Выбрать главу

Цяпер ужо, безумоўна, няма чаго ўдавацца ў падобныя дробязі. Грунтоўныя не разважанні, не апраўданні, а факты. Дзве такія заўвагі пацэлілі мне ў самае сэрца, смяротна мяне паранілі. Першае — гэта, безумоўна, жаночае прызнанне, што, выкрыўшы маску, ты прадаўжала рабіць выгляд, быццам мне ўдалося ашукаць цябе. I другое — бязлітасная крытыка за тое, што, нагрувашчваючы адно на адно апраўданні, — у мяне, бач, алібі, у мяне ананімнасць, у мяне мэта ў чыстым выглядзе, я проста ламлю забароны, — на самай справе я не падмацаваў гэтых слоў ні адным сапраўдным дзеяннем і толькі асіліў вось гэтыя запіскі, што нагадваюць гадзюку, якая ўхапілася за свой хвост.

Мая маска, на якую я ўскладаў надзеі, як на стальны шчыт, разляцелася на кавалкі лягчэй, чым шкло, — тут ужо нічога не запярэчыш. Напраўду, я адчуваў, што маска была не так маскаю, як нечым блізкім новаму, сапраўднаму твару. I калі абараняць маю тэорыю, што сапраўдны твар — недасканалая копія маскі, значыць, я, патраціўшы велізарную працу, стварыў фальшывую маску.

Можа быць... Нечакана я ўспомніў пра маску дзікуноў, якую нядаўна бачыў у газеце. Можа, яна і ёсць сапраўдная маска? Можа, справядліва назваць яе маскаю іменна таму, што яна не мае нічога агульнага з сапраўдным тварам? Вялізныя лупатыя вочы, вялізны ікласты рот, нос, утыканы блішчастымі шкельцамі, і па абодва бакі яго асновы — завіткі па ўсім твары, нібыта віры, вакол якіх, быццам стрэлы, тырчаць доўгія птушыныя пёры. Чым болей глядзеў я на яе, тым страшнейшаю, нерэальнаю яна здавалася. Але па меры таго, як я прыглядаўся, быццам збіраючыся надзець яе на сябе, я пачаў паступова чытаць ідэю гэтае маскі. Відаць, яна выяўляла выраз раз’юшанай малітвы — імкненне перасягнуць усё чалавечае і ўвайсці ў зборышча багоў. Якая жахлівая сіла фантазіі! Ашаламляльная кандэнсацыя волі, закліканая процістаяць забаронам прыроды. Можа, і мне варта было спыніцца на гэтай масцы, калі б я мог яе зрабіць. Тады я павінен быў бы з самага пачатку расстацца з пачуццём, быццам хаваюся ад другіх... Нічога падобнага. Я гаварыў з такою гарачнасцю, што ты мела ўсе падставы здзекавацца з дзіўных скальпеляў і нажніц невядомага прызначэння. Калі добра быць страшыдлам, дык, напэўна, няма асаблівае патрэбы мець маску, адных п’явак даволі. I багі сталі другія, і людзі сталі другія. Людзі пачалі з перыяду, калі змянялі твар, прайшлі цераз перыяд, калі твар захіналі, як гэта рабілі арабскія жанчыны, жанчыны з «Аповесці пра Гэндзі», прыйшлі да цяперашняга перыяду адкрытага твару. Я не збіраюся сцвярджаць, што гэта прагрэс. Гэта можна лічыць перамогаю людзей над багамі і адначасна разглядаць як пакорнасць ім. Таму вось мы і не ведаем, што будзе заўтра. Не выключана, што заўтра нечакана наступіць век адмаўлення ад сапраўднага твару. Але сёння, найхутчэй, не век багоў, а век людзей. I ў тым, што мая маска імітавала сапраўдны твар, былі свае прычыны.