Неба пасвятлела, набліжалася світанне. Дзяўчына, прыслухоўваючыся да дыхання соннага брата, ціхенька ўстала і пачала адзявацца. У брата ў галавах яна паклала загадзя падрыхтаваныя два канверты і крадком выйшла з пакоя. Як толькі дзверы за ёю зачыніліся, брат, які, здавалася, спаў, расплюшчыў вочы. З пратуленых губ сарваўся глухі стогн, у вушы пацяклі слёзы. Ён устаў з пасцелі, падышоў да акна і, са скрыгатам сціснуўшы зубы, стаў асцярожна глядзець, трошкі высунуўшыся над падаконнікам. Ён убачыў, як дзяўчына, быццам белая птушка, бегла да змрочнага ўздыбленага мора. Хваля раз за разам адкідала белую птушку, але, нарэшце адужаўшы яе, дзяўчына, то знікаючы, то паказваючыся зноў, паплыла ў адкрытае мора.
У яго не хапала цярпення стаяць на каленях на цвёрдай падлозе; удалечыні паявілася лінія чырвоных ліхтароў, і гэта на імгненне адцягнула яго ўвагу, а калі ён зноў паглядзеў туды, дзе раней белаю кропкаю плыла яго сястра, ужо нічога не было відаць.
Усе цвёрда перакананыя, што казка пра брыдкае качаня абавязкова канчаецца лебядзінаю песняю. Вось тут і ўзнікае апартунізм. Добра самому зведаць тое, што зведвае лебедзь. Якую б песню ні спявалі табе другія — гэта смерць, поўнае паражэнне. Мне гэта агідна. Збаўце мяне. Калі я памру, ніхто не падумае пра мяне, як пра лебедзя, і, значыць, я магу разлічваць на перамогу. Калі я паглядзеў гэты фільм, ён выклікаў толькі раздражненне, але цяпер другая гамонка. Я не магу не зайздросціць той дзяўчыне.
Яна, па крайняй меры, дзейнічала. З такою велізарнаю мужнасцю разбурыла яна, здавалася б, неадольны забаронены плот. Ну, а тое, што яна памерла, — дык жа гэта па сваёй волі, і намнога гэта лепей, чым бяздзейнічаць. Вось чаму гэтая дзяўчына прымусіла зусім чужога чалавека зведаць горкае пачуццё раскаяння, адчуць сябе ледзь не саўдзельнікам злачынства.
Добра, я таксама дам масцы яшчэ адзін шанц, на шчасце, яна яшчэ ёсць. Мне ўсё роўна, таму патрэбен такі ўчынак, які разбурыў бы цяперашняе становішча і выратаваў мае спробы ад небыцця. Адзенне, у якое я пераадзяваўся, і духавы пісталет ляжалі на сваіх месцах. Варта было мне разматаць бінт і надзець маску, як адразу ў маім псіхалагічным спектры адбыліся змены. Напрыклад, адчуванне сапраўднага твару, што мне ўжо сорак гадоў, ператварылася ў адчуванне, што мне яшчэ толькі сорак гадоў. Зірнуўшы ў люстэрка, я адчуў радасць, быццам сустрэўся з даўнім другам. З мушыным гудзеннем маска стала зноў зараджацца характэрнымі ёй ап’яненнем і самаўпэўненасцю, пра якія зусім я забыўся. Не трэба рабіць паспешлівых вывадаў. Маска не мела рацыі, але і не памылялася. Нельга знайсці адказу, які падыходзіў бы на ўсе выпадкі.
Быццам скаваны, я выйшаў на начную вуліцу. Было так позна, што не траплялася прахожых, неба, ускудлачанае, быццам хворы сабака, навісла над самымі дахамі. Сыры вецер, ад якога запяршыла ў горле, паказваў на дождж. У найбліжэйшай тэлефоннай будцы я стаў перагортваць тэлефонную кнігу, спрабуючы знайсці, дзе ты магла б схавацца. Дом тваіх бацькоў, дом твае школьнае сяброўкі, дом твае дваюраднае сястры. Але ўсе гэтыя спробы кончыліся нічым. Па туманных адказах — хочаш вер, хочаш не вер — цяжка было зразумець праўду. Я ў нейкай ступені быў гатовы да гэтага і не асабліва засмуціўся. Можа, паехаць дахаты? Да апошняе электрычкі ёсць яшчэ крыху часу, а калі не паспею, можна ўзяць таксі.
Паступова нарастае ўва мне злосць. Я разумею тваё абурэнне, але ж гэта пытанне самалюбства і гордасці — клоун прымусіў цябе сысціся з ім. Я не збіраюся ставіцца да твае гордасці як да непатрэбнага апендыкса, але я магу толькі паціснуць плячыма: ці вартая яна таго, каб праз яе ўручаць ноту пра разрыў адносін? Хачу папытацца: які бок сестрынога твару цалаваў брат у гэтым фільме? Наўрад ці зможаш адказаць. Ты ж не памагла мне, як памог брат сваёй сястры. Хоць ты і прызнавала, што маска патрэбна, табе яна была прыручанаю маскаю, няздольнаю парушыць забарону. Ну, а цяпер беражыся. Цяпер за табою гоніцца маска — дзікі звер. Паколькі выкрыта сапраўдная сутнасць яе, яна з маскі слабай, аслепленай рэўнасцю, ператварылася ў маску, здольную пераступіць любы закон. Ты сама выкапала сабе магілу. Ніколі яшчэ тое, што я напісаў, не прыносіла падобных пладоў.
Нечакана пачуў я вострае цоканне жаночых абцасаў. Астаецца адна маска — я знікаю. Імгненна, не думаючы ні хвіліны, я схаваўся за вуглом, спусціў засцерагальнік і затаіў дыханне. Для чаго я ўсё гэта рабіў? Можа, гэта проста спектакль, каб праверыць цябе, а можа, і на самай справе нешта надумаўся? Я не магу адказаць сабе на гэта пытанне, пакуль жанчына не апынецца на адлегласці стрэлу, да самага апошняга, вырашальнага моманту.