Выбрать главу

Аднойчы ў жніўні пасля паўдня на платформе на станцыі S паявіўся чалавек у шэрай пікейнай панаме. На плячах у яго крыж-накрыж віселі драўляная скрынка і біклага, калошы былі ўвабраны ў шкарпэткі, нібыта ён збіраўся ісці ў горы. Аднак паблізу не было ніводнае гары, на якую варта было падымацца. I станцыйны службовец, што правяраў каля выхаду білеты, падазрона паглядзеў яму ўслед. Чалавек без вагання ўвайшоў у аўтобус, што стаяў каля станцыі, і заняў задняе месца. Аўтобус ішоў не ў горы, а ў другі бок.

Чалавек даехаў да канцавога прыпынку. Выйшаўшы з аўтобуса, ён убачыў, што ўся мясцовасць тут — бясконцае чаргаванне ўзвышшаў і ўпадзін. Нізіны былі скрозь занятыя нарэзанымі на вузкія палосы рысавымі палямі, і між імі астраўкамі высіліся невялікія гайкі хурмы. Мужчына мінуў вёску і пайшоў далей да ўзбярэжжа. Зямля станавілася ўсё святлейшая і сушэйшая.

Неўзабаве хаты зніклі, толькі дзе-нідзе трапляліся купы хвояў. Паступова цвёрды грунт перайшоў у дробны пясок, які прыліпаў да ног. Сям-там цямнелі астраўкі сухое травы і віднеліся, быццам трапілі сюды памылкова, малюсенькія лапікі змарнелых баклажанаў.

Але навокал не было ні душы. Наперадзе, напэўна, было мора, да якога ён і кіраваўся.

Нарэшце чалавек прыпыніўся, агледзеўся, рукавом курткі абцёр пот на твары. Не спяшаючыся адчыніў драўляную скрынку, з верхняга вечка выняў вязку палак. Зрасціў іх, і атрымаўся сачок, якім ловяць насякомых. Ён зноў рушыў наперад, расхінаючы палкаю рэдкія кусцікі травы, што трапляліся яму па дарозе. Ад пяску пахла морам.

Час ішоў, а мора ўсё не было відаць. Можа, перасечаная мясцовасць замінала бачыць, што робіцца наперадзе, але, як акінуць вокам, ландшафт не мяняўся. Нечакана перад ім вырасла вёсачка. Гэта была звычайная бедная вёсачка: навокал пажарнай вышкі туліліся дранкавыя стрэхі, прыціснутыя невялікімі камянямі. Некалькі хат былі накрыты чорнаю чарапіцаю, а некаторыя — нават бляхаю, пафарбаванаю ў чырвоны колер. Хата з бляшаным дахам, што стаяла на рагу адзінага ў вёсцы скрыжавання, была, відаць, праўленнем рыбалавецкай арцелі.

За вёскаю напэўна ўжо і мора і дзюны. Але вёсачка чамусьці раскінулася занадта шырока. Навокал яе некалькі кавалкаў урадлівае зямлі, усё астатняе — белы пясок. Віднеліся невялікія палі земляных арэхаў і бульбы; пах мора змешваўся з пахам жывёлы. На абочыне цвёрдай, быццам сцэментаванай пяском і глінаю дарогі высіліся белыя горы колатых ракавінак. Пакуль чалавек ішоў па дарозе, і дзеці, што гулялі на дварэ перад праўленнем арцелі, і дзед, што рамантаваў сеткі, і раскудлачаныя жанчыны, што тоўпіліся каля адзінае ў вёсачцы крамы дробных тавараў, — усе на імгненне заміралі і, здзіўленыя, глядзелі яму ўслед. Але чалавек не звяртаў на іх ніякай увагі. Яго цікавілі толькі дзюны і насякомыя.

Аднак дзіўная была не толькі велічыня вёсачкі. Дарога раптам пайшла ўгору. Гэта таксама было зусім нечакана. Калі ўжо яна вядзе да мора, дык, натуральна, павінна ісці ўніз. Можа, ён памыліўся, калі глядзеў па карце? Ён паспрабаваў распытацца ў стрэчанае якраз дзяўчыны. Але яна апусціла вочы і прайшла міма, зрабіўшы выгляд, што не пачула яго пытання. Хай сабе, пойдзем далей. Што ні кажы, і колер пяску, і рыбалоўныя сеткі, і горы ракавінак — усё падказвала, што блізка мора. Увогуле, прычын для трывогі няма.

Дарога станавілася ўсё круцейшая, і навокал не было ўжо нічога, апрача пяску.

Але дзіўна, тая мясціна, дзе стаялі хаты, ані не павышалася. Толькі дарога ішла ўгору, сама ж вёсачка ўвесь час аставалася нібыта ў нізіне. Зрэшты, угору ішла не толькі дарога. Разам з ёю вышэлі прамежкі між хатамі. Таму здавалася, быццам уся вёска ідзе ўгору і толькі хаты астаюцца на адным узроўні. Гэтае ўражанне мацнела пры руху наперад, да вяршыні дзюны, і неўзабаве яму здалося, што хаты стаяць у вялізазных ямах, выкапаных у пяску. Нарэшце дарога, па якой ён ішоў, і прамежкі між хатамі апынуліся вышэй стрэх. А хаты ўсё глыбей апускаліся ў пясчаныя ямы.

Схіл нечакана стаў амаль стромы. Цяпер ад яго да грываў стрэх было метраў дваццаць, не меней. «Ну што там можа быць за жыццё?» — падумаў ён, зазіраючы, ажно бралі дрыжыкі, у глыбокую яму. Раптам шалёны парыў ветру перахапіў дыханне, і мужчына паспяшаўся адысціся ад краю ямы. Нечакана далёка ўнізе ён убачыў мутнае пеністае мора, якое лізала прыбярэжны пясок. Чалавек стаяў на грыве дзюны — якраз там, куды імкнуўся.

Схіл дзюны, павернуты да мора, адкуль дзьмуць мусоны, як звычайна, быў стромкі і голы. Але на пакатых мясцінах прабіваліся кусцікі вузкалістай травы. Азірнуўшыся, ён убачыў, што вялізныя ямы, усё глыбейшыя, чым бліжэй да грэбеня дзюны, некалькімі ярусамі сходзяцца да цэнтра вёсачкі, нагадваючы пчаліны вулей у разрэзе. Вёска, здавалася, узлазіла на дзюну. А можа, дзюна ўзлазіла на вёску? Ва ўсякім разе, выгляд вёскі раздражняў, прыгнятаў чалавека.