Выбрать главу

- Прабач, гэта не табе. Гэта я тут… з адным таварышам. Ну, дык як, прыедзеш? – пачаў быў дырэктар акрыялым голасам, але Яша ізноў зьявіўся на чарнільным прыборы.

- Ваня! Што там у цябе? – зумкала пакінутая трубка, пакуль дырэктар лавіў Яшу і зачыняў вакно.

Калі ж размоўца прыціснуў, нарэшце, слухаўку да вуха і задыхана выгукнуў “Алё!”, абанэнт даверна і з разуменьнем справы запытаўся:

- Жанчына?

Наступным імгненьнем трубка жаночым голасам загадала: - Канчайце! – і азвалася кароткімі, рашуча нецярплівымі гудкамі.

Больш за ўсё на сьвеце Яша любіў сонечныя ранкі. Яшчэ зацемна ён узьлятаў на школьны дах і адтуль, зь верхавіны тэлевізійнай антэны, назіраў, як ружавее ўсход, як сонца, працяўшы неба гострымі дзідамі промняў, паволі ўздымаецца над небасхілам. А яшчэ ён любіў страчаць дзятву, якая шторанку гаманкім натоўпам ішла на заняткі. Яша кружляў па-над іхнімі галовамі, голасна крумкаў, і дзятва адказвала яму радасным лямантам.

Але неўзабаве надышло лета, вучні зь невядомай Яшу прычыне кінулі хадзіць на заняткі, і толькі сівы дырэктар па-ранейшаму ў адзін і той жа час сьпяшаў у школу. Згледзеўшы ягоную постаць, Яша ляцеў насустрач, ведаючы, што ў дырэктаравым партфэлі заўсёды знойдзецца які-небудзь пачастунак.

Рэшту дарогі яны ішлі разам – крумкач падскокам шыбаваў да школьнага ганка, а сьледам, хаваючы ўсьмешку ў сівыя вусы, цяжкою хадою ішоў дырэктар.

Вось і гэтым ранкам Яша страчаў сьвітаньне, седзячы на верхавіне тэлевізійнай антэны. Наўкол было ціха: не трымцела парыжэлай лістотай гаманкая таполя, птушкі ня ціўкалі ў застрэшшы, і нават нястомны гудзьбіт – тэлеграфны слуп не гудзеў, сьцішыўся да часу, па самы верх зашыўшыся ў шары вэлюм ранішняй смугі. І ружавела неба на ўсходзе, і прасьвецьці між дрэваў поўніліся гарачым пунсам, і сонца, сьлізгануўшы па гонкіх, колеру адшараванай медзі, хваёвых ствалах, паволі ўздымалася над зубчастай выцінанкай гарадзкога лесапарку. Колькі бясконца доўгіх ценяў беглі за далягляд, над лазьнева-пральным камбінатам узьнялася аблачынка пары, і да саладжавага паху таполевай лістоты дамяшаўся ўстойлівы пах гомельскага мыла, выпетраных венікаў і польскай парфумы “Ўрода”. І вось ужо дзесьці зарыпелі дзьверы, у застрэшшы школьных майстэрань усчалі вэрхал маладыя вераб’і, а па гулкім, кранутым пяшчотнай ружавізною асфальце загрукалі боты першага прахожага, які валок на карку скрутак поліэтылену.

Яша ўзьняўся ў паветра, крылы ягоныя зь лёгкай радасьцю разрэзалі пахкае паветра, а сэрца крумкачовае зазьвінела ад шчасьця. Прагнучы падзяліцца гэтай радасьцю быцьця з прахожым, ён плюхнуўся на даўжэзны скрутак і штосілы гракнуў: “ Украў!”

- Кыш, каб цябе парвала! – дзядзька спалохана прысеў і так імпэтна страсянуў скрутак, што пацёрты капялюш зваліўся зь ягонай галавы і, падхоплены ранішнім ветрыкам, пакаціўся ў бліжэйшую лужыну. Пунсовае сонца адбілася ад дзядзькавага плеху, і Яша, пазнаўшы харобрага Лёху, роспачна кінуўся ў кірунку да лазьні.

Блізу двух гадзін крумкач сядзеў на лазенным коміне і чысьціў зь перапуду парадзелыя пёры. Невядома, колькі б ён яшчэ там адсядзеў, калі б не пачуў раптам лагоднага дзіцячага сьмеху. Дзятва, што высыпала з пад’езду шэрага пяціпавярховіка - з клункамі, з пукамі чырвоных кветак, - гамузам рушыла па вуліцы.

“Куды гэта яны?” – зьбянтэжыўся быў Яша, але ў той жа момант убачыў сярод сьціжмы вучнёўскіх галоў бялявую галаву сябра.

- Пеця! – гракнуў ён, зрываючыся з коміну.

- Яша! Яша прыляцеў! – грымнула дзятва, а крумкач, даўшы кругаля над вучнёўскай сябрынай, скочыў на плячук шасьціклясьніка Бяляцкага.

- А нашай школе трыццаць гадоў! Нас будуць здымаць на тэлебачаньне.

І Яша, які цэлае лета ня бачыў сяброў, бліснуў пацеркамі вачанят і радасна залапатаў крыламі.

Над школьным дваром, у прадоньні яшчэ цёплага неба, кружлялі танюткія павуцінкі. Яны вясёлкава зіхцелі на сонцы, здавалася, напята зьвінелі, а пачапіўшыся да сьвяточна-белых стужак, казыталі шчасьлівыя тварыкі першаклясьніц. Адна з павуцінак апавіла чорную дулю мікрафона, і, перш чым сказаць словы вітаньня, Глафіра Ягораўна зь нейкім дзіўным спакоем цікавала за яе трымценьнем.

Глафіра Ягораўна, жанчына энэргічная і паважная, мела зычны голас, апрача таго яна пісала вершы, якія друкавала ў раённай газэце, і таму адкрыць сьвята было даручана менавіта ёй.

Удыхнуўшы паветра, яна зірнула на свой адбітак у аб’ектыве тэлекамэры і ўсхвалявана прамовіла:

- Дарагія сябры! Перш чым даць слова нашым гасьцям, - Глафіра Ягораўна няўзнак зірнула на загадчыка аблана, што прыехаў на сьвята, - я хачу прачытаць новы верш, які напісаўся сягоньня ноччу і які прысьвячаю трыццатай гадавіне нашай школы.