем, сачкі лавіць насякомых — і ўсё толькі дзеля таго, каб утаіць уцёкі з жанчынаю, — гэта было б залішне. А галоўнае, станцыйны службовец паведаміў, што ў той дзень на станцыі з цягніка выйшаў мужчына, падобны на альпініста, у яго на плячах крыж-накрыж віселі драўляная скрынка накшталт тае, якімі карыстаюцца мастакі, і біклага; ён добра помніў, што чалавек быў зусім адзін. Такім чынам, і гэтае меркаванне адпала.

Паявілася версія пра самагубства на глебе мізантропіі. Яе выказаў адзін таварыш па службе, вялікі аматар псіхааналізу. Адно ўжо тое, што дарослы чалавек здольны захапляцца такою нікчэмнаю справаю, як калекцыяніраванне насякомых, даказвае псіхічную непаўнацэннасць. Нават у дзіцяці празмерная схільнасць да калекцыяніравання насякомых часта з’яўляецца прыкметаю Эдыпавага комплексу. Каб неяк кампенсаваць незадаволенае жаданне, яно з прыемнасцю ўтыкае шпільку ў мёртвае насякомае, якое і так нікуды не ўцячэ. I калі ўжо, стаўшы дарослым, яно не кіне гэтага занятку, значыць, стан яго пагоршыўся. Вельмі часта энтамолагі апанаваны маніяй набытніцтва, надзвычай замкнёныя, хварэюць на клептаманію і педэрастыю. А ад усяго гэтага да самагубства на глебе мізантропіі — адзін крок. Мала таго, сярод калекцыянераў ёсць і такія, што маюць цягу не так да самога калекцыяніравання, як да цыяністага калію ў сваіх бляшанках, і таму яны і не могуць адмовіцца ад свайго занятку... А тое, што ў яго ні разу не ўзнікала жадання шчыра расказаць пра сваё захапленне, хіба не даказвае, што і сам ён разумеў усю яго ганебнасць?

Труп не быў знойдзены, і ўсе гэтыя, здавалася, стройныя вывады рухнулі.

Сапраўднай прычыны знікнення так ніхто і не дазнаўся. I калі мінула сем гадоў, на падставе артыкула 30 Грамадзянскага кодэкса чалавек быў прызнаны памерлым.

2