Выбрать главу

Аднаго разу цётка прывяла на экскурсію кучаравага даўгялу ў спартыўным гарнітуры. Даўгяла, несучы перад сабою цяжкую чорную скрыню, крадком зайшоў у куток і, замест таго каб ісьці глядзець канарэек, роспачна замармытаў:

- Глаша, я больш так не магу… Я ўжо нічога не баюся… Я заб’ю яго!

- Каго, Абакумчык? – азвалася цётка, прымаючы з рук наведніка скрыню і ставячы яе на стол.

- Твайго мужа!

Рабаціністая залілася дробным сьмехам, а Яша, якому паводзіны экскурсанта падаліся падазронымі, тым часам гучна гракнуў.

Даўгяла, што ўткнуўся быў носам у цётчыну шыю, спуджаным пеўнем матлянуўся да дзьвярэй.

- Супакойся, Абакумчык, нікога ня бойся! – сьпеўна прамовіла цётка і, укруціўшы ў скрыню аркуш паперы, запытала: - Дык што, у аблана накіроўваем?

Неўзабаве яна замалаціла пальцамі па клявішах, а яе сябрук, правёўшы рукой па мокрым лабешніку, пачаў мераць катух ашчадным крокам, дыктуючы дзіўшыя аповеды пра маральную няўстойлівасьць дырэктара школы.

Зрэдку катух наведвалі Пецька з дружбакамі. Гэта ён, белагаловы Пецька, знайшоў яго тады на ўзьлесьсі. Убачыўшы сяброў, Яша лапатаў здаровым крылом і штосілы кракаў:

- Прывітаньне, хлопцы!

Хлопцы лашчылі яго, частавалі пражаным гарохам і хвалілі за кемлівасьць.

“Што кемлівасьць, калі ня ўмею гаманіць па-людзку”, - са скрухаю думаў крумкач, а скончыўшы з пачастункам, браўся за вывучэньне чалавечай мовы.

- Яша, скажы: “Карл у Кляры ўкраў каралі…” Ну!

Ён чыстьціў дзюбу і гучна паўтараў: - Каррл!

- Карл! Уккррал!

- Карл! Украў!

Цёплае сакавіцкае сонца, зарапад кропель-зьнічак, што ляціць з высокіх капяжоў, і вясёлы сьмех дзятвы поўніць крумкачовую душу нясьцерпнаю радасьцю.

- Гляньце, Яша на фортцы! Яша, ляці да нас!

Срэбразычны званок працінае дрыготкае паветра і, паблукаўшы ў закутках двара, ляціць у высокі блакіт. Забыўшыся на ўрокі, вучні зачаравана глядзяць на адчыненую фортку, і, калі Яша сасьлізгвае долу, школьны двор скаланае магутнае “ўра!”

Крыло страшэнна шчыміць, але ён ня чуе болю.

- Карл! Украў! – галёкае крумкач. Яму вельмі хочацца, каб людзі зразумелі, якое гэта вялікае шчасьце – вырвацца з задушнага катуха, распасьцерці крылы і паляцець над весьняю зямлёй.

Ненароджаны крык перацяў дыханьне, і Яша прачнуўся. Колькі часу ён сядзеў з прыплюшчанымі вачамі і слухаў дрымотную цішу, у нетрах якой нараджаліся сумныя, цягуткія, як ліпеньская жывіца, зыкі, - гэта ціўкалі, сарваўшыся са змакрэлай столі, кроплі нядаўняй залевы. Знадворку дождж даўно аціх, а тут, у кардонавай скрыні, што тулілася на даху школьных майстэрань, усьцяж крапала. Расплюшчыўшы вочы, Яша выпрастаў зьнямелую лапку, пацягнуўся, нетаропка выйшаў з хаткі.

Гмах школы, чорны, падобны да вялізнай жывёлы, глядзеў у ноч адзіным асьветленым вакном, у жоўтай яснасьці якога рухавай зрэнкай варушылася нечая постаць. Крумкач падляцеў да вакна, скочыў на падваконьне і толькі тады пазнаў дырэктара – той сядзеў пры стале і па старой завядзёнцы вадзіў рукой па белай паперыне. Сьвятло выхоплівала зь цемры пацёхканы партфэль, які стаяў ля сьцяны, і Яша, падумаўшы між іншым, што што ў партфэлі можа ляжаць што-небудзь смачнае, зь нецярплівасьцю пастукаў у шыбу. Адарваўшыся ад папер, дырэктар зірнуў цераз плячук.

- Чаго, Якубе, ня сьпіш, людзей пужаеш! – запытаўся ён праз хвіліну, бразнуўшы просвамі.

Крумкач скочыў у адчыненае вакно, вінавата азірнуў кабінэт.

- Згаладнеў? – дырэктар пасьміхнуўся, ляпнуў па кішэні, шукаючы якіх крыхотак. – Не сядзелася ў “жывым кутку”… Зьбег… Даканала, пэўна, Глафіра Ягораўна?

Яша кіўнуў дзюбаю.

- Нічога, браце, не цябе аднаго, - тым часам кабінэт напоўнілі дзіўныя зьвінючыя зыкі, і дырэктар, кінуўшы кароткае “Нарэшце!”, рушыў да тэлефону.

- Пятро?! Гэта я, Іван, - гукнуў ён, прыціскаючы да вуха слухаўку. – Выбачай, што так позна, удзень да цябе не датэлефанавацца, - дырэктар пацёр далоньню грудзіну.

- Карацей, я напісаў заяву… - у гэты момант слухаўка незадаволена зумкнула. – Так-так… Аб сыходзе на пэнсію, - гэтым разам у трубцы штосьці зарыпела, і яна ізноў азвалася працяглым зумканьнем. – І рэч нават ня ў тых ананімках. Папросту я стаміўся – кажу гэта табе не як загадчыку аблана, а як сябру…

Намагаючыся ўцяміць, з кім гэта дырэктар размаўляе ў пустым кабінэце, Яша скочыў на стол і, умасьціўшыся на мініятурным бюсьце пэдагога Ўшынскага, занурыў дзюбу ў нейкую цёмную вадкасьць.

- Кінь пэцкаць паперу! Прэч ад стала! – прыціснуўшы слухаўку плечуком, дырэктар схапіў крылатага дуроніка, кінуў на падлогу.