Выбрать главу

Не падобна, што ён задумаў нешта благое. Яны, напэўна, нечага баяцца, — можа, чакаюць чыноўніка з прэфектуры, які павінен прыехаць з праверкаю. Цяпер іх страх рассеяўся, і яны зноў прыветлівыя рыбакі.

— Буду вельмі ўдзячны... Некалі аддзякую вам. Я дык, папраўдзе, люблю прыпыняцца ў такіх вось сялянскіх хатах.

4

Зайшло сонца, вецер крыху прыціх. Мужчына блукаў па дзюне да таго часу, пакуль можна было пазнаваць узоры, вычарчаныя ветрам на пяску.

Улоў, увогуле, небагаты.

Цвыркун і белавусая вухавёртка з атрада прамакрылых.

Салдацікі і яшчэ адно насякомае, — ён дакладна не помніў назвы, але таксама разнавіднасць салдацікаў.

З цвердакрылых, якіх шукаў, — толькі даўганосікі і даўганогія пісьманосцы.

I не трапілася ніводнага экземпляра з сям’і мух, якія, папраўдзе, і былі мэтаю паездкі. Можа, заўтрашнія трафеі і прынясуць радасць...

Ад зморанасці перад вачыма ў яго плавалі нейкія цьмяныя блікі святла. Раптам ён міжвольна прыпыніўся і стаў узірацца ў паверхню цёмнае дзюны. Тут нічога ўжо не паправіш: усё, што рухалася, здавалася яму шпанскаю мушкаю.

Дзед, як і абяцаў, чакаў яго каля праўлення арцелі.

— Даруйце мне...

— Ды што вы. Абы вам спадабалася...

У праўленні, мабыць, пра нешта раіліся. Чацвёра ці пяцёра мужчын сядзелі кругам, чуцён быў смех. Над ганкам вісела вялікае палотнішча з надпісам: «Будзь верны духу любові да радзімы». Дзед буркнуў нешта — і смех адразу сціх. Быццам нехаця ён пайшоў наперад, мужчына — за ім. Укрытая ракавінкамі дарога ярка бялела ў густым змроку.

Нарэшце падышлі да аднае ямы каля самага грэбеня дзюны. Тут вёска канчалася.

Яны павярнулі направа, на вузкую сцежку, што збягала ад грэбеня дзюны ўніз, праз нейкі час дзед нырнуў у цемру, пляснуў далонямі і гукнуў:

— Гэй, бабуля, дзе ты?

Унізе, проста пад нагамі, у апраметнай цемры паявіўся ліхтар і пачулася:

— Тут, я тут... Лескі каля мяшкоў.

Праўда, гэтага абрыву без лесак не адолееш. Тры хаты, як тая ўнізе, можна, напэўна, паставіць адну на адну. Нават з лескамі нялёгка туды дабрацца. Схіл амаль стромы, а днём жа, ён добра помніць, здаваўся зусім пакатым. Лескі ненадзейныя, звязаны з розных вяровак, і, калі страціць раўнавагу, яны заблытаюцца дзе-небудзь пасярэдзіне. Усё роўна што жыць у натуральнай крэпасці.

— Ні пра што не трывожцеся, адпачывайце...

Дзед не спускаўся ўніз, пастаяў крыху і пайшоў.

Мужчына з ног да галавы быў абсыпаны пяском, і яму раптам здалося, што ён вярнуўся ў сваё дзяцінства. Жанчыну, якая сустрэла яго з ліхтаром, назвалі бабуляю, і ён ужо паспеў уявіць старую кабету, але перад ім стаяла прыемная маладзіца, невысокага росту, гадоў трыццаць якой. Яна, відаць, пудрылася, бо ў жанчыны, якая жыве каля мора, твар не можа быць такі белы. А ўвогуле, ён быў удзячны ёй за тое, што яна сустрэла яго прыветліва, са шчырай радасцю.

Між іншым, калі б не гасцінна сустрэлі, ён не змог бы прымусіць сябе пераступіць парог гэтай халупы. Ён, напэўна, адразу ўцёк бы, вырашыўшы, што яго ашукваюць. Сцены аблупіліся; замест фусума[1] віселі цыноўкі; падпоры, якія трымалі страху, перакасіліся; усе вокны забіты дошкамі; саламяныя маты, якімі быў высланы ток, спарахнелі і, калі на іх ступаеш, ляпалі, як мокрая губка. I яшчэ да ўсяго гэтага — нейкі агідны пах запечанага пяску.

Але ўсё залежыць ад настрою. Яго абяззброіла жаночая ветлівасць. Нічога, казаў ён сабе, такое здараецца раз у жыцці. А раптам пашанцуе і ўдасца напаткаць якое-небудзь цікавае насякомае. Ва ўсякім разе, у такіх мясцінах насякомыя жывуць і радуюцца.

Прадчуванне не падманула яго. Не паспеў ён сесці, дзе яму прапанавалі, каля агнішча, выкапанага проста на таку, як пачулася шастанне, быццам сыпануў дождж. Гэта былі плоймы блох. Ды гэтым яго не напалохаеш. Энтамолаг заўсёды падрыхтаваны да такіх нечаканасцей. Трэба толькі адзенне спадыспаду перасыпаць ДДТ, а непрыкрытыя мясціны на целе нацерці маззю ад насякомых.

— Я гатую паесці, дык вы пакуль... — жанчына нагнулася і ўзяла лямпу, — пацярпіце крышку без святла.

— А ў вас што, толькі адна лямпа?

— На жаль, адна...

Яна вінавата ўсміхнулася — на левай шчацэ паявілася ямачка. У яе вельмі прывабны твар, падумаў ён. Толькі выраз вачэй нейкі дзіўны. Гэта, можа, праз хваробу. Чырвані павекаў не магла прыхаваць нават пудра. Каб не забыцца перад сном закапаць у вочы каплі...

— А да яды мне хочацца выкупацца.