Запалкі ніяк не загараліся. Дзесяць запалак патраціў — і ўсе дарэмна. Уздоўж кінутых запалак амаль з хуткасцю секунднай стрэлкі плылі ручайкі пяску. Ён заўважыў невялічкую хвалю пяску і, як толькі яна дакацілася да абцаса яго чаравіка, падняўся. Са складак штаноў пасыпаўся пясок. Ён сплюнуў — у роце як быццам шарганулі таркаю.
Аднак ці не надта мала тут насякомых? Можа, рух пяску залішне хуткі? Не, адчайвацца яшчэ рана. Тэарэтычна ж тут не можа не быць насякомых.
Вяршыня дзюны стала раўнейшая, дзе-нідзе яна далёка адступала ад мора. Яго ўвесь час падганяла надзея на здабычу. Ён стаў спускацца па пакатым схіле. Сям-там тырчалі рэшткі бамбукавых шчытоў для затрымання пяску, крыху ніжэй відна была тэраса. Мужчына пайшоў далей, перасякаючы пясчаныя ўзоры, вычарчаныя ветрам з дакладнасцю машыны. Нечакана ўсё знікла з яго вачэй, і ён убачыў, што стаіць на краі глыбокай ямы.
Яма была няправільнай авальнай формы, болей за дваццаць метраў ушыркі. Процілеглая яе сцяна здавалася параўнальна пакатаю, а тая, дзе ён стаяў, абрывалася амаль вертыкальна. Яе выгнуты край, гладкі, як у фарфоравым кубку, быў вельмі слізкі. Асцярожна ўпёршыся ў яго нагою, ён зірнуў уніз. I толькі цяпер зразумеў, што надыходзіць вечар, хоць светла навокал.
На самым дне ямы ў змрочнай глыбіні стаяла халупа, агорнутая нематою. Страха адным рогам уразалася ў пакатую пясчаную сцяну. «Ну зусім як вустрычная ракавіна, — падумаў ён. — Тут што ні рабі, а супраць закону пяску не пойдзеш...»
Толькі ён пачаў прыладжвацца з фотаапаратам, як пясок папоўз у яго з-пад ног. З перапуду ён прыняў нагу, але пясок не перастаў цячы. Такая няўстойлівая гэтая раўнавага пяску! Задыхаючыся ад хвалявання, ён выцер змоклыя далоні аб штаны.
У яго за спіною нехта кашлянуў. Побач, пры самым плячы, стаяў дзед, які невядома адкуль узяўся. З усяго відаць, гэта з вёскі рыбак. Паглядзеўшы на фотаапарат, а потым на дно ямы, ён зморшчыў усмешкаю прадублены твар. Нешта ліпкае сабралася ў кутках яго налітых крывёю вачэй.
— Што, абследаванне?
Голас адносіла ветрам, ён гучаў глуха, бясколерна, нібы з пераноснага прыёмніка. Але вымаўленне было выразнае, зразумець не цяжка.
— Абследаванне? — Збянтэжаны чалавек прыкрыў далонню аб’ектыў і стаў папраўляць сачок, каб дзед яго заўважыў. — Што вы хочаце сказаць? Я нешта не разумею... Я, бачыце, калекцыянірую насякомых. Мая спецыяльнасць — насякомыя, што водзяцца вось у такім пяску.
— Што? — Дзед нібыта нічога не зразумеў.
— Ка-лек-цы-я-ні-ру-ю на-ся-ко-мых! — паўтарыў ён гучней. — На-ся-ко-мых, разумееце, на-ся-ко-мых! Я іх лаўлю!
— Насякомых? — Дзед, яўна не паверыўшы, адвёў вочы і плюнуў. Ці, лепей сказаць, на губе ў яго павісла сліна. Падхопленая ветрам, яна выцягнулася ў доўгую нітку. Папраўдзе, што яго так трывожыць?
— А ў гэтым раёне што-небудзь абследуецца?
— Ды не, калі вы не абследавальнік, рабіце што хочаце, мне ўсё роўна.
— He, не, я не з інспекцыі.
Дзед нават не кіўнуў, павярнуўся да яго спіною і паволі пайшоў па грэбені дзюны, заграбаючы наскамі саламяных сандаляў.
Метраў за пяцьдзесят, відаць, чакалі дзеда, нерухома сядзелі на кукішках тры аднолькава адзетыя мужчыны. Калі яны паявіліся? У аднаго, здаецца, быў бінокль. Ён увесь час пакручваў яго на каленях. Дзед падышоў да іх, і ўсе ўчатырох пачалі пра нешта раіцца, шалёна адграбаючы пясок адзін у аднаго з-пад ног; здавалася, яны заспрачаліся.
Ён хацеў быў ужо ісці далей шукаць сваю муху, як, засопшыся, падбег дзед.
— Пачакайце, вы напраўду не з прэфектуры?
— З прэфектуры?.. Ды не, вы абазналіся.
«Ну хопіць», — вырашыў ён і падаў назойліваму дзеду візітную картачку. Мыляючы губамі, той доўга яе чытаў.
— А-а, вы настаўнік...
— Бачыце, я зусім не звязаны з прэфектураю.
— Угу, значыць, вы настаўнік...
Нарэшце ён, здаецца, зразумеў; прыжмурыўшыся і трымаючы картачку ў выцягнутай руцэ, дзед вярнуўся да астатніх. Візітная картачка нібыта іх супакоіла. Яны падняліся і пайшлі.
Аднак дзед зноў вярнуўся.
— Ну, а цяпер што вы збіраецеся рабіць?
— Шукаць насякомых буду.
— Але ж вы спазніліся на апошні аўтобус.
— А тут я нідзе не змог бы пераначаваць?
— Пераначаваць? У гэтай вёсцы? — На твары ў старога нешта зварухнулася.
— Ну, калі тут нельга, пайду ў суседнюю.
— Пойдзеце?..
— А я, папраўдзе, нікуды асабліва не спяшаюся...
— He, не, навошта вам лішні клопат... — Дзед стаў раптам паслужлівы і гаваркі: — Самі бачыце, вёска бедная, ні аднае людскае хаты няма, але, калі вы не пярэчыце, я памагу, закіну за вас слоўца.