Выбрать главу

- Лёха, трымайся!

Дзядзька падняўся на ногі, неяк дзіўна павёў вачамі і, выгукнуўшы штосьці няўцямнае, шпурнуў недапітую бутэльку. Страшны ўдар падхапіў, сыпануў у птушыныя вочы жменю зыркіх іскраў, закруціў у гарачкавым каламутным віры. Ужо непрытомны, крумкач адчайна распасьцёр крылы, прачыкільгікаў на перабітай лапцы, ратуючыся ад нясьцерпнага болю, і, зачапіўшыся за нешта, распластаўся на мяккім, халаднавата-расяным шыльніку. У вушах яшчэ гучала гамонка, сьпевы, потым усё сьціхла, і душу спавіло гарачае млоснае забыцьцё.

Крумкач ачуўся на золку. Абапіраючыся на здаровае крыло, ён дацягнуўся да збуцьвелага грыба, у брыльку якога сабралася кропля вільгаці, і, каўтнуўшы гаючага халадку, сьлёзна паглядзеў угору. На бэзавым купале сусьвету згасалі зоркі. Зоркі цьмянелі, аддаляліся, і вось апошняя зь іх астылаю ясачкай зьнікла ў бездані чорнага неба. Разам з зоркамі згасала і крумкачовае жыцьцё.

… Сон на імгненьне абрываецца, сьвядомасьць цёплаю хваляй падкочваецца да сэрца і, дыхнуўшы пошумам залевы, незваротна адступае. Галава кружыцца ад незнаёмых пахаў, сьляпучага сьвятла, ад пякельнай болесьці, што распаленай дзідай працінае істоту.

Ён спрабуе паварушыцца.

- Сядзі, сядзі, а то крыва зрасьцецца, - гучыць над галавой, і крумкач сьцішваецца, ачмурэла пазіраючы, як цёплыя чалавечыя пальцы абкручваюць лапку анучкай. Нехта вялікі і белы стаіць збоку, лашчыць яго, потым адыходзіць, і недзе непадалёку цурчыць вада.

- Ну, хлопцы, забірайце свайго крумкача!

Купка маленькіх людзей упырхвае ў пакой.

- Дык, кажаце, на экскурсіі знайшлі? – чалавек у белым выцірае рукі касматым ручніком.

- На экскурсіі, у лесе! – бязладна гамоніць чародка. – Ляжаў і не варушыўся, толькі сэрца білася. Ну, мы яго адразу сюды, на вэтпункт, - адказаў за ўсіх рухавы белагаловы хлапчук.

- Гэта вы добра зрабілі, - вусны чалавека кранула ўсьмешка. – Памятаю, калі я вучыўся, у нас таксама крумкач быў – Яшам звалі. Час, ведаеце, цяжкі быў, па вайне адразу, але мы Яшу ня крыўдзілі, нават булкамі частавалі.

Сказаўшы так, чалавек уздыхнуў, прыгадваючы штосьці, і, выцягнуўшы хусьцінку, таропка працёр шкельцы акуляраў.

- І мы Яшу не дамо ў крыўду! – грымнула чародка, а крумкач, сабраўшы рэшткі сіл, удзячна гракнуў у адказ.

Так пачалося ў Яшы гарадзкое жыцьцё.

Бясконцымі гадзінамі ён сядзеў на фарбаваным пні і глядзеў на выцьвілы лапік неба. Маленькі, аблямаваны зіхотка-шэрай намаразьзю лапік той быў адзінаю повязьзю з былым сьветам, вялікім і чароўным сьветам, абляцець які не хапіла б і крумкачовага жыцьця і які ператварыўся раптам у задушлівы, хоць высалапі язык, катух. Катух меў гучную назву “жывы куток” і быў апошнім прытулкам аблезлай вавёрцы, гарапашнаму вожыку, двум хамякам ды нейкім стракатым птушкам, якім сядзець у клетцы было даспадобы і якія несупынна цвыркалі, радуючыся ўежнаму жыцьцю. Ад гэтага цвырканьня ў крумкача часта балела галава, і тады ён гучна гракаў, заклікаючы цвыркуноў аціхнуць.

Але каго Яша незалюбіў па-сапраўднаму, дык гэта рабаціністую цётку, што раз-поразу зьяўлялася ў кутку, аточаная збоем першаклясьнікаў.

Зьяўленьні гэтыя называліся экскурсіямі.

- Ой, як яны расшчабяталіся, - яшчэ ад дзьвярэй зьвягала цётка, а ў крумкача ад таго воклічу, прынамсі, на тыдзень зьнікаў смак да едзіва. Падкаціўшы да клеткі, цётка кідала стракатым недарэкам жменю зярнят і, павёўшы рабаціністым носам, пачынала:

- Гэтыя прыгожыя птушкі, дзеці, называюцца канарэйкамі і жывуць на далёкіх Канарскіх выспах. Вы чулі, як яны сьпяваюць?

- Чулі, - адказвалі вучні, і цётка задаволена ківала.

- Самец і саміца, дзеці, розьняцца па экстэр’еры. Вось бачыце, у самца сьпінка зялёная, а грудка жоўтая.

Цётка прапіхвала між прэнтаў доўгі кій, паказваючы на перапуджанага самца, а вучні выцягвалі шыі, намагаючыся ўбачыць экстэр’ер.

Ад канарэек выправа ішла да фарбаванага пня.

- А гэта, - доўгі кій тыцкаў крумкачу ў дзюбу, - усім нам вядомы крумкач. Крумкачы, дзеці, птушкі непераборлівыя, таму ўзімку іх можна сустрэць на сьметніках ды памыйніцах.

На хвілю цётка перапынялася, чухала кіем свой нос, пасьля чаго шурпаты голас ізноў казытаў крумкачовыя нэрвы.

- Птушкі гэтыя – вялікія аматары блішчастых цацак. Вось глядзіце… - Рука з залатымі пярсьцёнкамі блізілася да вачэй, і Яша хапаў цётку за палец.

- Крумкачы, дзеці, цягнуць у гнёзды літаральна ўсё, што блішчыць: грошы, пацеркі, пярсьцёнкі, кавалкі шкла. Аднойчы нават бачылі крумкача з кухонным нажом у дзюбе…

Яша паныла апускаў галаву і больш ня слухаў цётчынай балбатні.