Выбрать главу

Вельмі выразнае азначэнне! Карацей кажучы, пясок утвараецца з разбуранай горнай пароды і з’яўляецца нечым сярэднім паміж дробнымі каменьчыкамі і глінаю. Але назваць пясок прамежкавым прадуктам яшчэ не значыць даць вычарпальнае тлумачэнне. Чаму з трох элементаў — камянёў, пяску і гліны, — з якіх у спалучэннях складаецца зямля, толькі пясок бывае ізаляваны і ўтварае пустыні і пясчаныя мясціны? Калі б гэта быў просты прамежкавы прадукт, дык дзякуючы эрозіі між голымі скаламі і зонамі гліны можна было б выявіць незлічоную колькасць прамежкавых прадуктаў, утвораных шляхам узаемнага іх пранікнення. Але ж на самай справе існуюць толькі тры віды парод, якія адрозніваюцца выразна: скальныя, пясчаныя, гліністыя. Дзівіць таксама і тое, што велічыня пясчынак амаль заўсёды аднолькавая: ці пясок гэты з узбярэжжа вострава Энасіма, ці з пустыні Гобі — яна раўняецца ў сярэднім адной восьмай міліметра, і размяшчаюцца пясчынкі па крывой, блізкай да Гаўсавай.

У адным даследаванні давалася зусім спрошчанае тлумачэнне разбурэння глебы эрозіяй: лёгкія элементы разносяцца на вялікія адлегласці. Але ў ім не тлумачылася асаблівасць памеру пясчынак, роўнага адной восьмай міліметра. У другой працы па геалогіі давалася такое тлумачэнне:

«I плыні вады, і плыні паветра ствараюць турбуленцыю. Найменшая даўжыня хвалі турбуленцыі эквівалентная дыяметру пяску ў пустыні. Дзякуючы гэтай асаблівасці з грунту выбіраецца толькі пясок, пры гэтым выбіраецца ён пад прамым вуглом да плыні. Калі сіла счаплення паасобных кампанентаў грунту невялікая, пясок можа падымацца ў паветра нават слабенькім ветрыкам, якому не пад сілу панесці камяні і гліну. Асаблівасці пяску павінны, відаць, разглядацца аэрадынамікаю ».

Прадоўжым прыгаданае азначэнне:

« ...гэта значыць, часцінкі разбураных горных парод маюць такую велічыню, якая робіць іх найболей рухомымі».

Утварэнне пяску непазбежнае, бо на зямлі заўсёды ёсць вецер і плыні вады. I да таго часу, пакуль будуць дзьмуць вятры, каціць свае хвалі моры, з зямлі будзе падымацца і падымацца пясок і ўсюды распаўзацца. Пясок не ведае адпачынку. Непрыкметна, але ўпарта ён захоплівае і разбурае зямлю...

Гэтая карціна вечна рухомага пяску невыказна хвалявала i неяк падганяла яго. Неўрадлівасць пяску, якой яна звычайна ўяўляецца, тлумачыцца не проста тым, што ён сухі, а няспынным рухам, якога не можа перанесці нішто жывое. Гэта так падобна на маркотнае жыццё людзей, якія штодзень чапляюцца адзін за аднаго.

Напраўду, пясок не асабліва прыдатны для жыцця. Але ці з’яўляецца непарушнасць выключна патрэбнаю для існавання? Хіба ад імкнення сцвердзіць непарушнасць не ўзнікае агіднае саперніцтва? Калі адкінуць непарушнасць і аддаць сябе руху пяску, дык кончыцца і саперніцтва. У пустыні ж растуць кветкі, жывуць насякомыя і звяры. Усё гэта жывыя істоты, якія вырваліся за межы саперніцтва дзякуючы велізарнай сіле прыстасавальніцтва. Вось як яго шпанскія мушкі...

Ён маляваў у сваім уяўленні рух пяску, і ў яго ўжо пачыналіся галюцынацыі — ён бачыў і сябе самога ў гэтай бясконцай плыні.

3

Апусціўшы галаву, чалавек зноў пайшоў наперад па грэбені дзюны, якая паўмесяцам агінала вёску, быццам крапасны вал. Ён амаль зусім не звяртаў увагі на тое, што рабілася ўдалечыні. Энтамолагу важна сканцэнтраваць усю ўвагу на прасторы ў радыусе трох метраў вакол сваіх ног. І адно з найважнейшых правілаў — не станавіцца спіною да сонца. Калі сонца апынецца ззаду, дык сваім ценем можаш спалохаць насякомае. Таму лоб і нос у паляўнічых на насякомых аж чорныя ад загару.

Чалавек мерна і паволі ішоў наперад. Пры кожным кроку пясок пырскаў яму на чаравікі. Навокал не было нічога жывога, апрача кусцікаў травы, што сядзелі сям-там неглыбока, гатовай хоць цяпер зацвісці, калі б хоць трошкі болей было вільгаці. Калі і паяўлялася тут што-небудзь крылатае, дык гэта былі афарбаваныя, як панцыр у чарапахі, мушкі, завабленыя пахам чалавечага поту. Але якраз у такіх мясцінах надзеі часта збываюцца. Праўда, шпанскія мушкі не любяць жыць чародамі, і бываюць нават выпадкі, калі адна мушка захоплівае цэлыя кіламетры ў наваколлі. Нічога не зробіш — трэба ўпарта шукаць.

Раптам ён спыніўся. У траве нешта заварушылася. Гэта быў павук. Павукі яму не патрэбныя. Ён прысеў, каб скурыць цыгарэту. З мора ўвесь час дзьмуў вецер, унізе рваныя белыя хвалі ўгрызаліся ў падножжа дзюны. Там, дзе заходні край дзюны зраўноўваўся з мясцовасцю, у мора вытыркалася невялікае скалістае ўзвышша. На ім, быццам вострыя іголкі, былі рассыпаны сонечныя промні.