Нечакана я пачаў лаяцца. Лаючыся, сутаргава абмотваў бінтам твар, потым, ледзь прычыніўшы дзверы, выскачыў на двор. Чаго я маруджу! Калі так, трэба нарэшце адважыцца! A то, можа, ужо позна! Позна? Што позна? Я і сам добра не ведаў, чаму выкарыстаўся гэтым словам, але прадчуванні былі змрочныя, напоўненыя распаленай атмасферай няшчасця, быццам заганялі мяне страшыдлу глыбока ў горла.
...I прадчуванні гэтыя спраўдзіліся. Было каля дванаццаці, калі я падышоў да дома, дзе наймаў кватэру. Святло ў пакоі не гарэла, не было ніякіх прыкмет, што ў ім нехта ёсць. Бязлітасна лаючы сябе за самаўпэўненасць, з якою я чакаў да такога позняга часу, я падняўся па чорнай лесвіцы і, адчуваючы ў роце гаркоту, адчыніў дзверы. Сэрца моцна стукала, быццам білася аб тонкую парафінавую паперу. Пераканаўшыся, што з пакоя не даносіцца ні гуку, я запаліў святло. Цябе не было. Твайго трупа таксама. У пакоі нічога не змянілася з таго часу, як я яго пакінуў. На стале акуратна ляжалі тры сшыткі і нават запіска на шматку паперы, у якой я пісаў, каб ты пачынала чытаць з першае старонкі першага сшытка, асталася ляжаць, прыціснутая пляшачкаю чарніла. Можа, ты ўвогуле не паяўлялася ў гэтым пакоі? Я ўсё болей не разумеў... Хоць мне было б лягчэй, калі б ты знікла, не прачытаўшы, чым схавалася, прачытаўшы. Няшчасце ўсё роўна здарылася. Зазірнуў у шафу. Не было ніякіх прыкмет, што ты чапала маску і гузік.
Хоць, пачакай... Пах... Пах, які трошкі аддае плесняю, перамяшанаю з пылам, — безумоўна, твой. Значыць, ты тут усё-такі паяўлялася. Але тое, што ўсё, нават запіска, асталося на сваіх месцах, можна ўспрыняць як знак, што ты ігнаравала сшыткі... Але чаго ж ты тады прыйшла?
Выпадкова зірнуўшы на запіску, я здрыгануўся. Папера была тая самая, на якой пісаў я, але почырк другі зусім. Гэта было пісьмо да мяне, якое ты напісала з другога боку на запісцы. Відаць, збегла, прачытаўшы сшыткі. Такім чынам, адбылося самае горшае з таго, што я меркаваў.
Не, не трэба так лёгка ўжываць словы «самае горшае». Змест пісьма перасягнуў усе мае прадбачанні, ашаламіў мяне. Страх, разгубленасць, боль, пакута — усё гэта не ішло ні ў якае параўнанне з тым, што я зведаў. Як у загадкавай карцінцы, дзе адзін штрых ператварае блыху ў слана, усе мае спробы ператварыліся ў процілеглае таму, на што я разлічваў. Рашучасць маскі... Ідэі маскі... Барацьба з сапраўдным тварам... Усе мае надзеі, якія спрабаваў я здзейсніць з дапамогаю гэтых запісак, павярнуліся недарэчным фарсам. Страх. Хто б мог уявіць, што чалавек здольны так насмяяцца з сябе, так апляваць самога сябе?..
ЖОНЧЫНА ПІСЬМО
Тое, што ляжыць мёртвае ў шафе, — не маска, а ты сам. Пра твой маскарад ведала не толькі дзяўчынка, што гуляла з ё-ё. З самае першае хвіліны... З тае самае хвіліны, калі ты самазадаволена гаварыў пра буры магнітнага поля, я зразумела ўсё. Ты папытаешся, як я ўсё зразумела, — не пытайся, калі ласка, болей ні пра што. Я, ведама, разгубілася, была збянтэжаная і спалоханая. Што ні кажы, гэта былі дзёрзкія дзеянні, якіх нават нельга было чакаць ад цябе, чалавека самага звычайнага. I таму, калі я ўбачыла, як ты самаўпэўнена трымаешся, мне здалося, што ў мяне галюцынацыя. Ты добра ведаў, што я цябе бачу наскрозь. I, ведаючы, ты ўсё роўна настойваў на тым, каб мы моўчкі прадаўжалі гэты спектакль. Спачатку ўсё гэта здалося мне жахам, але потым я ўзяла сябе ў рукі і падумала, што ты робіш гэта дзеля мяне. Ты трохі саромеўся, быў ласкавы са мною, мяккі, здавалася, ты запрашаеш мяне на танец. I калі я ўбачыла, як ты з усяе сілы імкнешся быць сур’ёзным і робіш выгляд, быццам я цябе ашукала, сэрца маё напаўнялася ўдзячнасцю і мне захацелася паслухмяна пайсці за табою.
Але ж ты ўвесь час памыляўся. Ты пішаш, нібыта я адштурхнула цябе, — гэта хлусня. Хіба не сам ты сябе адштурхнуў? Стан, калі хочаш адштурхнуць сябе, здаецца, я разумею. I, паколькі з табою такое здарылася, я амаль прымірылася з думкаю раздзяліць твае пакуты. Вось чаму я абрадавалася тваёй масцы. Нават пра тое, што здарылася, я думала са шчаслівым пачуццём. Каханне зрывае маскі, і таму трэба старацца надзець маску дзеля любімага чалавека. Калі ж не будзе маскі, не будзе і шчасця зрываць яе. Ты мяне разумееш?