Выбрать главу

Як марыянетка з перарэзанымі нітачкамі, я бяссільна паваліўся на падлогу, мне хацелася аднаго — паменшыць, наколькі можна, супраціўленне патоку часу. Светлы прамавугольнік неба, выразаны аконнаю рамаю і суседнім домам, здаваўся турэмнаю агароджаю. Я не зводзіў з яго вачэй і стараўся пераканаць сябе ў гэтым. I думка, што астрожнік не я адзін, што ўвесь свет — велізарная турма, гарманіравала з маім тадышнім станам. Я ўсё думаў: кожны імкнуўся вырвацца з гэтага свету. Аднак сапраўдны твар, зрабіўшыся непатрэбным, як хвост, нечакана перавярнуўся ў кайданы, і няма чалавека, якому ўдалося б вырвацца. Я — другая гамонка... Толькі я, хоць і на кароткі міг, паспытаў жыцця за агароджаю. Я не вытрываў яго залішне шчыльнае атмасферы і адразу вярнуўся назад — хай сабе гэтак, але я ведаю гэта жыццё. I калі не адмаўляць жыцця за агароджаю, сапраўдны твар — не што іншае, як мадэль недасканалае маскі, — не пасяляе ніякага адчування перавагі. Цяпер, пачуўшы маё прызнанне, думаю, ты не зможаш запярэчыць, ва ўсякім выпадку супраць гэтага.

Аднак, па меры таго, як бетонная сцяна, што засланіла неба, паступова траціла колер і расплывалася ў змроку, мяне ўсё мацней ахоплівала неадольная злосць за намаганні не звяртаць увагі на тое, што бязлітасна рухаецца час. Да якой жа мясціны ты дачытала? Не цяжка прыкінуць, калі ведаць, колькі ў сярэднім старонак можна прачытаць за гадзіну. Дапусцім, за мінуту адна старонка, значыць, шэсцьдзесят старонак... З таго часу прайшло чатыры гадзіны і дваццаць мінут, такім чынам, ты вось-вось павінна кончыць. Але ты, безумоўна, адхілялася, не магла не перачытаць некаторых мясцін. Былі моманты, калі, сціснуўшы зубы, як у час гайданкі на моры, табе даводзілася перасільваць сябе. Але ўсё роўна, колькі б ты ні перапыняла чытанне, табе трэба будзе яшчэ не болей за гадзіну... Тут я без усякае прычыны падхапіўся і адразу ж падумаў, што, увогуле, ніякай патрэбы ўставаць у мяне не было, але цяпер ужо прапала жаданне легчы зноў. Я ўстаў, запаліў святло і паставіў чайнік на газ.

Па дарозе з кухні я нечакана пачуў твой пах. Відаць, гэта быў пах касметыкі, які ішоў ад туалетнага століка, што стаяў у спальні каля самых дзвярэй.

Падступіла млосць, як гэта бывае, калі глыбока ў горле змазваюць ёдам. Відаць, імгненная рэакцыя п’явак, што павыпаўзалі наверх. Але я, хто выступаў ужо аднойчы ў спектаклі масак, ці меў я цяпер права гідліва моршчыцца ад касметыкі, якую ўжываюць другія? Трэба быць болей цярплівым. Раз і назаўсёды я павінен узняцца над дзіцячай настроенасцю супраць касметыкі і накладных валасоў. Тады, кіруючыся метадам, якім лечаць ад агіды да змеяў, я вырашыў сканцэнтраваць усю сваю ўвагу на псіхалогіі касметыкі. Касметыка... Выраб твару... Яна, натуральна, з’яўляецца адмаўленнем сапраўднага твару. Смелае намаганне, — змяніўшы выраз твару, пастарацца хоць на крок наблізіцца да чужога чалавека. Але калі касметыка прыносіць чаканы эфект... Ці могуць тады жанчыны не адчуваць рэўнасці да касметыкі? Нешта не заўважалася... I вось што дзіўна... Чаму нават самая раўнівая жанчына ані не рэагуе на чужога чалавека, які захапіў яе твар? Ад беднасці фантазіі ці духу самаахвяравання?.. А можа, ад лішку і самаахвяравання і фантазіі, які не дае магчымасці вызначыць розніцу паміж сабою і чужым чалавекам?.. Усё гэта біла міма цэлі і зусім не вылечвала ад агіды да касметыкі. (Цяпер, ведама, усё іначай. Цяпер бы я прадоўжыў, думаю, так. Жанчыны здольныя на рэўнасць да свае касметыкі, мусіць, таму, што інтуітыўна пераконваюцца ў змяншэнні каштоўнасці сапраўднага твару. Яны, забыўшыся пра ўласнасць, інстынктыўна адчуваюць, што каштоўнасць сапраўднага твару — не болей чым рэлікт таго часу, калі спадчынная ўласнасць была гарантыяй становішча ў грамадстве. Можа, гэта даказвае, што яны болей рэалістычныя і разумнейшыя за мужчын, якія чапляюцца за аўтарытэт сапраўднага твару? Праўда, тыя самыя жанчыны забараняюць касметыку, калі гэта датычыць дзяцей. Можа, недзе ў іх гнездзіцца трывога? Але ўсё роўна адказнасць за гэта ляжыць не столькі на няўпэўненасці жанчын, колькі на кансерватызме пачатковай адукацыі. Калі са школьнае парты ўбіць вучням у галаву, што касметыка карысная, дык, натуральна, і мужчыны будуць успрымаць касметыку без супраціўлення... Ну добра, хопіць. Колькі б магчымых тлумачэнняў я ні даваў, у канчатковым выніку гэта толькі бездапаможнае апраўданне абвінавачанага. Ва ўсякім выпадку, ясна адно — нават маска не можа вылечыць маю агіду да касметыкі.)