Выбрать главу

Учора ўвечары пастаялец уваліўся ў хату ў абдымку зь нейкім лысым. Усенькую ноч пастаялец і лысы аб нечым зацята спрачаліся – Мірон Пятровіч падпіхваў госьцю жмутак паперын, той адпіхваў, і толькі на золку, пад роспачную Міронаву кляцьбу сёньня ж ліквідаваць недаробкі, лысы таропка расьпісаўся ў паперах.

- Во храпіць! - азвалася за сьпінаю Агата. – І хату разваліць. Пабудзіў бы, ці што?

- Сьпі ты, кароста, - буркнуў дзед Яўхім і наструніў слых: пад тапчаном, на якім спаў кватарант, пачуўся няўцямны сьвіст і нехта ахрыплым голасам замармытаў:

- Трэці, трэці, адкажыце чацьвертаму.

«Трэці» схрапянуў на астачу, пакутлліва войкнуў і, пашнарыўшы рукою пад ляжанкай, выцягнуў адтуль чорную скрыню рацыі.

Рацыя тая (фінская, фірмы «Нокія» – як тлумачыў уладальнік) мела звычку брыдка лаяцца, таму пастаялец хаваў яе далей ад бабчыных вачэй, запіхваючы пад ляжанку.

- Ты Радзян... кх! Ты Радзянка? - Мірон Пятровіч керхануў, але голас ягоны так і не прарэзаўся. – Колькі на маномэтры? Пяцьдзесят?! Пампуй яшчэ пяць ачкоў, і годзе... І гані тэхніку на саракавы пікет.

Скончыўшы размову, Мірон Пятровіч войкнуў, памацаў далоньню патыліцу, няўпэўненай хадою пасунуўся да дзьвярэй.

- Ой, бляха, - адно і пасьпеў сказаць прараб, дыхнуўшы паветра, тым часам як у сьпіну яму баднула сівая дзедава галава.

- Што ж вы, Пятровіч... паелі, папілі і хвастом накрыліся? - яшчэ ад парога пачаў стары. – Мы да вас як да сына, а вы...

Пятровіч уважліва зірнуў на старога, выцер пот з ілба і, зразумеўшы, аб чым гаворка, гарачай рукою абхапіў дзедавы плечы.

- Дзеду... Дарагі ты мой чалавек! - расчулена прамовіў Мірон Пятровіч. – Газу ж таго яшчэ і ў трубе няма. Сёньня толькі пнэўмавыпрабаваньні скончылі. – Прытуліўшы дзеда да грудзіны, Мірон Пятровіч паказаў рукой на рэшткі вялікай кучы перагною, які меліся раскідваць па трасе і які дзед Яўхім перацягнуў у начоўках на сваю цяпліцу.

- Вунь, бачыш гумус на рэкультывацыю? Дык вось, я туды вывеў трыста мэтраў трубы ад газаправоду. Так што засталося толькі падключыцца., - Мірон Пятровіч кемлівым вокам агледзеў гародчык. – Давядзецца крыху папсаваць твае соткі – пракапаем празь іх траншэю. Так што зьбірай ураджай! - Пастаялец ляпнуў дзеда па плячы і жвавым подбегам рушыў за хляўчук.

Паваліўшы агароджу, канавакапальнік з натужлівым рокатам узьехаў на лёхі, і хаця гуркі былі даўно сабраныя, бабця Агата заламала рукі:

- А мае ж вы гурочкі-і! А ці ж ня я вас садзіла-палівала-а!

- Сьціхні ты, кароста! - крыкнуў, як адрэзаў, дзед Яўхім, неадрыўна пазіраючы на загарэлы прарабаў плех. Пастаялец, абкруціўшыся гумовымі шлянгамі, як утаймавальнік пітонамі, цягнуў іх па дне траншэі, і на паверхні тырчэла толькі ягоная галава.

- Хадзема сюды! - гойкнуў неўзабаве Мірон Пятровіч аднекуль з разьлеглай яміны, ад якой пачыналася траншэя.

Стары патрухаў на покліч.

- От, бачыш, труба з засоваю? - Мірон Пятровіч ухапіўся рукой за ржавую трубу, што вытыркалася зь зямлі, павярнуў кран. Ён яшчэ нешта казаў, але голас ягоны заглушыла злавеснае сыканьне. Закруціўшы кран, пастаялец задаволена пасьміхнуўся: - Чуеш, як прэ? Рабочы ціск пяцьдзесят атмасфэр!

Насунуўшы канец шлянга на трубу, прараб намёртва прыхапіў іх сталёвым дротам.

А ўвечары ўсе чатыры фаеркі дзедавай пліты шугалі блакітным полымем і над усімі чатырма смажылася, страляючы тлушчам, апэтытная сьвежаніна.

У першы дзень кастрычніка, акурат праз тыдзень па ад’езьдзе Мірона Пятровіча, чатыры блакітныя вогнікі, што ўдзень і ўначы гарэлі над фаеркамі, пачалі тухнуць. І як не круціў дзед Яўхім краны, як ні стукаў дрыготкімі пальцамі па медзянай рурцы, усё было марна: вогнікі наўвоч марнелі, а напрыканцы дня патухлі зусім.

Цэлы тыдзень дзед бязмэтна блукаў па падворку, па колькі разоў на дні заглядваў у пусты парсючыны закутак, у кладоўку, якая яшчэ зусім нядаўна ламілася ад кумпякоў і кілбас, а згледзеўшы на бруднай падлозе парсючыныя сьляды ды пустыя крукі пад стольлю, жаласьліва войкаў:

- Вось гэта лоўка!

Пэўнага ранку, зьліўшы з каністраў рэшткі «вогненнай вады», дзед Яўхім выправіўся ў мястэчка, да знаёмых хлопцаў зь «Сельгастэхнікі». Хлопцы пачастунак прынялі, але направіць сыстэму адмовіліся – складаная, - сказалі, - тэхніка. Да таго газаправоду і падыходзіць страшна.