Ну, хопіць. Даволі ўжо прычын. Калі пашукаць, апраўданняў можна знайсці колькі хочаш. Ды колькі б я іх ні выстройваў у рад, усё роўна мне не абвергнуць тых двух фактаў, на якія ты спаслалася. Тым болей што супраць твае другое заўвагі, што маска ўрэшце нічога не магла зрабіць і толькі апраўдвалася, пярэчыць няма чаго, наадварот, я сам усё болей і болей даказваю гэта. Хопіць ганьбіць сябе. Калі б я толькі выставіў сябе на пасмешышча, пацярпеў крах, хай сабе, але ўсе мае пакуты аказаліся дарэмнымі — вось гэта болей чым сумна і так брыдка, што я не маю сілы нават апраўдацца. Усё настолькі відавочнае, што можна прыйсці ў роспач. Бездакорнае алібі, бязмежная свабода, і ўсё роўна ніякага выніку. Дый пакінуўшы гэтую падрабязную пісьмовую справаздачу, я сваімі рукамі знішчыў сваё алібі, і цяпер нічога ўжо не зробіш. Ці не падобны я на агіднага імпатэнта, здольнага толькі на прыгожыя словы пра полавую цягу...
Ага, адно, пра што варта яшчэ напісаць, — гэта пра кіно. Па-мойму, гэта адбылося прыкладна на пачатку лютага. У запісках я зусім не закранаў гэтага фільма, не таму, што ён не меў да мяне ніякіх адносін, наадварот, ён вельмі тычыўся мяне... Я міжволі пазбягаў гаварыць пра яго таму, што адчуваў — гэта зводзіць на нішто ўсю маю цяжкую працу па стварэнні маскі. Але цяпер я ўжо дайшоў да мяжы, і забабоны не патрэбныя. Ці, можа, ад таго, што становішча змянілася, я цяпер успрымаю яго па-другому. Папраўдзе, тое, што я ўбачыў, не было простаю жорсткасцю. Фільм быў трохі незвычайны і не меў асаблівага поспеху, але назву яго ты, напэўна, помніш: «Адзін бок кахання».
Застылы пейзаж. На фоне яго, спатыкаючыся, ідзе тоненькая дзяўчына ў просценькай, але акуратнай сукенцы, яе профіль празрысты, як у здані. Яна ідзе па экране справа налева, таму відна толькі левая палавіна яе твару. На заднім плане жалезабетонны будынак, і дзяўчына амаль дакранаецца да будынка нябачным гледачу правым плячом. Яна як быццам саромеецца людзей, і гэта вельмі пасуе да яе журботнага профілю. Яе няшчасны выгляд выклікае боль і шкадаванне.
На тым баку вуліцы тры хлопцы, хуліганістыя на выгляд, успёршыся локцямі на рэйку, што адгароджвае тратуар ад маставой, чакаюць ахвяру. Адзін, заўважыўшы дзяўчыну, свіснуў. Але дзяўчына ніяк на гэта не рэагуе, быццам не мае органаў, якія ўспрымаюць вонкавыя раздражненні, Другі з кампаніі, падахвочаны свістам таварыша, падняўшыся, стаў набліжацца да яе. Звыклым рухам ён схапіў ззаду дзяўчыну за левую руку, спрабуючы прыцягнуць яе дэ сябе, і груба вылаяўся. Дзяўчына, быццам гатовая да гэтага, прыпынілася і паволі павярнулася да хлопца. I адкрыўся правы бок яе твару, бязлітасна скрамсаны келоіднымі рубцамі і зусім скалечаны. (Падрабязнага тлумачэння не было, але ў наступным дыялогу часта паўтараецца слова «Хірасіма», і, відаць, дзяўчына — ахвяра апрамянення.) Хлопец аслупянеў, не мог вымавіць ні слова, а дзяўчына, адвярнуўшыся, адыходзіць, быццам нічога не здарылася. Твар у яе зноў як у прывабнае здані...
Потым дзяўчына праходзіць некалькі вуліц, адчайна змагаючыся з сабою кожны раз, калі выходзіць на голае месца, нічым не заслоненае справа, ці да перакрыжавання, якое павінна перасекчы (я так блізка прымаў гэта да сэрца, што ўскокваў з свайго месца), і нарэшце набліжаецца да баракаў, абгароджаных калючым дротам.
Дзіўныя будынкі. Быццам мы нечакана вярнуліся на дваццаць гадоў назад — у двары сноўдаюцца салдаты, адзетыя ў форму старое арміі. Адны без усякага выразу твару, другія маршыруюць, праз кожныя тры крокі становяцца ва фронт і аддаюць чэсць. Сярод іх найболей уражвае стары салдат, які ўвесь час паспешліва дэкламуе пад нос рэскрыпт імператара да салдатаў. Словы сцерліся і страцілі сэнс — збярогся толькі агульны контур і тон.
Гэта псіхіятрычная бальніца для колішніх вайскоўцаў. Хворыя не ведаюць пра ваеннае паражэнне і жывуць мінулым, астаючыся ў часе, які спыніўся ў іх дваццаць гадоў назад. Паходка ў дзяўчыны, якая ішла міма гэтых сцен, стала да непазнавальнасці лёгкая і спакойная. Яна ні з кім не гаворыць, але паміж ёю і хворымі адчуваецца ўзаемны давер і блізкасць, як паміж сябрамі, хоць цяпер яны вельмі занятыя. А дзяўчына, у той час, як санітар за нешта ёй дзякуе, пачынае мыць бялізну, прымасціўшыся ў кутку ў бараку. Гэтую дабрачынную работу яна выбрала сама і рабіла яе раз на тыдзень. Калі дзяўчына падымае галаву, між будынкамі бачыць асветленую сонцам прастору, дзе дзеці бесклапотна гуляюць у мяч.
Потым сцэна мяняецца. Цяпер мы бачым, як жыве дзяўчына ў сябе дома. Дом яе — маленькая майстэрня на ўскраіне, дзе штампуюць з бляхі цацкі, празаічны, нудны дом. Але калі глядач бачыць то справа, то злева расчырванелы дзявочы твар, у сціплым абліччы дома паяўляецца дзіўная перамена і нават простыя ручныя прэсы, што стаяць у рад, пачынаюць жаласна стагнаць. I пакуль дакладна да драбніц узнаўляліся гэтыя дэталі штодзённага жыцця, узнікала трывога за будучыню дзяўчыны, якая ніколі не наступіць, за прывабную палавіну яе твару, якога ніхто не ацэніць. У той жа час было ясна, што такое спачуванне раздражняе дзяўчыну, дапякае ёй. Таму не будзе нічога нечаканага, калі ў адзін цудоўны дзень гэтая дзяўчына ў адчаі абліе кіслатою нечапаную палавіну твару і зробіць яе такою самаю, як скалечаная. Праўда, гэта ўсё роўна не выйсце. Але ніхто не мае права абвінавачваць дзяўчыну за тое, што ніякі іншы сродак не прыйшоў ёй у галаву.